Джон Стейнбек - Гронкi гневу (на белорусском языке)
Скачивание начинается... Если скачивание не началось автоматически, пожалуйста нажмите на эту ссылку.
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.
Описание книги "Гронкi гневу (на белорусском языке)"
Описание и краткое содержание "Гронкi гневу (на белорусском языке)" читать бесплатно онлайн.
Ружа Сарона акiнула позiркам дарогу мiж палатак.
- Гэта жанчына, якая сказала, што я не данашу дзiця... - пачала яна.
- Перастань, - перарвала яе мацi.
Ружа Сарона цiха сказала:
- Вунь яна iдзе. Сюды, здаецца. Ага! Ма, не дазваляй ёй...
Мацi абярнулася i ўбачыла жанчыну, якая падыходзiла да iх.
- Добрага вам, - павiталася жанчына. - Я - мiсiс Сандры. Лiзбет Сандры. Ранiцай з вашай дачкой я ўжо бачылася.
- Дзень добры, - павiталася i мацi.
- Цi шчаслiвыя вы ў бозе?
- Нiчога, шчаслiвыя, - адказала мацi.
- Цi сыходзiла на вас ласка боская?
- Сыходзiла. - Твар у мацi быў зацяты, насцярожаны.
- Вось i добра, - сказала Лiзбет. - Грэшнiкi ўвабралiся тут у вялiкую сiлу. Вы трапiлi ў жудаснае месца. Кругом тут адно паганства. Паганыя людзi, паганыя ўчынкi. Шчырым хрысцiянам няма ўжо як цярпець. Навокал адны грэшнiкi.
Мацi крыху пачырванела, сцяла вусны.
- А як я пагляджу, людзi тут прыстойныя, - суха прамовiла яна.
Мiсiс Сандры вылупiла на яе вочы.
- Прыстойныя? - закрычала яна. - Хiба ж прыстойныя людзi будуць танцаваць у абнiмку? Кажу вам: у гэтым лагеры душу не выратуеш. Учора я была на малiтоўным сходзе ва Ўiдпэтчы. Ведаеце, што прапаведнiк нам гаварыў? Ён сказаў: "Лагер гэты - гнездзiшча бязбожнiкаў. Беднякi захацелi жыць, як багатыя! Iм, кажа, трэба лямантаваць i енчыць, замольваючы грахi, а яны танцуюць у абнiмку!" Вось што ён гаворыць. "Хто цяпер не з намi тут, той закаранелы грэшнiк", кажа. Як прыемна было яго слухаць. Мы ведалi, што нам не пагражае кара, мы ж не танцуем.
Мацi была ўся чырвоная. Яна памалу паднялася са скрынi i стала тварам у твар з мiсiс Сандры.
- Iдзi! - загадала яна. - Iдзi прэч зараз жа, пакуль я грэху на душу не ўзяла, не паслала цябе, куды трэба. Iдзi - лямантуй i енчы.
Мiсiс Сандры разявiла рот, потым падалася назад i раптам злосна прагаварыла:
- Я думала, вы добрыя хрысцiяне.
- А мы i ёсць такiя.
- Не, вы грэшнiкi, вам толькi ў пекле гарэць, усiм вам! Я ўсё раскажу на малiтоўным сходзе. Я ўжо бачу, як вашы чорныя душы гараць у пякельным полымi. I нявiннае дзiця ў яе чэраве таксама гарыць.
З вуснаў Ружы Сарона сарваўся працяглы немы крык. Мацi нахiлiлася i падняла з зямлi палку.
- Iдзi прэч! - сурова сказала яна. - I каб духу твайго тут не было. Такiх, як ты, я ведаю. Вы ўсё стараецеся апошнюю радасць у чалавека забраць. - Яна iшла проста на мiсiс Сандры.
Тая адступала перад ёю i раптам закiнула галаву i завыла. Вочы ў яе закацiлiся, плечы ходырам захадзiлi, рукi заматлялiся па баках, з кутка рота выступiла густая, цягучая слiна. Яна абазвалася яшчэ i яшчэ раз дзiкiм, нечалавечым крыкам. З палатак выйшлi людзi, падышлi i абступiлi яе, перапалоханыя, прыцiхлыя. Жанчына паволi асела на каленi, i яе крыкi перайшлi ў перарывiстыя булькатлiвыя стогны. Яна павалiлася на бок, рукi i ногi ў яе сутаргава закалацiлiся. Мiж расплюшчаных павек вiднелiся бялкi вачэй.
Адзiн мужчына цiха сказаў:
- Святы дух. На яе сышоў святы дух.
