Вінцэсь Мудроў - Албанскае танга
Все авторские права соблюдены. Напишите нам, если Вы не согласны.
Описание книги "Албанскае танга"
Описание и краткое содержание "Албанскае танга" читать бесплатно онлайн.
Кельнер вярнуўся хвілінаў праз дзесяць. І не адзін, а з нейкім высокім і худым, як жардзіна, мужчынам. Паказаўшы пальцам на іншаземца, кельнер з лямантам пабег на кухню. На кухні штосьці прыгарэла, і адтуль цягнула шызым куродымам.
- Добры вечар, - прамовіў даўгяла па-расейку, чым вельмі здзівіў Міколу.
Рот іншаземца быў забіты джувечам, і той замест прывітання баднуў галавой.
- А вы сапраўды з Гомеля? - албанец прамаўляў амаль без акцэнту.
Мікола спехам праглынуў непражаванае едзіва, прыпаў да шклянкі з
напоем, таргануў падбароддзем.
- А я ў вас вучыўся. У чыгуначным інстытуце. Трыццаць... - даўгяла ўзняў вочы да столі, зварухнуў бязгучнымі вуснамі - ...трыццаць адзін год таму.
Сустрэць амаль што земляка... і дзе... тут... у чужой, далёкай і дарэшты глухой краіне - гэта выглядала сапраўдным цудам. Мікола ўдыхнуў паветра, ратуючы апалены перцам рот, падумаў - што б такое сказаць у адказ, - і неўзабаве выдыхнуў:
- Так, у нас і тэхнікум ёсць чыгуначны, і інстытут.
Былы студэнт адкінуўся на прыслон крэсла, крыкнуў штосьці па-албанску, звяртаючыся, як бачна, да кельнера, і той выплыў з куродыму з пачатай пляшкай у руцэ.
- А я сяджу, галюся, а тут Далі залятае - брат мой... пазнаёмцеся, дарэчы. - Кельнер выцер аб хвартух рукі, і яны з Міколам парукаліся.
- Бяжы, кажа, чалавек з Гомеля прыехаў. Джувеч замовіў. Я нават не дагаліўся, кінуў усё і пабег, - даўгяла правёў далонню па падбароддзі, правая палова якога блішчэла, а левая сівела шчэццю. - Трыццаць гадоў ніхто з Саюзу не прыязджаў, а тут раптам такі госць, ды з самога Гомеля!
Даўгяла напоўніў маленькія, ледзь не з напарстак кілішкі.
- Фернет, мы яго разам з кавай п’ем, - патлумачыў былы студэнт, і яны ўтрох кульнулі па чарцы.
Напой быў даволі моцны, гаркавы на смак і пахнуў рамонкамі.
- Брат кавярню трымае, на пару з жонкай. І сын дапамагае, - даўгяла ізноў напоўніў чаркі, крыкнуў у бок кухні: - Фатос!
Мурзаты хлопец пужлівым крокам выйшаў з кухні, шморгнуў перапэцканым сажай носам. Няйначай, атрымаў прачуханца ад бацькі.
Мікола памацаў рукою кішэні пінжака, маракуючы - што ж такое падараваць хлопцу. Нічога прыдатнага пад рукой не было, і ён выцягнуў з нутраной кішэні 5-доларавую паперку.
- Пляменніка Фатосам завуць. «Герой» значыць. Добры хлопец расце. Толькі ўвесь час у яго штосьці на патэльні падгарае, - прамовіў дзядзька.
- На, Фатос, купіттт сабе што-небудзь. Больш, на жаль, нічога падараваць не магу, - Мікола прыцягнуў паперку, але хлопец адразу яе не ўзяў, з асцярогай зірнуў на бацьку і толькі пасля таго падхапіў грошы.
- У мяне таксама дома сын расце, толькі на пару гадоў старэйшы,
- выдыхнуў Мікола, адчуўшы, што галава, хоць і выпіў зусім няшмат, пайшла колам.
