Кацярына Мядзведзева - Разламашкі майстра Люфта
Скачивание начинается... Если скачивание не началось автоматически, пожалуйста нажмите на эту ссылку.
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.
Описание книги "Разламашкі майстра Люфта"
Описание и краткое содержание "Разламашкі майстра Люфта" читать бесплатно онлайн.
Кацярына МЯДЗВЕДЗЕВА
РАЗЛАМАШКІ МАЙСТРА ЛЮФТА
Аповесць
Прафесар гартаў уводзіны да Антонавага дыплома і на вачах змрачнеў.
— Даражэнькі, што за тэма? — сказаў ён нарэшце. — Я разумею, нікому не хочацца вывучаць музычныя скарбонкі, усім рэдкасці падавай. Я разумею, што разламашкі майстра Люфта — гэткая прыгожая казка, шмат каго натхніла паступіць менавіта да нас, у школу вытанчаных рамёстваў. Але і вы ж мяне зразумейце! У дыпломе павінна быць практычная частка: фатаграфіі, схемы, аналіз вытворчасці, распрацоўкі мадэлі. А калекцыя разламашак — і вы гэта ведаеце не горш за мяне — на выставы не вывозіцца, захоўваецца ва ўдавы майстра Люфта пад замком! Старая ашалела, нікога не пускае ў дом. На якім матэрыяле вы збіраецеся працаваць? Міфы і легенды нашага мястэчка? Старыя газетныя артыкулы ды чорна-белыя здымкі трыццацігадовай даўнасці? Вы праваліце дыплом!
— Але я напісаў мадам Люфт ліст з просьбай прыняць мяне! — горача запярэчыў Антон. — Упэўнены, яна не адмовіць. Я збіраюся пагасцяваць у яе і зрабіць фотаздымкі калекцыі, а таксама, з дазволу гаспадыні, падрабязна вывучыць дзве-тры разламашкі і апісаць іх.
— А маладзік з нябёсаў вы заадно не дастанеце? — пацікавіўся прафесар. — Ніколі яшчэ не бачыў такой саманадзейнасці. Майце на ўвазе, да аўторка ў вас ёсць час памяняць тэму дыплома. А потым я з’язджаю на канферэнцыю, і ўжо тады выкручвайцеся як хочаце.
Антон забраў сшытак і выйшаў.
Зразумела, ён ведаў, што так і будзе: што яго высмеюць аднакурснікі ды скептычна паставіцца прафесар.
Але ён ведаў і тое, што разламашкі былі зусім не вывучаны. Загадкавыя рэчы, якія на выгляд здаюцца нечым адным, а насамрэч з’яўляюцца зусім іншым. Ніхто не ўмеў іх рабіць, хоць усе марылі навучыцца. На чорным рынку за разламашку прапаноўвалі шалёныя грошы.
Калекцыянеры дрыжалі над кожным экзэмплярам. І калі Антон збіраўся прысвяціць чамусьці сваё жыццё, дык гэта — вывучэнню і стварэнню разламашак. Гэта вам не гадзіннікавы механізм сабраць са спружынак і зубчастых колцаў. Разламашкі — мастацтва, паэзія, мара!
***
На дыванку пад дзвярамі Антона чакаў ліст. Ад мадам Люфт. Ён чытаў яго, калі ішоў у студэнцкую сталоўку, і яго твар усё больш хмурнеў.
«Сябручок, — было напісана там мудрагелістым почыркам. — Дом майстра Люфта — не гасцініца для студэнтаў, а таксама не музей. Вашу просьбу змушана адхіліць. З прывітаннем, мадам Люфт».
— З прывітаннем, — прамармытаў Антон. — З прывітаннем...
— Антон! — да хлопца падсела яго аднакурсніца Юлія.
Вочы ў страуса большыя, чым ягоны мозг. Пра Юлію можна было смела казаць тое ж самае. Мабыць, за прыгожыя вочы яе і трымалі ў школе, іншых прычын Антон не ведаў, таму што вучылася дзяўчына вельмі дрэнна.
— Чаго журышся? Благія весткі? — спытала яна на здзіўленне зацікаўлена.
— Ды ўжо ж, — прамармытаў ён.
— Знаёмы почырк, — прагаварыла Юлія. Выхапіла ліст, прабегла вачамі. — Вой, толькі не кажы, што ты сур’ёзна вырашыў заняцца Люфтавымі разламашкамі!
