Адам Глебус - Койданава (на белорусском языке)
Скачивание начинается... Если скачивание не началось автоматически, пожалуйста нажмите на эту ссылку.
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.
Описание книги "Койданава (на белорусском языке)"
Описание и краткое содержание "Койданава (на белорусском языке)" читать бесплатно онлайн.
Тонiна паэзiя мела яшчэ адну выразную рысу - рэлiгiйна-мiстычную. Ва ўсiх яе апавяданнях пра хваробы зiхацелi словы i выразы накшталт: даруй Божа, а Божачка ты наш, хай Бог дапаможа... А пры Тонiным ложку, дзе б яна нi жыла, заўсёды на тумбачцы, на падваконнi цi проста на крэсле стаялi маленькiя каталiцкiя абразы. Пры бясконцых пераездах-пераходах з хаты ў хату яны складалiся ў пушку для даведак.
А пераходаў за сто чатыры гады было столькi, што i сама Тоня не палiчыць.
Вось у некага са знаёмых сына забралi ў войска, вызвалiўся пакой, з якога на гаспадароў пачынае павяваць халоднай проймаю страты. I яны не знаходзяць нiчога лепшага, як запрасiць пажыць у iх Тоню. Цi ў каго iншага дачка выйшла замуж i з'ехала з Койданава ў Менск цi куды далей. I зноў жа месца прапаноўвалася Тонi.
Так вось пасялiлася яна ў Мiлi Мiлько, калi Шурыка забралi служыць у Егiпце. А ў цёткi Косцi Тоня жыла пасля таго, як Ада выйшла за вайскоўца i з'ехала з iм у Нямеччыну ажно на пяць гадоў. У цёткi Пэлi Тоня пражыла гадоў сем, бо даводзiлася роднай сястрой Пэлiнаму мужу Ясечку, якi, дарэчы, быў старэйшы за Тоню i пражыў пад койданаўскiм небам сто тры гады.
Я нiколi не чуў, каб Тоня скардзiлася каму на лёс. Яна скардзiлася толькi на хваробы. Можа, яна скардзiлася i на што iншае падчас споведзi рубяжэвiцкiм ксяндзам. Але пра тое ведае адзiн Бог, бо старыя ксяндзы памерлi, а да новага, маладога, Тоня не ездзiць. А раней жа разы са два на год яна выбiралася да касцёла. Адкуль прывозiўся i ставiўся каля ложка новенькi яркi абразок. Звычайна - Мацi Божая Дзева Марыя з белым тварам i складзенымi на грудзях рукамi, такiмi ж чыстымi i белымi, бо не ведалi нi зямлi, нi пральнай дошкi, нi бруднага, завэдзганага тлушчам посуду.
Тоня жыве. I сто пяты год бачыць мацiцовае койданаўскае неба.
МА-МА
Апавяданне
Ма - тое самае, што i няма
(звычайна ў гутарцы дзяцей).
Як прыснiцца сырое мяса - абавязкова захварэеш, вядома, калi з чацвярга на пятнiцу. А калi не хочаш, каб сон спраўдзiўся, дык да абеду не расказвай цi, яшчэ лепш, раскажы вадзе. Можаш на кран гаварыць, пусцiць ваду i расказаць. Я так i раблю, каб злое паплыло з вадою, хай плынь тое злое, чорнае панясе. Калi саснiш кроў - атрымаеш вестку ад крэўнага, гэта калi крывi нямнога, адна кропля; больш - чакай сваяка, пэўна ж прыйдзе цi прыедзе. Вось калi Рэня павiнна была прыляцець, я ўбачыла, нiбыта пабiла руку, ударыла аб востры кант i падрапала, на скуры кроў выступiла.
Не веру ва ўсе гэтыя друкаваныя соннiкi, толькi ў тое, што ў нашым Койданаве казалi.
Я таксама не веру, але чытаць люблю, паэзiя ёсць. Вось прыклад з соннiка, прыдбанага за рубель у падземным пераходзе: "Рэха - пiсьмо здалёк". Метафара, грэгерыя на ўзроўнi Рамона Гомеса дэ ла Серны. У яго: "Суфлёр - рэха яшчэ да слова". Але што тут спрачацца, зразумела: Койданава блiжэй за Мадрыд, Беларусь, а не Iспанiя, мацi...
А мама мяне заўсёды папярэджвае, прыходзiць у сон i папярэджвае: калi ты цi Мiрак захварэеце.
