Лино Альдани - Месяц дваццацi рук (на белорусском языке)
Скачивание начинается... Если скачивание не началось автоматически, пожалуйста нажмите на эту ссылку.
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.
Описание книги "Месяц дваццацi рук (на белорусском языке)"
Описание и краткое содержание "Месяц дваццацi рук (на белорусском языке)" читать бесплатно онлайн.
Альдани Лино
Месяц дваццацi рук (на белорусском языке)
Лiно Альданi
Месяц дваццацi рук
Пераклала Iрэна Дабрыян
- Дэвiд Портленд, да дошкi! - сказаў настаўнiк Крупэн, падняўшы вочы ад класнага журнала.
Дэвiд чамусьцi адсунуў кнiгi i сшыткi i нарэшце вылез з-за парты.
- Ты вывучыў урок па астраномii?
- Вядома, спадар настаўнiк.
- Выдатна. Скажы, колькi прыродных спадарожнiкаў у планеты Сатурн?
- Дзесяць, спадар настаўнiк.
- Добра. Назавi iх i скажы ў храналагiчным парадку, калi яны былi адкрыты.
- Тытан, - няўпэўнена пачаў Дэвiд, - Япет, Рэя, Дыёна, Тэфiя, Энцэлад, Мiмас, Гiперыён... - Тут ён запнуўся i, пачырванеўшы ад напружання, утаропiўся ў наскi чаравiкаў.
- Добра, далей, - падбадзёрыў яго настаўнiк. - Не хапае яшчэ двух: Феба i?..
- Феба i Тэмiс.
- Правiльна. Ну, а цяпер другое пытанне. Як яшчэ называюць Тытан?
- Тытан? Яго называюць "Месяцам дваццацi рук".
- Растлумач чаму?
- Не ведаю, спадар настаўнiк.
- А трэба было б ведаць, Дэвiд, - з дакорам сказаў настаўнiк. - Я задаў на сёння прачытаць урывак з дадатку да падручнiка. Калi б ты яго прачытаў, дык змог бы адказаць на маё пытанне.
- Так, спадар настаўнiк, але я... не захацеў яго чытаць.
- Чаму ж?
Дэвiд Портленд завагаўся, але потым глянуў на настаўнiка i выпалiў:
- Бо я не люблю астраномii.
У класе зрабiлася вельмi цiха. Здзiўленыя позiркi вучняў быццам былi прыкаваныя да твару Дэвiда. Настаўнiк Крупэн паблажлiва ўсмiхнуўся.
- Праўда, не люблю, - больш смела паўтарыў Дэвiд. - Цярпець яе не магу. I потым... навошта яна мне, гэтая астраномiя? Касманаўтам быць я не збiраюся. Я хачу быць хiрургам, як i мой бацька. I не на нейкай планеце, а тут, на Зямлi.
Настаўнiк зноў усмiхнуўся:
- Цi не ранавата ты выбраў сабе прафесiю? Раптам перадумаеш?
Дэвiд крыху разгубiўся. Пад уважлiвым позiркам настаўнiка ён прыкрыў далонню вочы.
- Дай мне тваю кнiгу, Дэвiд.
Настаўнiк узяў падручнiк, зазiрнуў у змест, хутка пагартаў старонкi.
- Вось, трымай, - сказаў ён, працягваючы Дэвiду разгорнутую кнiгу. Прачытай вось тут. Гэта апавяданне невядомага аўтара дваццаць першага стагоддзя. Чытай больш уважлiва. Я выклiчу цябе яшчэ раз.
Дэвiд нiзка апусцiў галаву i пад хiхiканне сяброў паплёўся на месца. Ён цяжка ўздыхнуў, скрывiў з'едлiвую морду адразу ўсяму класу i паглыбiўся ў чытанне.
Цi знаёма вам, хоць у агульных рысах, будова аднаклетачнага арганiзма? Дык вось, касмiчны карабель "Iбiс" быў падобны на такi арганiзм. Ён не быў змантаваны цi сабраны па частках, яго абшыўку не зварвалi i не змацоўвалi балтамi. Адным словам, ён зусiм не нагадваў механiзма, у якiм асобныя часткi можна зняць i замянiць. Не, корпус "Iбiса" быў цэльны, i, ствараючы яго, вучоныя строга прытрымлiвалiся прынцыпаў навейшай тэорыi малекулярных сiл. Знешне "Iбiс" нiчым не адрознiваўся ад сучасных касмiчных караблёў, хiба толькi быў крыху меншы i не такi ходкi. Не спрачаюся, у яго канструкцыi былi нейкiя дэфекты, але шэсцьдзесят гадоў назад, калi "Iбiс" накiраваўся ў свой першы палёт i праект Крузiўса i Благовiча стаў рэальнасцю, усе славiлi новы цуд тэхнiкi.
