Сяргей Белаяр - Расследаванні інспектара Сарвы
Скачивание начинается... Если скачивание не началось автоматически, пожалуйста нажмите на эту ссылку.
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.
Описание книги "Расследаванні інспектара Сарвы"
Описание и краткое содержание "Расследаванні інспектара Сарвы" читать бесплатно онлайн.
— Забойства адбылося ўчора, у першай палове дня, — пачаў галоўны інжынер, як толькі скончылася шлюзаванне, — аднак труп знайшлі толькі на перазменцы: а восьмай гадзіне вечара... Рэчы можаце пакінуць тут!
У шлюзавай камеры стаяла некалькі шафаў са змешчанымі за металічнай сеткай ячэйкамі рознага памеру.
— Я так разумею, агляд цела Сімагі рабіў дзяжурны медык? — Сарва таксама зняў шлем. Па вушах адразу ж ударыў цяжкі металічны гул.
— Менавіта так, спадар інспектар. Смерць інжынера наступіла ў выніку глыбокага нажавога ранення ў ніз шыі, якое выклікала разрыў трахеі, гартані артэрыі і вялікую страту крыві. Удар быў нанесены ззаду, пад вуглом прыкладна сарака градусаў.
— Што можа сведчыць на карысць таго, што Сімага добра ведаў забойцу... А як атрымалася, што інжынера хапіліся толькі праз некалькі гадзін? — інспектар узяў з сабой чамаданчык з інструментамі, без якіх не абыходзілася ніводнае расследаванне.
— Карпарацыя не заахвочвае асабістыя кантакты паміж супрацоўнікамі ў рабочы час, спадар інспектар. Да таго ж, модуль кантролю цалкам аўтаматызаваны — аператар неабходны больш для падстрахоўкі камп'ютарных сістэм.
— Сімага працаваў у модулі адзін? — Сарва заносіў інфармацыю ў планшэтны персанальны камп'ютар.
— Так.
— Модуль замыкаецца знутры?
— Разумею, куды вы хіліце, спадар інспектар. Сімага меў харошую рэпутацыю, і адчыніць дзверы чужому мог толькі ў тым выпадку, калі гэтага патрабавала выкананне працоўных абавязкаў!.. Трэба апрануць камбінезон, спадар інспектар, месяцавы пыл усюдыісны! — камбінезонам аказаўся камплект з празрыстага палімернага матэрыялу, лёгкага і надзвычай моцнага. — І рэспіратар!.. Можаце не хвалявацца, спадар інспектар, усё аднаразовае і пасля выкарыстання адпраўляецца ў печ.
Шапачка шчыльна пакрывала галаву, пакідаючы адкрытым толькі твар.
Інспектар злавіў сябе на тым, што камбінезон забяспечвае выдатную абарону не толькі ад пылу, але і ад крыві. А яшчэ падумаў пра тое, як лёгка падмануць людзей, карыстаючыся службовым становішчам.
— Відэаназіранне што-небудзь паказала?
— Відэакамер ні ў модулі, ні ў калідоры, які да яго прымыкае, няма.
— Як? — адразу ўспомнілася некалькі відэакамер, пад якімі прайшлі Сарва і Дзерах.
— Іх там ніколі і не было.
— Прыкры недагляд! — на лічбавы запіс інспектар асабліва не разлічваў: што можа быць лягчэй, чым унесці карэктывы ў камп'ютар?
— Зменшчык заблакаваў дзверы сваім ключом і адразу ж падняў трывогу. Служба бяспекі прыбыла на месца праз тры хвіліны! — у голасе Дзераха прагучаў гонар. — Кімент Фрузін адразу ж трапіў пад падазрэнне: напярэдадні паміж ім і Сімагам адбылася буйная сварка, у якой тэхнік пагражаў інжынеру забойствам.
— А вось з гэтага месца папрашу больш падрабязнасцяў!
— Распавядаць тут асабліва няма чаго: Фрузін вельмі моцна пакрыўдзіўся на Сімагу праз тое, што той спакусіў яго жонку. Ужо не ведаю, наколькі там усё было сур'ёзна, аднак сябрамі пасля гэтага яны быць перасталі. Сведак — амаль палова камбіната.