Вось аднойчы: я спала, а снiлася, што ляжу i чытаю. Начная лямпа на тумбачцы гарэла - паўзмрок. I ўсё цалкам рэальна: кнiга, спачывальня, ложак, лямпа. Раптам адчынiлiся дзверы, мама зайшла. Яна ў зялёнай кофтачцы, ты павiнен помнiць - яркая, зялёная. Ведаю, мамы няма, памерла. А яна зайшла i стаiць над маiм ложкам. Я з пярэпалаху пачала сварыцца: "Мама, нашто вы прыйшлi?!" Памятаеш, я маму заўсёды на "вы" называла. "Мама, iдзiце адсюль, iдзiце", - рукою махаю, вось так. А яна стаiць i старэе - з маладой жанчыны ў старую кабету ператвараецца. Твар зрабiўся цёмны, земляны, пасечаны дробнымi зморшчынкамi, у жыццi такога нiколi не было. Састарэла, змеркла i растала ў паветры. Я прахапiлася i паўночы не магла заснуць. Ляжала, але бацьку не будзiла. Так з кнiгаю ў руках i заснула. I толькi заснула, як iзноў мама прыйшла. Прынесла ў спачывальню два вядры з вадою. Адно вядро ўпала, вада разлiлася, а з другога - толькi крышку расплюхалася на падлогу. Мама сышла. Да ранiцы я не змагла заснуць. А за дзень, мiтусня, той сон i забыўся. А ўвечары - няшчасце, Мiрак заспакаяльнага тры канвалюты прыняў. "Хуткая дапамога", бальнiца. Толькi праз дзень цi нават праз два я той сон з вёдрамi згадала.
Гэтаксама i ў мяне, вада - небяспека. З дзяцiнства, калi саснiў, што плыву ў моры i нясцерпна хочацца ў прыбiральню па маленькай патрэбе, а бераг далёка. Прачнуўся, а ў ложку мокра. Страх, ноч, сорам, бо ўжо ў школу хадзiў. Вось i цяпер, як ваду сасню - прахоплiваюся, ад таго дзiцячага страху, напэўна.
А бываюць зусiм iншыя сны. Вось цэлы год не было ў мяне добрых ботаў. Былi нейкiя старыя драныя-рамантаваныя, а новыя нiдзе не магла набыць. У мяне, як у мамы, пад'ём высокi. Колькi па крамах нi хадзiла - няма ботаў, цi памер не падыходзiць. Толькi пра боты думала. Бывае так, думаеш увесь час пра адно i тое ж, пра драбязу, аж сорамна робiцца, а ты ўсё не можаш адкiнуць яе. Вось уключыла тэлевiзар, прысела ў крэсла, а тут мама ў кватэру заходзiць i трымае ў руках новенькiя боты на высокiх абцасах. "Што ж ты, Нiна, боты сабе не купiш?" -спытала, i няма. Тэлевiзар iдзе. I гэта нават не сон, а так, нешта найшло. Насланнё, як кажуць. Праз дзень я ў магазiне "Чаравiчкi", што каля кiнатэатра "Цэнтральны" такiя боты i набыла, брунатныя, з маланкаю, на высокiх абцасах.
Гэта не сны.
Як мама памерла, я ўсё плакала. Успомню - слёзы самi цякуць. Мы тады каля могiлак Кальварыйскiх жылi. Бацька за сталом сядзеў, пiсаў, я на ложку ляжала, вы спалi. Мама ўспомнiлася, i сляза, вялiкая-вялiкая, па скронi пабегла. Нават цяпер адчуваю тую слязу. Тут бачу маму, яна злосна глядзiць на мяне i гаворыць: "Нiна, што вы з Бронiкам крычыце ўсё i крычыце? Спакою не даяцё. Перастань крычаць!" Сказала i выйшла на гаўбец. А мне падумалася - цiха плачу i зусiм не крычу. Чаму яна кажа, што з айчымам крычу? Устала з ложка i ў бацькi спытала: "Ты маю маму бачыў?" Бацька збялеў, па сардэчныя кроплi на кухню пабег. Прынёс. "Ты што, Нiна? Якая мама? Супакойся". А я: "Вось дзверы гаўбцовыя яна адчынiла". - "Скразняком дзверы адчынiла. Восьмы паверх". Мы тады на восьмым паверсе жылi. Вокны - на могiлкi. Мама iх любiла. Каплiцы, касцёл закiнуты. Яна ж каталiчка.
Як плакаў па бабе Ядзi наш дзед Бронiк, я забыць не магу. Штодня, i ўвосень, i ўзiмку, хадзiў на могiлкi, клаўся каля Ядзiнага капца i плакаў. Не мог ён без яе. Увесну iнсульт. А ўлетку, якраз праз два гады, каля Ядзiнага капца насыпалi Бронiкаў. Зямля пухам.
Трэба ў Кальварыйскiм касцёле iмшу замовiць.
А самае яркае, самае рэальнае з'яўленне было ў школе. Я тады ў школьнай бiблiятэцы працавала. Дзецi разышлiся. Цiха. Кнiжкi па палiчках расставiла, сяджу за сталом. Сцямнела. Я сяджу, стамiлася, устаць не магу. Спачатку крокi на калiдоры, потым мама ў бiблiятэцы. Падышла i так цiха-цiха ласкава шэптам: "Нiначка, сябе не глядзiш зусiм. Трэба да доктара iсцi, трэба сябе глядзець. Няўжо надумала дзяцей пакiнуць?" Яна гаворыць. А праз яе голас - крокi на калiдоры. Мама праз чытальную залю, за стэлажы, у кут, там зусiм цёмна. У бiблiятэку дырэктар заходзiць, святло запальвае i гучна-гучна: "Нiна Ўладзiмiраўна, што з вамi?" Лямант, мiтусня. Я не варушуся. Ён пабег у медпункт. Школьная доктарка яшчэ не сышла. Укол мне зрабiлi, "хуткую дапамогу" выклiкалi, але ў бальнiцу не павезлi. Бацьку нiчога не сказала, ён i так пасля адчыненых на гаўбец дзвярэй моцна перажываў.