Мацi стаяла, пазiраючы на цела, што бiлася на зямлi ў сутаргах.
Да палаткi няспешна падышоў маленькi адмiнiстратар.
- Што здарылася? - запытаўся ён. Натоўп расступiўся, прапускаючы яго наперад. - Вось бяда! - сказаў ён. - Хто-небудзь памажыце аднесцi яе ў палатку.
Людзi моўчкi пераступалi з нагi на нагу. Нарэшце двое мужчын паднялi жанчыну з зямлi - адзiн падхапiў яе пад пахi, другi ўзяў за ногi - i панеслi. Натоўп паволi пасунуўся за iмi. Ружа Сарона пайшла пад брызент, лягла на матрац i закрыла твар коўдрай.
Адмiнiстратар глянуў на мацi, убачыў палку, якую яна трымала ў руцэ, i слаба ўсмiхнуўся:
- Вы набiлi яе?
Мацi ўсё яшчэ пазiрала ўслед натоўпу. Яна паволi пакруцiла галавой:
- Не... толькi збiралася. Сёння яна ўжо другi раз дачку маю пужае.
Адмiнiстратар сказаў:
- Не трэба, не бiце яе. Яна хворая, - i цiха дадаў: - Хутчэй бы ўжо паехала адсюль, i ўся яе сям'я. Ад яе адной больш непрыемнасцей, чым ад усiх астатнiх разам.
Мацi ўжо авалодала сабой.
- Хай толькi зноў заявiцца сюды, я наб'ю яе. За сябе не ручаюся. Я не дам ёй страшыць дачку.
- Не хвалюйцеся, мiсiс Джоўд. Больш вы яе тут не ўбачыце. Яна толькi навiчкоў апрацоўвае. Да вас ужо больш не прыйдзе. Яна лiчыць вас грэшнiцай.
- Я i ёсць грэшнiца, - спакойна сказала мацi.
- Правiльна. Усе мы грэшнiкi, толькi не ў тым сэнсе, як яна думае. Яна хворая, мiсiс Джоўд.
Мацi з удзячнасцю глянула на адмiнiстратара i крыкнула дачцэ:
- Ты чуеш, Разашарна? Яна хворая. Вар'ятка. - Але Ружа Сарона не падняла галавы. Мацi сказала: - Я папярэджваю вас, мiстэр: калi яна яшчэ раз прыйдзе, мне давяраць нельга. Я наб'ю яе.
Адмiнiстратар крыва ўсмiхнуўся:
- Я разумею вас. I ўсё ж пастарайцеся стрымаць сябе. Большага ад вас я нiчога не прашу - толькi пастарайцеся стрымацца. - Ён няспешна пайшоў да палаткi, у якую занеслi мiсiс Сандры.
Мацi зайшла пад навес i села каля Ружы Сарона.
- Ну, глянь на мацi, - сказала яна, але Ружа Сарона не варухнулася. Мацi асцярожна адкiнула коўдру з галавы дачкi. - Жанчына гэтая амаль вар'ятка. Ты ёй не вер.
Ружа Сарона прашаптала ў жаху:
- Яна як сказала пра пекла... я адчула, быццам у мяне ўсярэдзiне ўсё гарыць.
- Гэтага быць не можа, - сказала мацi.
- У мяне зусiм сiлы няма, - прашаптала Ружа Сарона. - Колькi ўжо ўсяго здарылася, я так стамiлася... Спаць хачу. Хачу спаць.
- Ну дык спi. Месца тут добрае. Можаш паспаць.
- А раптам яна зноў прыйдзе?
- Не прыйдзе. Я сяду каля палаткi i блiзка яе не падпушчу, калi яна сюды паткнецца. Ты паспi, табе трэба адпачыць, бо неўзабаве пойдзеш працаваць у дзiцячы пакой.
Мацi цяжка паднялася на ногi, выйшла з-пад брызенту, села на скрыню, абаперлася локцямi аб каленi i паклала падбародак на далонi. Яна бачыла людзей, што хадзiлi па лагеры, чула галасы дзяцей, стук малатка па жалезным вобадзе, але вочы яе глядзелi кудысьцi далёка.
Падышоўшы да палаткi, бацька так i застаў яе ў гэтай позе. Ён апусцiўся каля яе на кукiшкi. Мацi паволi перавяла на яго позiрк.
- Ну, знайшлi што? - запыталася яна.
- Не, - збянтэжана адказаў бацька. - Дзе мы толькi не шукалi.
- А Эл дзе i Джон? Дзе грузавiк?
- Эл нешта рамантуе ў машыне. Давялося ў людзей папрасiць iнструменту. Сказалi, каб Эл рабiў усё там, на месцы.
