Джон Стейнбек - Гронкi гневу (на белорусском языке)
Скачивание начинается... Если скачивание не началось автоматически, пожалуйста нажмите на эту ссылку.
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.
Описание книги "Гронкi гневу (на белорусском языке)"
Описание и краткое содержание "Гронкi гневу (на белорусском языке)" читать бесплатно онлайн.
Калi б дзядзьку Джону не было пяцiдзесяцi i не быў бы ён па праву роднасцi адным з важакоў сям'i, ён палiчыў бы за лепшае адмовiцца ад пачэснага месца побач з вадзiцелем i з радасцю ўступiў бы яго Ружы Сарона. Але гэта выключалася, бо яна была яшчэ маладая, i да таго ж жанчына. Дзядзька Джон адчуваў сябе нiякавата, засяроджаныя, неспакойныя вочы яго глядзелi тужлiва, i ў моцным хударлявым целе адчувалася напружанасць. Амаль усё жыццё адзiнота адгароджвала яго ад людзей, ад натуральных чалавечых пачуццяў. Але пачуццi спелi, збiралiся ўсярэдзiне i нарэшце вырывалiся вонкi. Тады ён прагна накiдваўся на ежу i аб'ядаўся да рвоты, або глушыў самагон цi вiскi, пакуль не ператвараўся ў бяссiльнага паралiтыка з чырвонымi слязiстымi вачамi, альбо пажадлiва распуснiчаў з якой-небудзь шлюхай у Салiсе. Пра яго расказвалi, што аднойчы ён дабраўся да самага Шоўнi i паклаў адразу трох прастытутак у адну пасцель i цэлую гадзiну шумна валтузiўся з трыма абыякавымi жаночымi целамi. Але, чым-небудзь насыцiўшыся, дзядзька Джон хадзiў сумны, прысаромлены i, як i раней, адзiнокi. Хаваўся ад людзей i стараўся загладзiць сваю вiну падарункамi. Крадком забiраўся ў дамы i засоўваў дзецям пад падушкi жавальныя гумкi, сек дровы i не браў за гэта грошай. Раздаваў другiм усё, што ў яго было, - сядло, каня, пару новых чаравiкаў. Тады нiкому не ўдавалася пагаварыць з iм, бо ён уцякаў, а калi сутыкаўся з людзьмi твар у твар, ён сцiнаўся i паглядаў на iх спалоханымi вачамi. Смерць жонкi i доўгiя месяцы самоты, што настала пасля таго, далi свой плён - згрызоты сумлення i сорам, i адзiноту яго нiшто не магло парушыць.
Але было i такое, чаго ён нiяк не мог пазбегнуць. I вось цяпер дзядзька Джон едзе побач з вадзiцелем, бо ён быў адным з галоў сям'i, а сям'ёй трэба кiраваць.
Тры чалавекi, што сядзелi ў кабiне, панура вярталiся дамоў па пыльнай дарозе. Эл, схiлiўшыся над рулём, паглядаў то на дарогу, то на прыборны шчыток - сачыў за стрэлкай амперметра, якая падазрона падрыгвала, за iндыкатарамi ўзроўню гаручага i нагрэву. I ён у думках адзначаў слабыя месцы ў паводзiнах машыны. Прыслухоўваўся да падвывання - можа, у заднiм мосце не хапае масла; чуйным вухам сачыў за работай клапанаў. Ён трымаў руку на рычагу пераключэння скорасцей, адчуваючы далонню работу механiзма счаплення. Нацiскаў на педаль правяраў тармазныя калодкi. Можа, Эл iншы раз i блудзiў, як казёл, але цяпер ён адчуваў сваю вялiкую адказнасць - за грузавiк, за яго ход, за яго стан. Калi што-небудзь разладзiцца, гэта будзе яго вiна, i хоць нiхто не скажа яму i слова папроку, усе, i найперш сам Эл, будуць ведаць, што вiнаваты ён. I Эл правяраў машыну, сачыў за ёю, прыслухоўваўся да яе. Твар яго быў сур'ёзны, поўны пачуцця адказнасцi. I ўсе паважалi яго i тую адказнасць, з якой ён ставiўся да свайго абавязку. Нават бацька - галава сям'i - з ахвотай узяў бы гаечны ключ i выканаў бы распараджэннi Эла.
Усе на грузавiку былi змораныя. Руцi i Ўiнфiлд стамiлiся ад вулiчнага тлуму, ад натоўпу, ад вымольвання ў бацькi лакрычных ледзянцоў; яны стамiлiся ад таго захаплення, якое выклiкаў у iх дзядзька Джон, калi ён употайкi соваў iм у кiшэнi жавальныя гумкi.
