Эрих Ремарк - Тры таварышы (на белорусском языке)
Скачивание начинается... Если скачивание не началось автоматически, пожалуйста нажмите на эту ссылку.
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.
Описание книги "Тры таварышы (на белорусском языке)"
Описание и краткое содержание "Тры таварышы (на белорусском языке)" читать бесплатно онлайн.
Я прыслухаўся, што робiцца ў другiм пакоi. Пат яшчэ спала. Я падышоў да дзвярэй i пастаяў там хвiлiнку. Яна спала спакойна, не кашляла. На нейкi момант у мяне з'явiлася балючая надзея - я ўявiў сабе, што Жафэ патэлефануе сёння, заўтра цi праз некалькi дзён, каб сказаць мне, што ёй не трэба ехаць... але потым я прыпамiнаў ночы, калi я чуў лёгкi шум яе дыхання, гэты рэгулярны, прыглушаны хрып, якi з'яўляўся i знiкаў, нiбы шум ад работы далёкай тонкай пiлы, i надзея пагасала гэтаксама хутка, як i загаралася.
Я вярнуўся да акна i зноў утаропiўся ў дождж. Потым я прысеў да пiсьмовага стала i пачаў лiчыць грошы. Я палiчыў, наколькi iх магло б хапiць для Пат, але мне зрабiлася невыносна, i я зноў схаваў iх у кашалёк.
Я глянуў на гадзiннiк. Было каля сямi. Пакуль Пат прачнецца, у мяне ёсць яшчэ добрыя дзве гадзiны. Я хутка апрануўся, каб папрацаваць крыху на таксi куды лепш, чым заставацца ў пакоi са сваiмi думкамi.
Я пайшоў у майстэрню, вывеў машыну i паволi паехаў па вулiцах. Людзей было мала. У рабочых раёнах цягнулiся доўгiя рады даходных дамоў-казармаў. Непрыбраныя i закiнутыя, яны стаялi пад дажджом, нiбы старыя сумныя прастытуткi. Тынк на брудных фасадах абвалiўся, цьмяныя вокны бязрадасна мiргалi на ранiшняе святло, а сцены зеўралi мноствам глыбокiх жоўта-шэрых дзiрак, быццам цела, паточанае болькамi.
Я перасек старую частку горада i пад'ехаў да сабора. Я спынiўся перад брамкай i вылез. З-за цяжкiх дубовых дзвярэй глуха даляталi гукi аргана. Якраз надышоў час ранiшняй малiтвы, i па мелодыi я зразумеў, што iшло асвячэнне святых дарункаў, да канца iмшы заставалася не менш дваццацi хвiлiн. Потым выйдуць людзi.
Я пайшоў у царкоўны сад. Ён патанаў у шэрым святле. З кустоў руж сцякалi кроплi дажджу. Мой плашч быў даволi шырокi, i кветкi, што я пазразаў, добра месцiлiся пад iм. Хоць была нядзеля, прахожых не было, i я спакойна занёс ахапак руж у машыну. Потым вярнуўся, каб набраць яшчэ. Толькi я паспеў схаваць ружы пад плашч, як пачулiся нечыя крокi. Я прыцiснуў букет рукой i спынiўся перад барэльефам, быццам молячыся.
Крокi наблiзiлiся, але не мiнулi мяне. Нехта спынiўся. Мне стала душна. Я вельмi задумлiва ўтаропiўся на барэльеф, перахрысцiўся i паволi пайшоў далей ад барэльефа, якi быў воддаль ад сцежкi. Крокi рушылi следам за мной i зноў спынiлiся. Я не ведаў, што рабiць. Я не мог iсцi адразу, трэба было перачакаць той час, якi патрэбны, каб дзесяць разоў паўтарыць "Авэ Марыя" i адзiн раз "Ойча наш". Iнакш я выдаў бы сябе.
Я стаяў i пазiраў, стараючыся зразумець, што здарылася, - асцярожна, з адсутным позiркам, быццам хтось патрывожыў маю малiтву.
