Герберт Уэллс - Чалавек-невiдзiмка (на белорусском языке)
Скачивание начинается... Если скачивание не началось автоматически, пожалуйста нажмите на эту ссылку.
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.
Описание книги "Чалавек-невiдзiмка (на белорусском языке)"
Описание и краткое содержание "Чалавек-невiдзiмка (на белорусском языке)" читать бесплатно онлайн.
Праз хвiлiну чалавек схаваўся за адной з вiл на схiле ўзгорка. Яшчэ праз хвiлiну ён зноў з'явiўся ў прасвеце памiж двума дамамi, затым зноў схаваўся i зноў паказаўся, i так тры разы, пакуль не знiк зусiм.
- Аслы! - сказаў доктар Кемп i, павярнуўшыся, зноў накiраваўся да пiсьмовага стала.
Але тыя, каму давялося быць у гэты час на дарозе i блiзка бачыць чалавека, якi бег, бачыць дзiкi жах на яго мокрым ад поту твары, тыя не падзялялi пагардлiвага скептыцызму доктара. Чалавек уцякаў, i ад яго пры гэтым далятаў звон, як ад туга набiтага кашалька, якi кiдаюць або туды, або сюды. Ён не аглядваўся нi направа, нi налева, але глядзеў расшыранымi вачыма проста перад сабой, туды, дзе каля падножжа ўзгорка адзiн за адным успыхвалi лiхтары i тоўпiўся на вулiцы народ. Нiжняя скiвiца ў яго адвiсла, на губах выступiла густая пена i дыхаў ён хрыпла i гучна. Усе прахожыя спынялiся, пачыналi аглядваць дарогу i з прыкметным хваляваннем распытвалi адзiн аднаго, чым могуць быць выклiканы такiя паспешлiвыя ўцёкi.
Раптам воддаль, амаль на вяршыне ўзгорка, сабака, якi гарэзнiчаў на дарозе, заскуголiў, кiнуўся ў падваротню i, пакуль прахожыя дзiвiлiся, мiма iх пранеслася штосьцi, - не то вецер, не то шлёпанне ног, не то шум цяжкага дыхання.
Людзi закрычалi. Людзi кiнулiся ў бакi. З лямантам пабеглi пад гару. Iх крыкi ўжо чулiся на вулiцы, калi Марвел быў яшчэ на сярэдзiне ўзгорка. Яны разбягалiся па дамах, лiхаманкава зачынялi за сабой дзверы i, ледзьве аддыхаўшыся, паведамлялi страшэнную вестку. Марвел чуў бразганне дзвярэй i рабiў апошнiя адчайныя намаганнi.
Жах пранёсся мiма яго, абагнаў яго i ў адно iмгненне апанаваў увесь гарадок.
"Невiдзiмка iдзе! Невiдзiмка!.."
Раздзел XVI
У ШЫНКУ "ВЯСЁЛЫЯ КРЫКЕТЫСТЫ"
Шынок "Вясёлыя крыкетысты" знаходзiцца каля самага падножжа ўзгорка, дзе пачынаецца лiнiя конкi. Гаспадар, абапершыся тоўстымi чырвонымi рукамi аб стойку, размаўляў пра коней з худасочным рамiзнiкам, а чорнабароды чалавек, апрануты ў шэрае, аплятаў сухары з сырам, пацягваў вiно i размаўляў з палiсменам, якi толькi што змянiўся з дзяжурства. Мяркуючы па акцэнце, гэта быў амерыканец.
- Што гэта за крыкi? - сказаў рамiзнiк, раптам перапынiўшы размову i стараючыся паверх бруднай жоўтай фiранкi на нiзенькiм акне шынка разгледзець дарогу, што цягнулася ўверх па ўзгорку. Хтосьцi прабег па вулiцы мiма дзвярэй.
- Ужо цi не пажар там? - сказаў гаспадар.
Пачулiся крыкi, якiя прыблiжалiся: хтосьцi цяжка бег. З шумам расчынiлiся дзверы, i ў пакой уляцеў раскудлачаны Марвел без капелюша i з разарваным каўняром, ён плакаў. Сутаргава павярнуўшыся, ён паспрабаваў зачынiць дзверы, але рэмень утрымлiваў iх прачыненымi.
- Iдзе! - завiшчаў Марвел не сваiм голасам. - Ён iдзе. Невiдзiмка! Гонiцца за мной. Богам прашу... Выратуйце! Выратуйце! Выратуйце!
- Зачынiце дзверы, - сказаў палiсмен. - Хто iдзе? У чым справа? - Ён падышоў да выхадных дзвярэй, адчапiў рэмень, i дзверы зачынiлiся. Амерыканец зачынiў другiя дзверы.