Мацi сумна сказала:
- Добра тут. Можна было б тут пажыць хоць крыху.
- Калi знойдзем працу.
- Ага. Калi знойдзем працу.
Бацька адчуў яе смутак i пiльна паглядзеў на яе твар.
- Чаго ты так засмуцiлася? Сама ж кажаш, добра тут. Чаго ж засмучацца.
Мацi глянула на яго i паволi заплюшчыла вочы.
- Дзiўна ўсё неяк, праўда? Колькi ўжо дзён мы ў дарозе, перабiраемся з месца на месца, i нi разу я не задумвалася. Людзi тут добра мяне прынялi, проста вельмi добра. А я што раблю? Прыгадваю ўсё самае сумнае: тую ноч, калi памёр дзед i мы яго пахавалi. У мяне тады адна толькi дарога была ў галаве цэлымi днямi трэслiся ў машыне, усё едзеш i едзеш, i я нiчога ўжо такога дрэннага не адчувала. А цяпер, калi сюды прыехалi, цяпер у мяне горш на душы стала. Бабка... i яшчэ Ной пайшоў ад нас. Узяў i пайшоў унiз па рацэ. Усё было неяк паасобку, а цяпер разам на мяне навалiлася. Бабка памерла, як жабрачка, i яе, як жабрачку, пахавалi. Цяпер ад гэтага балюча мне. Ной пайшоў унiз па рацэ. Не ведаў, што яго там можа чакаць. Адкуль яму ведаць? I мы таксама не ведаем. I так i не будзем ведаць, цi жывы ён, цi мёртвы. I нiколi не даведаемся. А тут яшчэ Конi ўпотайкi пакiнуў нас. Раней не было ў мяне часу пра ўсё гэта думаць, а цяпер думкi роем налятаюць на мяне. А мне ж бы толькi радавацца, што мы трапiлi ў такое добрае месца. - Бацька глядзеў, як варушацца яе губы. Яна гаварыла, заплюшчыўшы вочы. - Я памятаю, якiя былi горы каля той рэчкi, дзе Ной нас пакiнуў, - вышчарбленыя, вострыя, як зубы старога. Памятаю, якая калючая была трава там, дзе пахавалi дзеда. I калоду на ферме - пяро да яе прыстала, уся пасечаная, чорная ад курынай крывi.
Бацька падхапiў ёй у тон:
- А я сёння бачыў дзiкiх гусей. На поўдзень цягнулiся... высока ў небе. Так прыгожа было глядзець. I чорных драздоў бачыў - сядзяць сабе на дроце. I галубы на агароджах. - Мацi расплюшчыла вочы i глянула на яго. А ён гаварыў: Яшчэ вiхор бачыў - усё роўна як чалавек, круцiцца, носiцца па полi. А гусi ляцелi клiнам, спяшалiся на поўдзень.
Мацi ўсмiхнулася:
- А ты памятаеш, як мы дома гаварылi: "Гусi ляцяць, значыць, зiма будзе ранняя". Заўсёды так гаварылi, а зiма надыходзiла, калi ёй была пара. А мы ўсё: "Зiма будзе ранняя". Сама не ведаю, чаму мы так гаварылi.
- Я бачыў чорных драздоў на дроце, - гаварыў бацька. - Сядзяць сабе адзiн каля аднаго. I галубоў. Так спакойна, як голуб, не сядзiць нiводная птушка... на драцяной агароджы... Сядзяць па двое, зусiм блiзка. А вiхор - у рост чалавека, скача, круцiцца па полi. Як дзiця, толькi ростам з дарослага мужчыну.
- Лепш не ўспамiнаць пра дом, - сказала мацi. - Цяпер у нас свайго дома няма. Лепш зусiм забыцца пра яго. I пра Ноя забыцца.
- Ён няправiльна зрабiў... ну, а я хачу сказаць... гэта мая вiна.
- Колькi разоў я ўжо казала табе - кiнь пра гэта. Можа, ён i не выжыў бы.
- Але павiнен быў прадугледзець.
Подписывайтесь на наши страницы в социальных сетях.
Будьте в курсе последних книжных новинок, комментируйте, обсуждайте. Мы ждём Вас!
Похожие книги на "Гронкi гневу (на белорусском языке)"
Книги похожие на "Гронкi гневу (на белорусском языке)" читать онлайн или скачать бесплатно полные версии.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Отзывы о "Джон Стейнбек - Гронкi гневу (на белорусском языке)"
Отзывы читателей о книге "Гронкi гневу (на белорусском языке)", комментарии и мнения людей о произведении.