Сяргей Белаяр - Расследаванні інспектара Сарвы
Скачивание начинается... Если скачивание не началось автоматически, пожалуйста нажмите на эту ссылку.
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.
Описание книги "Расследаванні інспектара Сарвы"
Описание и краткое содержание "Расследаванні інспектара Сарвы" читать бесплатно онлайн.
Вынік выклікаў у інспектара рэзкае ажыўленне.
— Грыбны міцэлій!.. Скажыце, спадар Дзерах, на камбінаце ёсць 3D-прынтар?
— Безумоўна. І не адзін!
— А дзе нож Фрузіна? — бачачы стан інспектара, галоўны інжынер палічыў, што яшчэ не час задаваць якія-небудзь пытанні.
Варта было Сарву атрымаць нож у сваё распараджэнне, як ён неадкладна апрацаваў клінок гідрафільным сарбентам.
— Ніводнага атама крыві!.. Вядзіце мяне да цела! Хутчэй!
Нябожчыка пакрываў тоўсты слой інею, што надавала яму выгляд прыцярушанага снегам бервяна. Інспектар абмацаў рану i ўнёс даныя ў свой камп'ютар, пасля чаго на працягу некалькіх хвілін працаваў з прыборам.
— Цілі сярэдняга росту?.. І ў свой час займалася лёгкай атлетыкай?
— Так... Вы што, знаёмыя?
— Звяжыцеся са службай бяспекі — мне спатрэбіцца іх дапамога.
— Дапамога ў чым? — Дзерах перастаў разумець інспектара.
— У затрыманні забойцы Сімагі!
Галоўнаму інжынеру спатрэбіўся час, каб усвядоміць сказанае.
— Вы лічыце...
— Усе тлумачэнні потым! Не будзем губляць часу — Цілі можа збегчы!
Супрацоўнікі службы бяспекі чакалі Сарву і Дзераха ў сектары жылых ячэек.
— Усе ўваходы і выхады перакрытыя! — падначаленыя пажылога асілка былі ўзброеныя пісталетамі. Зусім не лішняя засцярога, калі маеш справу з жорсткім забойцам.
— За мной!
З дзвярыма вырашылі не цырымоніцца — проста выбілі іх.
— Што адбываецца? — Цілі прыўзнялася на ложку, імкнучыся не рабіць рэзкіх рухаў.
— Я арыштоўваю вас на падставе абвінавачвання ў забойстве Твірбута Сімагі, спадарыня Цілі!
— Як вы здагадаліся? — зарыпела зубамі інжынер-энергетык.
— Для поўнага растварэння пакрытага цэлюлознай біяплёнкай грыбнога міцэлію трэба шмат вады. Вас падвяло веданне хіміі.
— Спадар інспектар, ці не прыйшоў час даць тлумачэнні?
— Усё вельмі проста: Цілі зняла копію з нажа Фрузіна і раздрукавала яе на 3D-прынтары. На падставе праверкі электрычных ланцугоў яна пракралася ў модуль кантролю, дзе і забіла Сімагу, папярэдне падкінуўшы нож у адвалы. Так, спадарыня Цілі?.. Маўчыце, значыць я маю рацыю!.. Вам варта было апусціць біялагічную копію ў праточную ваду, а не пакідаць яе пад цурком водаправоднага крана, які выдае лімітаваныя порцыі... Чаму вы не нанеслі хаця б кроплю крыві на нож Фрузіна? Гэта адцягнула б увагу паліцыі. А волас?.. З вашага боку было вельмі неабачліва не схаваць валасы пад шапачку ці не абстрыгчы іх. Думаю, шукаць камбінезон няма патрэбы — ён даўно згарэў у печцы... Адно толькі мне незразумела. Які быў матыў?
— Занадта асабістае. Я захаваю гэта пад сакрэтам!
АРЫЯ СІРЭНЫ
— Забойца інжынера Твірбута Сімагі інжынер-энергетык Інга Цілі затрыманая. Інжынер-тэхнолаг Кімент Фрузін вызвалены з-пад варты і перададзены пад назіранне штатнага медыка горназдабываючага камбіната нумар тры доктара медыцынскіх навук Салкірда Юхно. На гэтым лічу справу закрытай!