I людзi, што сядзелi побач з вадзiцелем, былi змораныя, узлаваныя i сумныя, бо iм удалося выручыць толькi васемнаццаць даляраў за ўсю рухомасць з фермы - за коней, за фургон, за iнвентар i за ўсю мэблю. Васемнаццаць даляраў. Яны навалiлiся на скупшчыка, спрачалiся з iм, але адступiлi, калi iнтарэс яго раптам звяў i ён заявiў, што яму нiчога не трэба нi за якую цану. Тады яны зразумелi, што прайгралi, здалiся i атрымалi на два даляры менш, чым скупшчык прапанаваў iм спачатку. I цяпер яны ехалi стомленыя i запалоханыя, бо iм давялося сутыкнуцца з рэчаiснасцю, якую яны не разумелi, i рэчаiснасць гэтая перамагла. Яны ведалi, што запрэжка з фургонам каштуюць куды даражэй. Яны ведалi, што скупшчык выручыць за iх значна больш, але як зрабiць гэта самiм, заставалася загадкай. Гандаль быў для iх таямнiцай.
Пераводзячы вочы з дарогi на прыборны шчыток, Эл сказаў:
- Малойчык гэты не тутэйшы. Гаворка ў яго не мясцовая. I адзежа таксама нейкая не такая.
I бацька паяснiў:
- Калi я заходзiў у скабяную краму, я гутарыў там са знаёмымi. I яны сказалi, што шмат такiх сюды наехала, скупляюць усё, што людзi вязуць на продаж перад ад'ездам. Заезджыя гэтыя парадкам нажываюцца на нас. А мы зрабiць не можам нiчога. Можа, трэба было Томi з намi паехаць. Ён, магчыма, даражэй прадаў бы.
Джон сказаў:
- Але ж скупшчык i браць нiчога не хацеў. Не назад жа цягнуць.
- Мае знаёмыя там, у краме, наконт гэтага мне гаварылi, - сказаў бацька. Скупшчыкi заўсёды гэтак робяць. Запужваюць людзей. Мы проста не ведаем, як з iмi справу весцi трэба. Мацi вельмi засмуцiцца. Зазлуе i засмуцiцца.
Эл сказаў:
- А калi ты, та, думаеш ехаць?
- Яшчэ не ведаю. Вечарам усё абмяркуем i вырашым. Я рады, што Том вярнуўся. З душы камень звалiўся. Том добры хлапец.
- Тут адзiн казаў, што Том даў падпiску. I быццам бы праз гэта яму нельга адлучацца з нашага штата, а калi паедзе i пападзецца, дык яго на тры гады пасадзяць.
Бацька здрыгануўся:
- Так i сказалi? Як табе здалося - яны ведаюць, што кажуць? Можа, проста трэплюцца?
- Хто iх ведае. Яны гаварылi мiж сабой, а я не выдаў iм, што ён мой брат. Стаяў побач i слухаў.
Бацька сказаў:
- Божа мой, не думаю, што гэта праўда! Нам без Тома нiяк. Я спытаюся ў яго. Непрыемнасцей i без таго досыць - не хапае яшчэ, каб за намi гналiся. Спадзяюся, гэта няпраўда. Трэба з iм пагаварыць начыстую.
Дзядзька Джон сказаў:
- Том сам ведае, як яму быць.
Усе змоўклi. Грузавiк грукатаў па дарозе. Матор барахлiў, стукацеў, тармазныя цягi бразгаталi. Колы парыпвалi, як драўляныя, са шчылiны ў каўпачку радыятара струменьчыкам вырывалася пара. За грузавiком вiўся чырвоны слуп пылу. Ён з грукатам адолеў апошнi пад'ём, калi палова сонечнага дыска яшчэ вiсела над рысай гарызонту, i, нырнуўшы ўнiз, пад'ехаў да дома, калi сонца зусiм схавалася. Тармазы завiшчалi, i гук гэты адцiснуўся ў Элавым мазгу словамi: "Усё - пракладка паехала".
Руцi i Ўiнфiлд з вiскам пералезлi цераз борт i саскочылi на зямлю. Яны крычалi:
- Дзе ён? Дзе Том? - I раптам убачылi яго каля дзвярэй i збянтэжана спынiлiся, потым паволi падышлi i нясмела зiрнулi на брата.
I калi Том сказаў: - Вiтанне, малыя, як справы? - яны адказалi:
- Вiтанне! У нас усё добра, - i, стаўшы ўбаку, пачалi разглядаць свайго вялiкага брата, якi забiў чалавека i сядзеў за гэта ў турме. Iм прыгадалася, як яны гулялi ў турму ў куратнiку i ваявалi мiж сабой за права быць арыштантам.