Міколу раптам стала лёгка - на душы і ў целе. Так бывае, калі пасля доўгай дарогі вяртаешся дахаты і плюхаешся на тахту. І яму ўсё наўкол стала падабацца - і гэтая прапахлая лоем кавярня, і ціхая ўсходняя музыка, што лілася аднекуль са столі, і наведнікі, якія сядзелі ў кавярні і на якіх ён яшчэ паўгадзіны таму глядзеў з насцярогаю. І адзін са старых - тых самых, што сядзелі ў дальнім канцы шынка і пілі каву, - падняўся на ногі і заспяваў:
- Ходит парэнь - сама печал, смотрит парэнь куда-то вдал. А я вижу и з-за плетня-а косит взглядом он на меня...
Гэта была ўлюбёная песня маці. Мікола хацеў было таксама заспяваць, але не ведаў слоў, а таму падышоў да старога і паціснуў сухую старэчую далонь.
Паволі насоўваўся змрок. Высокае неба мела фіялетавы водцень, у вокнах ужо гарэла святло, і толькі пакручастая гара, што падпірала горад з усходу, яшчэ была асветленая промнямі згасальнага сонца.
- Мяне, дарэчы, Петрытам завуць, - прамовіў албанец.
- А мяне Міколам, - адказаў госць, і яны парукаліся.
- Петрыт - гэта па-нашаму Пеця?
- Не зусім так. Па-албанску гэта значыць «сокал». Але калі вучыўся ў Саюзе, мяне толькі так і звалі: Пеця. А прозвішча маё Прыфці. Калі літаральна перакласці, дык па-вашаму будзе Папоў, - албанец вінавата пацёр рукі. - І як вам наша ежа?
Зачараваны краявідам, Мікола крутнуў галавой, зірнуў на залітую чырванню гару, нарэшце ачуўся:
- Смачна. Толькі чаму вы ўсё паліваеце авечым лоем?
- Як чаму? Бо без лою страва не будзе мець ні смаку, ні паху.
Петрыт выцягнуў з кішэні пачак албанскі цыгарэт, прапанаваў госцю.
- Мне вось у вашых сталоўках таксама не ўсё падабалася, - албанец пстрыкнуў запальнічкай. - Але была адна смаката... забыўся толькі назву... дракі?.. дранкі?
- Ці не дранікі?
- Так! Дранікі! - у вачах албанца мільганулі жарынкі барвовага сонца.
- Мяне імі адна гомельская дзяўчына частавала.
Потым яны доўга ішлі моўчкі, і Мікола, каб парушыць маўчанне, зацягнуўся цыгарэтай і разам з дымам выдыхнуў:
- Добры тытунь.
Яны выйшлі на шырокі бульвар, і над іхнімі галовамі запаліліся вулічныя ліхтары.
- Нашыя цыгарэты, дурэскай фабрыкі. «DS» называюцца, - суразмоўнік знянацку насупіўся. - Памятаю, як з вакацый у Саюз вяртаўся, заўсёды цыгарэты браў. Адразу ж, у інтэрнаце, усё і прадаваў. Жылі бедна, грошай не было, а тут такі прыробак.
Мікола слухаў албанца, заўважаючы адну асаблівасць: чаго б ні тычылася размова, суразмоўца адразу ж згадваў свае «гомельскія» часіны. Вось і цяпер, ідучы вечаровым бульварам, Петрыт распавядаў, як яны, трое албанцаў, жылі ў студэнцкім інтэрнаце, як смажылі бульбу на пазычанай у суседнім пакоі патэльні, як бегалі на дзённыя сеансы ў кінатэатр імя Калініна і як праходзілі вытворчую практыку ў паравозным дэпо. Раз- пораз, калі ішлі міма нейкай будыніны, Петрыт каротка тлумачыў - што ў ёй месціцца, - а потым ізноў апавядаў пра сваё студэнцкае жыццё. «Гатэль «Дайці», - тлумачыў Петрыт, калі яны спыніліся на імгненне перад чатырохпавярховым, пазначаным разлеглымі лоджыямі будынкам,
- італьянцы праектавалі»... «Вось тут, адразу за гатэлем, помнік Леніну стаяў... летась разбурылі»... «А вунь піраміду бачыш? Музей Энвера Ходжы... цяпер разбіты ўшчэнт»... «Гмах з калонамі - гэта Палац культуры. У 1959 годзе Хрушчоў, як быў у нас, першы камень у падмурак закладаў»... «А гэта помнік Скандэрбегу, нашаму нацыянальнаму герою...».