— Тэхнік звяртаўся па дапамогу да псіхатэрапеўта? — без правадніка Сарва даўно б заблытаўся ў сапраўдным лабірынце лесвіц і калідораў.
— Фрузін з той катэгорыі людзей, якія ніколі не выстаўляюць свае пачуцці напаказ.
— Гэта не перашкодзіла яму зладзіць скандал на вачах ва ўсіх!
— Нервовы зрыў, няйначай! Што я яшчэ магу адказаць, спадар інспектар?.. Трэба аддаць Фрузіну належнае — ён хутка прыйшоў у норму. Ужо на наступны дзень пачаў выконваць службовыя абавязкі.
— Затаіўся, каб нанесці ўдар... Нож застаўся ў ране або яго забралі?
— Нож выпадкова знайшоў сярод адвалаў адзін з кіроўцаў рудавозаў. Мяркуючы па ўсім, Фрузін спадзяваўся на тое, што перапрацаваны грунт дазволіць яму схаваць сляды злачынства.
— Павінен прызнаць — не самы лепшы спосаб пазбавіцца ад доказаў!.. А што дало вам падставы зрабіць выснову аб тым, быццам нож належаў менавіта Фрузіну?
— Іншага такога не знайсці: Целяшкевічус, які робіць іх на заказ, ніколі не паўтараецца. У мяне самога ёсць нож, выраблены слесарам. Практычная і прыгожая, скажу я вам, рэч!.. Мы прыйшлі.
Для таго, каб трапіць у модуль, Дзераху і Сарву давялося абмінуць масіўныя дзверы, над якімі быў выведзены пад трафарэт надпіс «Сектар III-B».
— І многія маюць допуск? — пацікавіўся інспектар пасля таго, як галоўны інжынер скарыстаўся электронным пропускам.
— Дзяжурная змена, начальнік сектара, служба бяспекі і намеснік дырэктара — гэта значыць я.
— Колькі людзей у дзяжурнай змене? — Сарва вырашыў не ўваходзіць у модуль, адкрыў чамаданчык, выцягнуў з несэсэра вялікую лупу і пачаў старанна аглядаць дзверы. Асаблівую ўвагу інспектар удзяліў замку.
— Трое: аператар модуля кантролю, інжынер-тэхнолаг і інжынер-энергетык... Што вы шукаеце, спадар інспектар?
— Der Teufel steckt im Detail! Д'ябал хаваецца ў дэталях!.. Я павінен пераканацца ў тым, што ўсё адбылося менавіта так, як напісана ў справаздачы. Аператарам быў Сімага, тэхнолагам — Фрузін, а энергетык хто?.. У справаздачы пра гэта не сказана ні слова! — так і не знайшоўшы нічога падазронага, Сарва дазволіў Дзераху адчыніць дзверы.
— Інга Цілі. Аднак яна мае жалезнае алібі: першую палову дня яна займалася праверкай трансфарматараў у цэхах, суседніх з III-B сектарам. Яе бачылі дзясяткі чалавек.
— А што наконт іншых?.. Ці мог нехта яшчэ, акрамя Фрузіна, пракрасціся ў модуль?.. О, Божухна! Сапраўдная бойня!
Апаратуру, сцены, падлогу і нават столь пакрывалі шматлікія бурыя плямы.
— Гройц і я прысутнічалі на нарадзе ў Трушэнкі, — Дзерах быў белы як палатно. Толькі сіла волі прымушала яго заставацца ў памяшканні. — Ніхто з супрацоўнікаў службы бяспекі, якія дзяжурылі ў той дзень, у сектары не з'яўляўся. Яны праводзілі вучэнні.
— У мітусні маглі і не заўважыць, што пропуск згубіўся, — Сарва парадаваўся таму, што на ім камбінезон. Не хацелася поўзаць па крыві на каленях. Пасля такога касцюм дакладна давядзецца аддаваць у хімчыстку.
— Выключана! Пропуск знаходзіцца ў дзяжурнага афіцэра і выдаецца толькі пасля дазволу начальнікам службы бяспекі.