Конi Рыверс зняў з задняга борта высокую папярэчыну, саскочыў з грузавiка i памог Ружы Сарона злезцi; i яна з годнасцю прыняла яго дапамогу i ўсмiхнулася сваёй усёведнай, самазадаволенай усмешкай, неяк манерна скрывiўшы куткi губ.
Том сказаў:
- Ды гэта ж Разашарна! А я не ведаў, што ты разам з iмi прыедзеш.
- Мы iшлi пеша, - сказала яна. - Машына нас дагнала i падвезла. - I дадала: - Пазнаёмся з Конi, маiм мужам. - Яна прамовiла гэта, як велiкасвецкая дама.
Том i Конi павiталiся за руку, змерыўшы адзiн аднаго позiркам, уважлiва прыглядаючыся адзiн да аднаго, i засталiся задаволеныя гэтым аглядам. Тады Том сказаў:
- Я бачу, ты часу марна не трацiў.
Ружа Сарона апусцiла вочы на свой жывот:
- Нiчога ты не бачыш, рана яшчэ.
- Мне мама сказала. Калi ж гэта будзе?
- О, не хутка. Зiмой, не раней.
Том засмяяўся:
- Значыць, народзiш яго на апельсiнавым ранча, га? У беленькiм домiку сярод апельсiнавых дрэў?
Ружа Сарона памацала жывот абедзвюма рукамi.
- Нiчога ты не бачыш, - сказала яна, усмiхнуўшыся сваёй самазадаволенай усмешкай, i пайшла ў дом.
Вечар быў спякотны, з захаду ўсё яшчэ напорыста праменiлася святло. I, не чакаючы клiчу, уся сям'я сабралася каля грузавiка, i сямейны з'езд, сямейная рада пачала сваё паседжанне.
У вэлюме вячэрняга святла чырвоная зямля здавалася празрыстай, быццам яна раздалася ва ўсе бакi, i кожны камень, слуп i будынак набылi аб'ёмнасць i цэльнасць, не прыкметныя воку пры дзённым святле; i ўсе прадметы неяк больш, чым удзень, вылучалiся з астатнiх. Слуп быццам стаяў сам па сабе, аддзялiўшыся ад зямлi i ад кукурузных палёў, што рассцiлалiся за iм. А кожнае кукурузнае сцябло нiбы расло паасобку, не злiваючыся з астатнiмi; i касматая вярба стаяла сама па сабе, асобна ад другiх дрэў. Зямля нiбы падсвечвала вячэрняе сутонне. Заходняя сцяна шэрага, нефарбаванага дома серабрылася, як месяц. У гэтым святле шэры, зацярушаны пылам грузавiк, што стаяў на двары насупраць дзвярэй, прывiдна выступаў з прыцемак, быццам у таямнiчай далечы стэрэаскопа.
Вечарам з людзьмi таксама адбылася перамена. Яны злiлiся з бессвядомым жыццём прыроды. Яны падпарадкоўвалiся iмпульсам, што пакiдалi толькi лёгкi след у iх свядомасцi. Вочы iх глядзелi засяроджана i спакойна, i вочы гэтыя таксама здавалiся празрыстымi i яснымi ў вячэрнiм прыцемку - празрыстыя i ясныя вочы на запыленых тварах.
Сям'я сабралася на самым галоўным месцы - каля грузавiка. Дом быў мёртвы, палi былi мёртвыя, але грузавiк уяўляўся iм нечым жывым, асновай iх далейшага iснавання. Дапатопны "гудзон" з памятым, абабiтым кажухом радыятара, са зношанымi хадавымi часткамi, скрозь аблепленымi маслянiстымi згусткамi пылу, з нашлёпкамi чырвонага пылу на месцы каўпакоў на ўтулках колаў - гэтая паўлегкавая, паўгрузавая машына, няўклюдная, з высокiмi бартамi, цяпер была iх новым сямейным ачагом, асяродкам iхняга жыцця.
Подписывайтесь на наши страницы в социальных сетях.
Будьте в курсе последних книжных новинок, комментируйте, обсуждайте. Мы ждём Вас!
Похожие книги на "Гронкi гневу (на белорусском языке)"
Книги похожие на "Гронкi гневу (на белорусском языке)" читать онлайн или скачать бесплатно полные версии.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Отзывы о "Джон Стейнбек - Гронкi гневу (на белорусском языке)"
Отзывы читателей о книге "Гронкi гневу (на белорусском языке)", комментарии и мнения людей о произведении.