Днём, з акна гатэля, манумент нацыянальнаму герою здаваўся невялічкім, а цяпер, у святле ліхтароў, уражваў сваёй масіўнай веліччу. Скандэрбег сядзеў на кані, прытуліўшы да плечука вялізны меч і пагрозліва пазіраў на гатэль, дзе надоечы пасяліўся Мікола.
- А хто ў вас, у Беларусі, цяпер галоўны нацыянальны герой? - знянацку запытаўся Петрыт, калі яны падыходзілі да гатэля.
- Ленін, відаць, - адказаў Мікола пасля хвіліны роздуму, - ягонымі помнікамі ўсё скрозь застаўлена.
- Яшчэ не знеслі? - з лёгкай іроніяй перапытаў албанец, і беларус з неахвотай страсянуў галавой.
На прыступках гатэля яны паціснулі адзін аднаму рукі, але потым яшчэ цэлую гадзіну гаманілі і дамовіліся, на радасць Міколу, заўтра ад ранку ехаць у Дзіракастру - на радзіму Энвера Ходжы. У тым горадзе, як высветлілася, у Петрыта жыла родная сястра. Таму і падахвоціўся завітаць да яе на спадарожнай машыне.
Падняўшыся ў нумар, Мікола рашуча адсунуў цяжкія парцьеры і прачыніў вакно. Лёгкі ветрык крануўся твару, зварухнуў чупрыну на ілбе.
Дзесьці на даляглядзе плылі рознакаляровыя агеньчыкі, зырка асветлены мінарэт працінаў цёмнае неба сваім вострым спічаком, і Скандэрбег, на якога былі скіраваныя промні двух пражэктараў, усё так жа сувора і патрабавальна паглядаў у бок гатэля.
Дзесьці ўнізе, відаць, у рэстарацыі гучала музыка. Гэта была сумная мелодыя, падобная да танга, ад якой у Міколы пацяплела ў грудзіне. Стваралася ўражанне, што не сонны ветрык, а плынь шчымлівых зыкаў уварвалася ў ваконную пройму і казыча лабаціну.
«Дзівак гэты Петрыт: не пра ўласную кішэнь дбае, а пра дзяржаву», - падумаў Мікола, паваліўшыся на ложак. Петрыт, як вынікала, быў ягоным аднагодкам і працаваў інжынерам на будаўніцтве чыгункі. Апошнюю лінію, якую будаваў, так і не здалі ў эксплуатацыю - у дзяржавы скончыліся грошы, - а сам ён застаўся без працы. Але вось жа чалавек - пра сваё беспрацоўе толькі мімаходзь згадаў, а пра тое, што дарогу не дабудавалі, распавядаў траха не са слязьмі на вачах. «Уяўляеш, Мікола, столькі людзей туды сагналі, столькі жалеза ды бетону ў масты ўбухалі, столькі друзу завезлі, нарэшце, столькі лесу на шпалы парэзалі - і ўсё марна». Цяпер небарака жыў з таго, што чытаў лекцыі ва ўніверсітэце - чатыры гадзіны на тыдзень - ды пісаў цішком курсавыя працы нядбалым студэнтам. Петрыт наогул шмат чаго распавёў, але было адчуванне, што ён хоча яшчэ пра нешта распавесці, ды ніяк не наважваецца.
У шчыліну прачыненага вакна струменіла ўся тая ж шчымлівая мелодыя. Мікола слухаў яе і яму здавалася, што гукі танга кранаюцца цела сваімі цёплымі струменямі і абмытае цела пазбываецца цяжару і ляціць па горнай дарозе ў замарачы салодкага сну.
Подписывайтесь на наши страницы в социальных сетях.
Будьте в курсе последних книжных новинок, комментируйте, обсуждайте. Мы ждём Вас!
Похожие книги на "Албанскае танга"
Книги похожие на "Албанскае танга" читать онлайн или скачать бесплатно полные версии.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Отзывы о "Вінцэсь Мудроў - Албанскае танга"
Отзывы читателей о книге "Албанскае танга", комментарии и мнения людей о произведении.