— Аддай! — ускінуўся Антон. — Чым хачу, тым і займаюся. Што тут такога?
— Ды нічога асаблівага, — яна паціснула плячамі. — Гэта свайго роду благая традыцыя. З году ў год у школе знаходзяцца дзівакі, якім падавай міфічныя разламашкі міфічнага Люфта. Усімі шляхамі яны спрабуюць пракрасціся ў прыстанак засмучанай удавы, каб увачавідкі ўбачыць калекцыю. І, што самае цікавае, пасля гэтага яны ніколі не вяртаюцца ў школу. Адны з глуздоў з’язджаюць, другія трапляюць у турму за спробу крадзяжу з узломам.
— Адкуль такая дасведчанасць? — спытаў Антон хмура.
— Ды бачыш, — яна агледзелася па баках, — са згоды дырэкцыі я вучуся тут пад выдуманым прозвішчам. А насамрэч майстар Люфт даводзіўся мне родным дзедам. І на выхадныя я з’язджаю туды, дзе не гасцініца і не музей. Да маёй ненагляднай бабулі з прыветам.
Антон разявіў рот.
— І што вы ўсе знаходзіце ў дурных дзядулявых забаўках? — прагаварыла Юлія задуменна. — Барахло барахлом. Для мяне, дык каралі з чорных перлін ці брыльянтавыя дыядэмы — значна цікавей.
— Ты бачыла разламашкі? Можа, і ў руках трымала?! — недаверліва спытаў Антон.
— Само сабой, — кіўнула яна. — Не разумею, што ў іх асаблівага? Размаляваныя дзеравякі ды бляшанкі. Дзецям, можа, такое і цікава. А дзяўчаты, накшталт мяне, аддаюць перавагу даражэйшым цацкам.
— Юлія! — Антон учапіўся ў яе. — Юлія!
— Не працягвай, у мяне адкрылася здольнасць да тэлепатыі, — усміхнулася яна. — Прапаную абмен. Ты пішаш за мяне дыплом па каралях з перлін усходніх мораў, а я бяру цябе на выхадныя ў дом бабулі Люфт.
— Ды я напішу сто дыпламоў за мажлівасць дакрануцца хоць да адной разламашкі! — усклікнуў Антон. — Але скажы, твая бабуля... не будзе лаяцца, калі ты прыедзеш дахаты не адна? Г эта пристойна?
— Што-небудзь прыдумаем, — Юлія зірнула на ручны гадзіннічак. — На тваім месцы я б не расседжвалася. Бібліятэка зачыняецца ў восем, а я заўтра павінна паказаць выкладчыку першы раздзел.
***
Жыллё майстра Люфта было падобна да легендарных разламашак. Няскладны, рознакаляровы, дзівакаваты дом з мноствам вежак, мансард, флюгераў і, невядома навошта, з байніцамі. Мабыць, каб адстрэльвацца ад дакучлівых прыхільнікаў.Кутняе акно на другім паверсе было забрана кратамі. Хутчэй за ўсё, менавіта там жыла бабуля Люфт у абдымку з каштоўнай калекцыяй. У акне па суседстве курыла пякучая брунетка нявызначаных гадоў. А ў акенцы мезаніна сядзела дзяўчынка з коскамі і пускала мыльныя бурбалкі.
— Мая стрыечаная сястра Кіра, — буркнула Юлія. — На рэдкасць надакучлівае стварэнне. Тая, што паліць, — яе маці Аліна. Дужа з’едлівая асоба, не прымай яе словы на веру, гэта істэрыка па сыходзячай маладосці. Імкніся клікаць яе па імені, за «цётку» можа аплявуху ўляпіць. І ў цэлым, не надта звяртай увагу на маё сямейства, яны з дзівацтвамі. Зрэшты, як і ўсе.
Дзверы ім адчыніла сама бабуля Люфт. Далікатная сталая лэдзі ў іскрыстай чорнай сукенцы. На шыі ў яе вісеў масіўны залаты ключ, аздоблены дыяментамі. Не горш дыяментаў паблісквалі і бабуліны вочы, калі яна расцалавала спачатку Юлію, потым Антона, чаму апошні невымоўна здзівіўся.