Я глянуў у зычлiвы круглы твар пастара i з палёгкай уздыхнуў. Я ўжо лiчыў, што выратаваны, бо ведаў, што ён не будзе перабiваць малiтву. Але тут я заўважыў, што, на сваё няшчасце, стаю ўжо каля апошняга адрэзка хрэснага шляху. Як бы марудлiва я нi малiўся, праз некалькi хвiлiн я павiнен закончыць, i гэтага моманту ён, вiдаць, чакаў. Не мела сэнсу цягнуць справу далей. I я паволi, як нiчога нiякага, пайшоў да выхаду.
- Добрай ранiцы, - сказаў святар. - Будзь дабраславёны Iсус Хрыстос!
- Вечна дабраславёны, аман! - адказаў я.
Гэта было каталiцкае прывiтанне.
- Рэдка хто бывае тут у гэты час, - сказаў ён зычлiва i паглядзеў на мяне светлымi блакiтнымi вачыма дзiцяцi.
Я нешта прамармытаў.
- На жаль, рэдка здараецца цяпер, - працягваў ён заклапочана. - Асаблiва рэдка моляцца мужчыны каля хрэснага шляху. Таму я так рады за вас i таму загаварыў з вамi. У вас, пэўна, ёсць нейкая асаблiвая просьба, раз вы так рана i ў такое надвор'е прыйшлi сюды.
"Ёсць просьба, каб ты пайшоў адсюль", - падумаў я i з палёгкай кiўнуў галавой. Дагэтуль ён, здавалася, не здагадаўся пра кветкi. Цяпер трэба было толькi хутка ўлiзнуць ад яго i не насцярожыць.
Ён зноў усмiхнуўся мне.
- Я рыхтуюся да сваёй пропаведзi i магу ўключыць вашу просьбу ў малiтву.
- Дзякуй, - сказаў я разгублена i сарамлiва.
- За спачын душы нябожчыка? - спытаў ён.
Я на момант утаропiўся на яго, мае кветкi папаўзлi пад плашчом.
- Не, - сказаў я хутка, моцна прыцiснуўшы руку да плашча.
Ён глянуў на мяне сваiмi добрымi пранiзлiвымi вачыма. Магчыма, ён чакаў, што я скажу яму, у чым справа. Але мне ў галаву нiчога не прыходзiла, i мне не хацелася хлусiць яму больш, чым трэба. Таму я прамаўчаў.
- Тады я буду малiцца за дапамогу незнаёмцу, якi трапiў у бяду, - нарэшце сказаў ён.
- Добра, - адказаў я. - Калi вам не цяжка. Я вам буду вельмi ўдзячны.
Ён з усмешкай махнуў рукой.
- Не трэба мне дзякаваць. Мы ўсе ў руках божых. - Ён яшчэ раз зiрнуў на мяне, крыху нахiлiўшы галаву, i мне здалося, быццам па яго твары нешта прамiльгнула.
- Толькi верце, - сказаў ён. - Айцец нябесны дапаможа. Ён заўсёды дапамагае, нават тады, калi мы гэтага не заўважаем. - Потым ён кiўнуў мне i пайшоў.
Я пазiраў услед яму, пакуль за iм не зачынiлiся дзверы. "Так, - падумаў я, - калi б усё было так проста!" Ён дапамагае, дапамагае заўсёды! Але цi дапамог ён Бернгарду Бiзэ, калi той ляжаў з прастрэленым жыватом у Гоўтхольцкiм лесе i крычаў, цi дапамог ён Качынскаму, якi загiнуў пад Гандзэме, пакiнуўшы хворую жонку з дзiцем, якога яшчэ не бачыў, цi дапамог ён Мюлеру, i Леру, i Кэмерыху, цi дапамог ён малому Фрыдману, i Юргенсу, i Бэргеру, i мiльёнам iншых? Пракляцце! Занадта шмат крывi пралiта ў свеце за гэткую веру ў нябеснага айца!
Я завёз кветкi дадому, потым загнаў машыну ў майстэрню i пайшоў назад. Як нi дзiўна, але ад паху кавы ў мяне стала весялей на душы. Мне ўжо было вядома з вайны: не важныя падзеi суцяшаюць чалавека. Суцяшэнне прыносяць непрыкметныя дробязi...
Не паспеў я адчынiць дзверы ў калiдор, як са свайго пакоя выскачыў Хасэ. Твар у яго быў жоўты i прыпухлы, вочы чырвоныя ад бяссоннiцы, у яго быў выгляд, быццам ён ляжаў у пасцелi ў касцюме. Калi ён убачыў мяне, па яго твары прабег цень бязмернага расчаравання.