— Выдатная работа, інспектар! — пасля нядоўгай паўзы, выкліканай запазненнем радыёсігналу, сказаў камісар Дэпартамента Ейнар Айнбунд. — Вяртайцеся на касмадром і бліжэйшым рэйсам адпраўляйцеся на Венеру.
— Зразумеў вас! — Ратаўт Сарва дакрануўся да піктаграмы завяршэння размовы і прыбраў камунікатар. Падхапіўшы чамаданчык з інструментамі, інспектар рушыў да шлюзавай камеры, дзе забраў рэчы і апрануў скафандр. Усюдыход, які даставіў Сарву на трэці горназдабываючы камбінат, чакаў інспектара на абочыне — грузавікі рухаліся суцэльным патокам.
— Да «Новых гарызонтаў»? — удакладніў кіроўца.
Сарва кіўнуў, аддаючы належнае фантазіі месяцавых каланістаў. Бліжэйшы рэйс да Венеры быў праз дваццаць восем гадзін, так што інспектар яшчэ паспяваў на канферэнцыю. Да плюсоў кіроўцы прыбавілася і адсутнасць цікаўнасці — ён больш не задаваў аніякіх пытанняў. А вось Сарву шмат пра што хацелася спытаць Цілі.
Інспектар лёгка пазнаваў дарогу: месяцавы пыл выдатна захоўваў сляды колаў, паколькі складаўся з ідэальных для зліпання драбнюткіх часціц з вострымі гранямі. Здробненыя метэарытамі кварц і жалеза ўяўлялі сабой сур'ёзную праблему для абсталявання, тэхнікі і людзей. У якасці абароны колаў выкарыстоўвалася звышмоцная самааднаўляльная палімерная плёнка.
Сарва пачаў пісаць справаздачу. Зробленыя падчас расследавання паметы ў камп'ютары значна палегчылі працу і дазволілі сэканоміць час. Інспектар адчуваў незадавальненне: аб прычынах, якія штурхнулі Цілі на злачынства, заставалася толькі здагадвацца.
Прыкладна на палове шляху з рухальнага адсека сталі даносіцца глухія ўдары, пасля чаго ўсюдыход пачаў імкліва губляць хуткасць, пакуль зусім не спыніўся.
— Што здарылася? — спытаў Сарва.
— Зараз гляну! — кіроўца вылез вонкі. Пошук непаладкі заняў каля трыццаці хвілін. Яшчэ столькі ж адабралі бясплённыя спробы самастойна яе ліквідаваць. — Чортаў пыл! Ніводзін фільтр не дапамагае!.. Давядзецца выклікаць дапамогу.
Самае блізкае паселішча — «зародак» фабрыкі па ажыццяўленні фазавага пераходу гелія-3 у звышцякучы стан — размяшчалася за дваццаць шэсць кіламетраў ад месца паломкі. Месяц дыктаваў свае ўмовы: адсутнасць іанасферы, ад якой адбіваліся б радыёхвалі, дазваляла ажыццяўляць радыёсувязь толькі ў межах непасрэднай бачнасці. Для паўнавартаснага кантакту выкарыстоўвалася сотавая сувязь: сетка базавых станцый і спадарожнікі-рэтранслятары на селенацэнтрычнай арбіце.
Перасоўная аварыйна-рамонтная майстэрня прыбыла праз гадзіну, аднак паправіць рухавік усюдыхода самастойна каланісты былі не ў стане. Перад Сарвам паўстала дылема: буксіроўка на жорсткай счэпцы або выклік іншага ўсюдыхода. Аптымальным з'яўляўся другі варыянт, але гэта азначала дадатковыя выдаткі. Фінансаваму аддзелу Дэпартамента такое відавочна не спадабаецца.
— Колькі часу зойме рамонт?
— Гадзін восем. Наўрад ці больш! — запэўніў брыгадзір.
— У такім выпадку не будзем губляць час, спадарства! — Сарва вярнуўся ва ўсюдыход, і калона рушыла.
Работы пачаліся з размахам: будаўнікі выкарыстоўвалі ў якасці катлавана ўдарны кратар дыяметрам каля кіламетра. На пляцоўцы, якая нагадвала лабірынт Мінатаўра, панавала дзелавая мітусня.