У "Iбiса" было электрамагнiтнае кiраванне. Крузiўс i Благовiч блiскуча даказалi на практыцы, што касмiчным караблям для мiжпланетных падарожжаў больш не трэба рэактыўнае палiва. Асобы паскаральнiк "антыграў" - генератар антыгравiтацыйнага поля - дазваляў караблю лёгка пераадольваць любыя прасторы па гравiтацыйных лiнiях, якiя пранiзвалi космас. Гэта было сапраўды генiяльнае адкрыццё, сапраўдны пераварот у тэхнiцы.
Дзве тысячы дваццаць пяты год азнаменаваў сабою канец атамнай i пачатак электрамагнiтнай эры. Але, на жаль, гэты год стаў адным з сама трагiчных у гiсторыi чалавецтва. Ледзь толькi "Iбiс" блiскуча закончыў трэцi пробны пералёт Зямля - Марс - Зямля, як на нашай планеце нечакана для ўсiх успыхнула страшная эпiдэмiя жоўтай чумы.
Цяпер, вiдаць, толькi сама старыя людзi помняць пра тыя кашмарныя днi. Аднак, я ў гэтым не ўпэўнены, вядома ж, што падзеi, якiя адрознiваюцца асаблiвай жорсткасцю, мiжвольна выклiкаюць абарончую рэакцыю ў чалавечым мозгу, i амаль заўсёды ўступае ў дзеянне закон падсвядомага аптымiзму, якi прымушае нас забыць усё непрыемнае. Так цi iнакш, але няма нiводнай кнiгi па гiсторыi i медыцыне, у якой не ўпамiнаўся б той злашчасны год. Падлiчана, што за паўгода эпiдэмiя забрала паўтара мiльярда людзей - амаль палову насельнiцтва Зямлi. I калi другой палове пашчасцiла ўцалець, то гэтым зямляне абавязаны ксемедрыну, якi здабывалi на Тытане, i касмалёту "Iбiс", якi з нечуванай хуткасцю даляцеў да шостага спадарожнiка Сатурна.
Палёт не быў небяспечны. Дагэтуль чалавек ужо не раз ступаў на паверхню спадарожнiкаў Сатурна. Больш таго, ён пранiк на планету Ўран, змог абляцець i дасканала вывучыць усю Сонечную сiстэму - i ўсё гэта на цяпер ужо ўстарэлых атамных караблях.
Адным словам, "Iбiсу" не пагражала сур'ёзная небяспека. Не было падстаў баяцца i якiх-небудзь нечаканасцей.
На самай справе, трыццацiдзённы палёт праходзiў вельмi добра. Але пры пасадцы на Тытан здарылася невялiкая аварыя - быў пашкоджаны антыграў.
Толькi праз двое сутак камандзiру карабля Арнэ Лагерсану i iнжынеру-пiлоту ўдалося выявiць, што, хоць iндыкатар стаiць на адзнацы "нармальна", каштоўная энергiя антыгравiтацыйнага ўстройства катастрафiчна памяншаецца.
- Мы часам падобныя на паганятага вярблюдаў у пустынi, якi вельмi спакойна iдзе на чале каравана i не заўважае, што ў яго дзiравы бачок з вадой, - сказаў Арнэ Лагерсан.
У навiгацыйны салон, дзе сабраўся камандны састаў карабля, увайшоў борт-iнжынер Аляксей.
- Я ўмацаваў злучальныя кабелi i агледзеў увесь комплекс антыграва, цяпер усё ў парадку, - далажыў ён i паглядзеў на свае перапэцканыя ў масле рукi. Падумаць толькi! Двое сутак мы спакойна спалi i елi i нават не здагадвалiся, што ў кандэнсатарах уцечка. Я гатовы сам сябе адлупцаваць.
- Перастань, - сказаў другi пiлот Фултан. - Я ўсё думаю, як гэта магло здарыцца?
Арнэ Лагерсан адышоў i прымасцiўся ў кутку. Ён нерухома глядзеў проста перад сабою, раз-пораз цiха пахрустваючы пальцамi. Да яго падсеў Фултан.
- Магчымасць уцечкi энергii ў антыграве прыкладна адна тысячная, - сказаў ён. - Улiчы таксама, што сапсаваўся ахоўны клапан. Мала таго, адмовiў i аварыйны клапан. Гэта ўжо занадта.
Лагерсан у адказ толькi пацiснуў плячамi.
- Нiчога не разумею, - працягваў Фултан. - Тысяча, памножаная на мiльён, дае мiльярд. Чуеш, Арнэ? Iмавернасць была адна мiльярдная. Пашанцавала, няма чаго сказаць!