— Наколькі цяжка скапіраваць пропуск? — інспектар нацягнуў хірургічныя пальчаткі, зноў узброіўся лупай і апусціўся на карачкі. Слабымі моташлівымі прыступамі нагадала пра сябе гідлівасць.
— Чатыры ступені абароны і змена лічбалітарнага кода доступу праз кожныя дзве гадзіны.
— Сто дваццаць хвілін — вельмі вялікі тэрмін! — Сарва пачаў рухацца па спіралі. Для таго, каб нічога не прапусціць, ён папрасіў Дзераха ўключыць асвятленне. Лямпы далі яркае святло.
— У адзіночку пропускам дазволена карыстацца толькі мне і начальніку сектара.
— А як жа надзвычайныя сітуацыі? — падлогу пакрываў тонкі слой пылу: пасля забойства ніхто ўнутр не заходзіў.
— На шчасце, такіх не здаралася.
Сарва адмовіўся ад развіцця тэмы — аніводная камп'ютарная праграма не магла пахваліцца абсалютна надзейнай абаронай ад узлому.
— Як там Фрузін? Не рабіў яшчэ чыстасардэчнага прызнання?
— Поўная апатыя.
Хоць гэта быў не самы прыемны занятак, аднак інспектар міліметр за міліметрам абследаваў падлогу. Стараннасць была ўзнагароджаная — праз чвэрць гадзіны Сарва выдаў пераможны вокліч і падняў пінцэтам волас.
— Ныркападобны фалікул... дамінантная колькасць феамеланіну... кутыкула не пашкоджаная... Скажыце, спадар Дзерах, у Цілі густая кучма кучаравых валасоў рудога колеру? — знаходка патрапіла ў пакет.
— А як вы здагадаліся? — не мог схаваць свайго здзіўлення галоўны інжынер.
— Па воласе... Як часта праводзіцца ўборка модуля?
— Два разы на суткі: а дзясятай нуль-нуль і васямнаццатай трыццаць.
— Значыць, Цілі ўсё ж такі заходзіла ў модуль, — Сарва схаваў пакет у чамаданшчык з намерам крыху пазней вывучыць волас з дапамогай электроннага мікраскопа.
— Пабойцеся Бога, спадар інспектар! — адмахнуўся Дзерах. — Сімага мог прынесці волас на вопратцы! З Цілі яны былі сябрамі.
— Вось як?.. Гэта многае тлумачыць!.. — больш не кажучы ні слова, інспектар зноў узяўся за агляд. Прыкладна праз гадзіну высветлілася, што іншых знаходак не прадбачыцца. За падлогай прыйшла чарга апаратуры і сцен. Аднак гэта нічога не дало.
— Мабыць, варта зірнуць на цела. Дзе вы яго захоўваеце?
— У дзявятым прамысловым халадзільніку! — пасвятлеў тварам галоўны інжынер. Яму відавочна не цярпелася хутчэй пакінуць модуль. — Тут недалёка!
— Я толькі змыю кроў з каленяў! — інспектар наблізіўся да рукамыйніка і ўзяў з яго губку. У наступны момант рука Сарвы застыла перад змяшальнікам. — А гэта яшчэ што такое?
Губка паляцела на падлогу, а ў руцэ інспектара зноў апынулася лупа. Сарва схіліўся над рукамыйнікам. Некалькі хвілін прайшло ў поўнай цішыні.
— Нейкае арганічнае рэчыва... — пакапаўшыся ў чамаданчыку, інспектар выцягнуў прыбор, у якім галоўны інжынер пазнаў апошнюю мадэль газавага храматографа. Сілікагелевы аловак не пакінуў на кафлі слядоў.
Подписывайтесь на наши страницы в социальных сетях.
Будьте в курсе последних книжных новинок, комментируйте, обсуждайте. Мы ждём Вас!
Похожие книги на "Расследаванні інспектара Сарвы"
Книги похожие на "Расследаванні інспектара Сарвы" читать онлайн или скачать бесплатно полные версии.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Отзывы о "Сяргей Белаяр - Расследаванні інспектара Сарвы"
Отзывы читателей о книге "Расследаванні інспектара Сарвы", комментарии и мнения людей о произведении.