- Пусцiце мяне за стойку, - сказаў Марвел, дрыжучы i плачучы, але моцна прыцiскаючы да сябе кнiгi. - Пусцiце мяне. Схавайце мяне дзе-небудзь. Кажуць вам, ён гонiцца за мной. Я ўцёк ад яго. Ён сказаў, што заб'е мяне. I заб'е.
- Вам нечага баяцца, - сказаў чорнабароды. - Дзверы зачынены. А ў чым справа?
- Схавайце мяне, - паўтарыў Марвел i раптам завiшчаў ад страху: уваходныя дзверы затрэслiся ад моцнага ўдару, i знадворку пачулiся паспешлiвы стук i крыкi.
- Эй! - закрычаў палiцэйскi. - Хто там?
Мiстэр Марвел, як вар'ят, забегаў па пакою ў пошуках выхада.
- Ён заб'е мяне! - крычаў ён. - У яго нож! Богам прашу!..
- Вось, - сказаў гаспадар, - iдзiце сюды. - Ён адкiнуў дошку, i мiстэр Марвел кiнуўся за стойку. Стук у дзверы аднавiўся.
- Не адчыняйце яму! - закрычаў мiстэр Марвел. - Калi ласка, не адчыняйце! Куды мне схавацца?
- Дык гэта, значыць, Невiдзiмка? - спытаўся чорнабароды, заклаўшы адну руку за спiну. - Я думаю, пара ўжо i паглядзець на яго.
Раптам акно шынка разляцелася на друзачкi i звонку ўзнялiся крыкi i беганiна. Палiсмен, стаўшы на лаўку i высунуўшы галаву ў акно, стараўся разгледзець, што робiцца каля дзвярэй. Потым злез i сказаў, здзiўлена падняўшы бровы:
- Гэта ён.
Гаспадар пастаяў перад дзвярыма ў суседнi пакой, куды схавалi мiстэра Марвела, паглядзеў на разбiтае акно i падышоў да сваiх наведвальнiкаў.
Усё раптам зацiхла.
- Шкада, што ў мяне няма з сабой дубiнкi, - сказаў палiсмен, нерашуча падыходзячы да дзвярэй. - Як адчынiм дзверы, дык ён цяпер i ўвойдзе. Нiчым яго не спынiш.
- А вы не вельмi спяшайцеся адчыняць, - баязлiва сказаў худасочны рамiзнiк.
- Адсуньце завалу, - сказаў чорнабароды. - Няхай толькi ўвойдзе... - i ён паказаў рэвальвер, якi трымаў у руцэ.
- Гэта няварта, - сказаў палiцэйскi. - Гэта ж можа быць забойства.
- Я ведаю, у якой краiне знаходжуся, - запярэчыў чорнабароды. - Я буду цэлiцца ў ногi. Адсуньце завалу.
- А калi вы трапiце мне ў спiну? - сказаў гаспадар, выглядаючы з-пад фiранкi на вулiцу.
- Добра, - сказаў чорнабароды i, нахiлiўшыся, сам адсунуў завалу, трымаючы рэвальвер напагатове. Гаспадар, размiзнiк i палiсмен павярнулiся да дзвярэй.
- Уваходзьце, - нягучна сказаў чорнабароды, адступаючы на крок i гледзячы на дзверы; рэвальвер ён трымаў за спiной. Але нiхто не ўвайшоў i дзверы не адчынiлiся. Калi праз пяць хвiлiн другi рамiзнiк асцярожна зазiрнуў у шынок, усе яны стаялi ў чакальных позах, а з суседняга пакоя выглядвала бледная, спалоханая фiзiяномiя.
- Цi ўсе дзверы ў доме зачынены? - спытаўся Марвел. - Ён дзе-небудзь тут, вынюхвае. Ён жа хiтры як чорт.
- Бог ты мой! - усклiкнуў гаспадар. - А заднiя дзверы! Вы тут папiльнуйце. Вось жа... - Ён бездапаможна азiрнуўся. Дзверы ў суседнi пакой зачынiлiся, i ключ шчоўкнуў у замку. - А асобны ход! I дзверы ў двор...
Ён выбег з пакоя.
Праз хвiлiну ён вярнуўся з кухонным нажом у руках.
- Дзверы ў двор адчынены! - сказаў ён, i яго тоўстая нiжняя губа адвiсла.
- Можа, ён ужо ў доме, - сказаў першы рамiзнiк.
- У кухнi яго няма, - сказаў гаспадар. - Там дзве служанкi, i я па ўсёй кухнi прайшоў вось з гэтым нажом, нiводнага кутка не прапусцiў. Яны таксама гавораць, што ён не заходзiў. Яны нiчога не заўважылi...