- Твае разлiкi недакладныя, - сказаў Лагерсан. - Пасадка была не вельмi ўдалая, i многiя клапаны выйшлi з строю. Што ж у гэтым дзiўнага? Так ужо здарылася, i цяпер нам даводзiцца туга. А што паказвае iндыкатар антыграва?
- Мала суцяшальнага. Пакуль шэсцьсот пяцьдзесят кiлаграмаў нiжэй крайняй нормы. Але калi ўлiчыць, людзi i механiзмы важаць тысячу шэсцьсот кiлаграмаў, то няцяжка падлiчыць. На караблi дзевяцьсот пяцьдзесят кiлаграмаў лiшняга грузу.
Лагерсан да болю закусiў вусну i з жалем пакруцiў галавой:
- Дрэнь нашыя справы, Фултан.
- Ды ўжо горш няма куды. - Фултан агледзеўся па баках, быццам толькi адным поглядам хацеў акiнуць усё навокал.
- Нялёгка будзе скiнуць гэтыя лiшнiя дзевяцьсот кiлаграмаў.
Лагерсан склiкаў усiх афiцэраў.
Не чакаючы спецыяльнага запрашэння, да iх далучылiся Аляксей, Iрына i доктар Паўльсэн.
- Прашу вас усё, што здарылася, трымаць у тайне, - сказаў камандзiр карабля. - Няма чаго наперад трывожыць экiпаж.
Ён падняўся на камандны мосцiк i павольна пайшоў у сваю рубку, адчуваючы сябе смяротна стомленым i блiзкiм да непрытомнасцi. "Старэю, - падумаў ён. Хутка сорак. Мнагавата, мнагавата для такой работы".
Ён запалiў цыгарэту i зiрнуў у плексiгласавы iлюмiнатар.
Адсюль Тытан здаваўся безжыццёвай раўнiнай, скаванай ледзяным панцырам. З расколiн у сiняватых ледзяных глыбах тонкiмi чырвонымi струменьчыкамi выцякаў ксемедрын, рассцiлаючыся над самай паверхняй планеты. Лагерсан не раз бываў на Тытане. Упершыню ён прыехаў сюды ў дзве тысячы адзiнаццатым годзе, калi рабiў здымкi мясцовасцi, а потым другi раз, роўна праз дзесяць гадоў, калi рабiў новыя, перыядычныя. I вось цяпер ён трапiў сюды трэцi i баяўся, цi не апошнi раз.
Прыкладна за трыста метраў ад карабля з-за ледзянога ўзгорка паказалiся касманаўты. У грувасткiх касмiчных скафандрах яны рухалiся павольна, адзiн за адным, несучы на плячы балоны з ксемедрынам, якi сабралi з расколiн за доўгiя гадзiны цяжкай працы. Лагерсан пазнаваў сваiх людзей па хадзе. Не ўсiх вядома: на караблi было некалькi навiчкоў, але кожнага, з кiм яму даводзiлася лётаць раней, ён, не вагаючыся, пазнаў бы i за тысячу метраў.
Ён у знямозе прылёг на ложак.
Дзевяцьсот кiлаграмаў! Iх трэба выкiнуць любой цаной. Але Лагерсан не мог засяродзiцца на гэтай думцы. Ён думаў пра iрацыянальнасць свету i самой гiсторыi - сапраўды, недарэчна, калi свет аганiзуе ад нейкай нiкчэмнай, невядомай дагэтуль бактэрыi, а выратавальныя лекi можна здабыць толькi за мiльёны кiламетраў ад Зямлi! А, зрэшты, магчыма, у гэтым ёсць свая логiка i нават шчаслiвая заканамернасць. Ксемедрын! Калi шмат гадоў назад на Тытане праводзiлiся першыя здымкi мясцовасцi, хто б мог падумаць, што рэдкiя чырвоныя струменьчыкi газу прынясуць ратунак чалавецтву? А лекар з Гамбурга! Гэта ж ён здагадаўся, што ў барацьбе з бактэрыяй можна выкарыстаць толькi ксемедрын. Ён выпадкова знайшоў гэта, вывучаючы ўсялякiя каталiзатары для атрымання супрацьэпiдэмiчнай сывараткi. Але цi была гэта вападковасць, цi заканамернасць?
Подписывайтесь на наши страницы в социальных сетях.
Будьте в курсе последних книжных новинок, комментируйте, обсуждайте. Мы ждём Вас!
Похожие книги на "Месяц дваццацi рук (на белорусском языке)"
Книги похожие на "Месяц дваццацi рук (на белорусском языке)" читать онлайн или скачать бесплатно полные версии.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Отзывы о "Лино Альдани - Месяц дваццацi рук (на белорусском языке)"
Отзывы читателей о книге "Месяц дваццацi рук (на белорусском языке)", комментарии и мнения людей о произведении.