Цягач адбуксіраваў усюдыход у рамонтны цэх, дзе машынай заняліся механікі. Кіроўца застаўся ў ангары, а інспектар накіраваўся да адміністрацыйнага корпуса з тым, каб аформіць дакументы. Па старой звычцы Сарва захапіў чамаданчык, у якім трымаў інструменты, неабходныя для правядзення расследавання.
Дайсці да дванаццаціпавярховага будынка эксперыментальнай архітэктуры не ўдалося: інспектара перанялі супрацоўнікі службы бяспекі.
— Я — паліцэйскі! — Сарва прадэманстраваў значок Дэпартамента.
— Прабачце, спадар інспектар, але праход закрыты — афіцыйная дэлегацыя! Вам давядзецца аб'ехаць! — супрацоўнік махнуў у бок, процілеглы таму, адкуль з'явілася шматлікая дэпутацыя. Сярод аранжавых і белых скафандраў вылучаўся серабрысты.
— І каго сустракаеце, калі не сакрэт? — натоўп затрымліваў увагу на будаўнічых аб'ектах і таму рухаўся вельмі павольна.
— Іяшыту Фудзімоту, кіраўніка транснацыянальнай карпарацыі «Робатыкс», — адказаў афіцэр, не спыняючы круціць галавой у шлеме, шукаючы патэнцыйную пагрозу. Сарва кіўнуў і рушыў у абыход, але ўжо праз некалькі секунд быў вымушаны спыніцца: у натоўпе пачалося хваляванне, якое прымусіла ахову адвесці Фудзімоту.
— Медыка! — выбухнулі навушнікі інспектара нечым нямым крыкам.
Ланцужок супрацоўнікаў разарваўся, і ў Сарвы атрымалася пабачыць, што там робіцца. Каля паддона з будаўнічымі матэрыяламі ляжаў мужчына. Яго міміка казала пра тое, што яму была патрэбна неадкладная дапамога.
— Медыка! — крычалі ўжо некалькі чалавек.
Прафесійны погляд інспектара не выявіў ніякіх вонкавых пашкоджанняў — ані скафандра, ані сістэмы падтрымкі жыццядзейнасці. Нічога не казала і пра няшчасны выпадак.
— Што з вамі? — Сарва апусціўся над мужчынам, спрабуючы зразумець, чым можа яму дапамагчы да прыходу медыка.
— Жудасны гук! — з цяжкасцю вымавіў каланіст, а затым абмяк.
— Толькі не страчвайце прытомнасць! Дапамога зараз будзе! — інспектар слаба патрос мужчыну, аднак вочы той не расплюшчыў.
— Прапусціце, я — доктар! — побач з інспектарам бухнуўся каленямі ў пыл медык. — Адыдзіце ўсе! Неадкладна!
— Не перашкаджайце! — супрацоўнікі хутка вярнулі парадак. Сарву давялося зноў дэманстраваць значок.
Чаканне расцягнулася.
— Я нічым не магу яму дапамагчы, — збіраючы партатыўны дыягнастычны прыбор, падняўся медык, — вострая сардэчная недастатковасць!
— Дык яму толькі дваццаць чатыры гады было! — пачулася з натоўпу. — Ніколі на сэрца не скардзіўся!
Медык развёў рукамі, а інспектар нечакана для самога сябе павёў позіркам па-над галовамі каланістаў, не разумеючы, што ж хоча ўбачыць. Першым, што трапілася на вочы, была мачта асвятлення, якая дамінавала над пляцоўкай.
Подписывайтесь на наши страницы в социальных сетях.
Будьте в курсе последних книжных новинок, комментируйте, обсуждайте. Мы ждём Вас!
Похожие книги на "Расследаванні інспектара Сарвы"
Книги похожие на "Расследаванні інспектара Сарвы" читать онлайн или скачать бесплатно полные версии.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Отзывы о "Сяргей Белаяр - Расследаванні інспектара Сарвы"
Отзывы читателей о книге "Расследаванні інспектара Сарвы", комментарии и мнения людей о произведении.