- Вы замкнулi дзверы? - спытаўся першы рамiзнiк.
- Не маленькi, слава богу, - адказаў гаспадар.
Чорнабароды схаваў рэвальвер. Але ў тую ж секунду i стукнула адкiдная дошка стойкi, загрымела засаўка, гучна заскрыгатаў замок, i дзверы ў суседнi пакой адчынiлiся насцеж. Яны пачулi, як Марвел завiшчэў, быццам злоўлены заяц, i кiнулiся праз стойку да яго на дапамогу. Чорнабароды выстралiў, люстэрка ў суседнiм пакоi трэснула, асколкi са звонам разляцелiся па падлозе.
Увайшоўшы ў пакой, гаспадар заўважыў, што Марвел корчыцца i боўтаецца перад дзвярамi, якiя вялi цераз кухню ў двор. Пакуль гаспадар стаяў у нерашучасцi, дзверы адчынiлiся, i Марвел быў зацягуты ў кухню. Адтуль пачулiся крыкi i стук каструль, якiя падалi. Марвел, нагнуўшы галаву, упарта адступаў назад, але быў дацягнуты да дзвярэй у двор. Завала адсунулася.
Палiсмен, працiснуўшыся мiма гаспадара, забег на кухню разам з адным рамiзнiкам, i схапiў кiсць нябачнай рукi, якая трымала за каўнер Марвела, але тут жа атрымаў удар у твар, пахiснуўся i адступiў. Дзверы расчынiлiся, i Марвел зрабiў адчайную спробу схавацца за iмi. У гэты час рамiзнiк штосьцi схапiў.
- Я трымаю яго! - закрычаў рамiзнiк.
- Злавiў! - крыкнуў ён.
Мiстэр Марвел, выпушчаны з нябачных рук, упаў на падлогу i паспрабаваў прапаўзцi пад нагамi людзей, якiя барукалiся. Схватка перамясцiлася да дзвярэй. Упершыню пачуўся голас Невiдзiмкi - ён гучна ўскрыкнуў, таму што палiсмен наступiў яму на нагу. Потым пачуўся раз'юшаны рык, i Невiдзiмка запрацаваў кулакамi, нiбы цапамi. Рамiзнiк раптам завыў i скурчыўся, атрымаўшы ўдар пад дыхавiцу. Дзверы, што вялi ў пакой, зачынiлiся i прыкрылi адступленне мiстэра Марвела. Людзi тапталiся ў цеснай кухнi, пакуль не заўважылi, што яны змагаюцца з пустатой.
- Куды ён збег? - крыкнуў чорнабароды.
- Сюды, - сказаў палiсмен, выходзячы на двор, i спынiўся.
Кавалак чарапiцы праляцеў над самым яго вухам i ўпаў на кухонны стол, якi быў застаўлены пасудай.
- Я яму пакажу! - крыкнуў чорнабароды. Над плячом палiсмена блiснула сталь, i ў змрок, у той бок, адкуль была кiнута чарапiца, вылецелi адна за адной пяць куль. Страляючы, чорнабароды апiсваў рукой дугу па гарызанталi, таму кулi веерам клалiся ў цесным дворыку.
Наступiла цiшыня.
- Пяць куль, - сказаў чорнабароды. - Казырная гульня! Дайце лiхтар i пойдзем шукаць цела.
Раздзел XVII
НАВЕДВАЛЬНIК ДОКТАРА КЕМПА
Доктар Кемп працягваў пiсаць у сваiм кабiнеце, пакуль гукi стрэлаў не прыцягнулi яго ўвагу. "Паф, паф, паф", - шчоўкалi яны адзiн за адным.
- Ого! - усклiкнуў доктар Кемп, зноў прыкусiўшы ручку, якой толькi што пiсаў, прыслухоўваючыся! - Хто гэта ў Бэрдоку палiць з рэвальвера? Што яшчэ гэтыя аслы выдумалi?
Ён падышоў да паўднёвага акна, адчынiў яго i, высунуўшыся, стаў узiрацца ў начны горад - сетку асветленых вокнаў, газавых лiхтароў i вiтрын з чорнымi прамежкамi дахаў i двароў.
Подписывайтесь на наши страницы в социальных сетях.
Будьте в курсе последних книжных новинок, комментируйте, обсуждайте. Мы ждём Вас!
Похожие книги на "Чалавек-невiдзiмка (на белорусском языке)"
Книги похожие на "Чалавек-невiдзiмка (на белорусском языке)" читать онлайн или скачать бесплатно полные версии.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Отзывы о "Герберт Уэллс - Чалавек-невiдзiмка (на белорусском языке)"
Отзывы читателей о книге "Чалавек-невiдзiмка (на белорусском языке)", комментарии и мнения людей о произведении.