— Дзеці мае, як я радая, — прагаварыла яна, бадзёра ўстрасянуўшы сівымі кудзеркамі. — Чысціце пёркі, пераапранайцеся, праз паўгадзіны вячэра.
Бабуля віртуозна развярнулася на высокіх абцасах і накіравалася ў глыбіні дома. Толькі цяпер Антон заўважыў, што яе суправаджаў чорны калматы сабака, памерам з дарослую авечку.
— Гэта Люфі, — растлумачыла Юлія, — дзядуля ў ім душы не чуў.
Яны падняліся на другі паверх.
— Што ты сказала пра мяне? — спытаў здзіўлены Антон. — Я не чакаў такога ветлівага прыёму.
— Даведаешся за вячэрай, — Юлія адчыніла дзверы. — Вось твой пакой. І не забудзься надзець гальштук. Бабуля вельмі педантычная ў пытаннях этыкету.
— Твой пакой побач? Раптам мне штосьці спатрэбіцца.
— Нават не ведаю, што табе можа спатрэбіцца ў маім пакоі? — прагаварыла Юлія задуменна. — Не, я жыву ў іншым канцы калідора.
Антон прысеў на ложак і расчыніў чамадан. Неабходна было апрануць нешта прыстойнае, каб уразіць бабулю-арыстакратку. Ён узрадаваўся, што захапіў касцюм.
Тут дзверы адчыніліся, і ў пакой увайшла тая самая дзяўчынка з мыльнымі бурбалкамі, Кіра. Цяпер у яе руках быў нейкі трапічны пупс. А следам за ёй уціснуўся ў дзверы Люфі і пачаў уважліва абнюхваць Антона.
— Прывітанне, — павітаўся Антон. — Я ведаю, ты Кіра, сястра Юліі.
Дзяўчынка моўчкі глядзела на яго вялікімі сінімі вачамі, якіх наогул не бывае ў прыродзе. Яе сукенка — пышная, з вялікім карункавым каўняром і стужкай замест пояса — нагадвала лялечную. Унучка майстра Люфта, падумаў Антон. Напэўна менавіта ў гэты момант, поруч з казачнай накрухмаленай дзяўчынкай, ён усвядоміў нарэшце, дзе знаходзіцца, і ў яго трохі закруцілася ў галаве.
— Скажы, ты памятаеш свайго дзядулю Люфта? — спытаў ён. — Які ён быў? Ён распавядаў табе казкі на ноч?
Дзяўчынка ўсё гэтак жа моўчкі глядзела на яго. Люфі таксама. Гэтыя двое быццам чакалі ад яго нейкіх слоў ці ўчынкаў, і Антон крыху разгубіўся.
— Чым абавязаны? — спытаў ён ненатуральна ветлівым тонам.
— Кіра, дзетка, ты стамляеш нашага дарагога госця, — раздаўся голас з калідора, і ў пакой зазірнуў поўны лысаваты мужчына. — Карл, бацька гэтага цудоўнага стварэння, — прадставіўся ён.
— Адрамантуй маю ляльку, калі ласка, — сказала Кіра.
— Тваю ляльку ніхто не зможа паправіць, бо яе рабіў сам дзядуля Люфт, — хмыкнуў лысаваты Карл. — Не стаў маладога чалавека ў няёмкае становішча.
— Не, чаму ж, я паспрабую! — загарэўся Антон. Яго рукі прагна цягнуліся да рэчы, зробленай самім майстрам. — Дазволь, я зірну?
Кіра працягнула яму ляльку і тут жа выбегла. Чорны сабака патрухаў следам, абвёўшы Антона змрочным поглядам.
— Не марнуйце дарма час, малады чалавек, мая вам парада, — пакруціў галавой Карл. — Лепш згуляем у карцішкі. Покер, прэферанс, у падкіднога?
Подписывайтесь на наши страницы в социальных сетях.
Будьте в курсе последних книжных новинок, комментируйте, обсуждайте. Мы ждём Вас!
Похожие книги на "Разламашкі майстра Люфта"
Книги похожие на "Разламашкі майстра Люфта" читать онлайн или скачать бесплатно полные версии.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Отзывы о "Кацярына Мядзведзева - Разламашкі майстра Люфта"
Отзывы читателей о книге "Разламашкі майстра Люфта", комментарии и мнения людей о произведении.