Бываюць светлыя, радасныя з'яўленнi. Вось каля крамы "Бурацiна" - дзiцячае адзенне, бачу - мама насустрач iдзе. На ёй доўгая вiшнёвая сукенка, а праз руку, вось так, яшчэ некалькi сукенак перакiнутыя. Вецер. Валасы развяваюцца. Прыгожыя ў яе валасы былi, густыя, каштанавыя i вiлiся. Хустак мама не любiла. А вочы светла-блакiтныя. Твар белы, чысты. Яна такая гожая, маладая, iдзе мне насустрач, смяецца i гаворыць: "Ой, Нiна, як добра, што ты мне ў дарогу вiшнёвы адрэз паклала. Бачыш, якая сукенка атрымалася? Я тут самая прыгожая". Я хацела маму за руку ўзяць, а яна так мякка плячом павяла - не трэба. I пайшла. Я засталася. Схамянулася, а навокал пуста, вечар, нiдзе нiкога няма. А з гэтым вiшнёвым адрэзам вось як было... Калi ехала на пахаванне, дык па дарозе ў краму зайшла i купiла адрэз, ведала - мама больш за ўсё вiшнёвы колер любiла. Прыехала, у хату зайшла, а маму памылi ўжо i ў труну паклалi. Сукенка на ёй блакiтная i труна блакiтная. Дастала я з сумкi вiшнёвы адрэз i кажу: "Будзем пераапранаць. Пашыем зараз вiшнёвую сукню, блакiтную нажнiцамi разрэжам i здымем". Усе не чакалi такога i пагадзiлiся. Сваячка нават адрэз на стале разаслала, каб раскраiць. Але спачатку тая ж сваячка, а потым i ўсе астатнiя пачалi ўгаворваць - лета, гарачыня, не трэба... Я ў плач, у слёзы, а самой падумалася, што прывезла той адрэз маме, дык у труну ў ногi трэба пакласцi. Так i зрабiла.
Вочы ў бабы Ядзi былi блакiтныя. А здымак на помнiку брунатны. I ў дзеда Бронiка здымак брунатны. Але нават на карычневых здымках вiдаць, што вочы ў iх светлыя, блакiтныя. А можа, гэта толькi здаецца мне.
Звычайна, як хто блiзкi памiрае, я ў сне бачу яго. Першы раз гэта было, калi я ў iнтэрнаце жыла. Вярнулася з заняткаў, збiралася пачытаць, а ўсе дзяўчаты з нашага пакоя ў адзiн голас: "Мы будзем спаць, выключай святло". Пакрыўдзiлася, пайшла на калiдор чытаць. Суседка-аднакурснiца да мяне: "Чаго твая мацi сягоння прыязджала?" "Не сягоння, а ўчора", - кажу. А яна: "Учора гэта ўчора, а сягоння гэта сягоння. Тое i дзiўна, што два днi запар". Я ў наш пакой: "Вы спiце?" Спяць. Я грамчэй: "Вы спiце?" Тут Люда, самая старэйшая з нас, села на ложку: "Нiна, ты толькi не хвалюйся. Мы ж хацелi як лепей. У цябе баба Марыя памерла. А твая мацi хацела, каб ты заўтра ўранку прыехала. Мы i маўчалi". А сон? Сон быў напярэдаднi такi... Якраз у тую ноч, як баба памерла. Яна мяне ў дзяцiнстве вадзiла ў касцёл. I мне снiлася, што мы ўдзвюх заходзiм у касцёл. Яна - высокая, прыгожая жанчына, а я - зусiм маленькая дзяўчынка ў палярыне. У касцёле нiкога няма, светла, урачыста. Я глянула на бабу Марыю, яна вядзе мяне да алтара i маладзее. А я наадварот - расту. Я стала такой, як была на той час у сапраўднасцi. А яна - зусiм маленькая дзяўчынка. I ўжо не яна мяне вядзе, а я яе. Пасярод касцёла яна раптам вырвала сваю руку з маёй, пабегла i схавалася за алтаром. Я прачнулася.
Подписывайтесь на наши страницы в социальных сетях.
Будьте в курсе последних книжных новинок, комментируйте, обсуждайте. Мы ждём Вас!
Похожие книги на "Койданава (на белорусском языке)"
Книги похожие на "Койданава (на белорусском языке)" читать онлайн или скачать бесплатно полные версии.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Отзывы о "Адам Глебус - Койданава (на белорусском языке)"
Отзывы читателей о книге "Койданава (на белорусском языке)", комментарии и мнения людей о произведении.