- А, гэта вы, - прабурчаў ён.
Я здзiўлена зiрнуў на яго.
- Вы так рана кагосьцi чакаеце?
- Чакаю, - цiха адказаў ён. - Жонку. Яна не вярнулася дадому. Вы не бачылi яе?
Я пахiтаў галавой.
- Я выходзiў толькi на гадзiну.
Ён кiўнуў галавой.
- Я падумаў толькi... магло здарыцца, што вы сустракалi яе.
Я пацiснуў плячыма.
- Пэўна, прыйдзе пазней. Вы не тэлефанавалi?
Ён з нейкiм страхам глянуў на мяне.
- Учора ўвечары яна пайшла да сваiх знаёмых. Я дакладна не ведаю, дзе яны жывуць.
- А прозвiшча ведаеце? Тады можна было б спытаць у бюро даведак.
- Я ўжо спрабаваў. У бюро няма такога прозвiшча.
Ён пазiраў вачыма пабiтага сабакi.
- Яна заўсёды таiла сваiх знаёмых. Калi ж я аднаго разу нешта спытаў, яна раззлавалася. Тады я перастаў пытацца. Я быў рады, што ў яе з'явiлiся сябры. Яна заўсёды казала, што i тут я хачу ёй перашкодзiць.
- Магчыма, яна хутка прыйдзе, - сказаў я. - Я нават упэўнены, што прыйдзе. На ўсякi выпадак вы патэлефанавалi ў палiцыю?
Ён кiўнуў.
- Усюды. Там нiчога не ведаюць.
- Ну вось, - сказаў я. - Вам няма чаго хвалявацца. Магчыма, ёй зрабiлася блага, i яна засталася пераначаваць. Такое здараецца часта. Пэўна, праз гадзiну-дзве яна прыйдзе.
- Вы так думаеце?
Дзверы кухнi адчынiлiся, з'явiлася Фрыда з падносам.
- Каму гэта? - спытаў я.
- Фройляйн Хольман, - адказала яна крыху раздражнёна.
- Яна ўжо прачнулася?
- Здаецца, прачнулася, - заявiла Фрыда баявiтым голасам, - iнакш бы не пазванiла, каб я несла сняданак.
- Благаславi вас бог, Фрыда, - сказаў я. - Уранку часта я з вас нацешыцца не магу. Цi не маглi б вы прымусiць сябе згатаваць i мне каву?
Яна нешта буркнула i пайшла, пагардлiва вiхляючы задам. Яна гэта ўмела. Яна была адзiная iстота, у якой атрымлiвалася так выразна.
Хасэ чакаў. Мне раптам стала сорамна, калi я павярнуўся i ўбачыў, як аддана i цiха ён зноў стаiць каля мяне.
- Праз гадзiну-дзве вы, напэўна, пазбавiцеся сваiх турбот, - сказаў я i падаў яму руку.
Ён мне сваю не падаў, а толькi глядзеў дзiўным позiркам.
- Цi не пашукаць нам яе? - цiха спытаў ён.
- Але ж вы не ведаеце, дзе яна.
- Магчыма, яе варта было б пашукаць, - паўтарыў ён. - Калi б мы паехалi на вашай машыне... я, вядома, за ўсё заплачу... - хутка дадаў ён.
- Не ў гэтым справа, - адказаў я. - Проста... не мае сэнсу. Куды мы паедзем? Яна ж не будзе ў гэты час хадзiць па вулiцы.
- Не ведаю, - сказаў ён тым самым цiхiм голасам. - Я толькi думаю, што яе можна было б пашукаць.
Фрыда вярнулася з пустым падносам.
- Мне трэба iсцi, - сказаў я. - Мне здаецца, што вы дарма турбуецеся. Нягледзячы на гэта, я ахвотна дапамог бы вам, але фройляйн Хольман неўзабаве ад'язджае, i мне хацелася б сёння пабыць з ёй. Магчыма, гэта - апошняя яе нядзеля тут. Гэта вы, пэўна, можаце зразумець.
Ён кiўнуў галавой.
Мне было шкада яго. Але не цярпелася хутчэй пайсцi да Пат.
- Калi ўсё ж вам хочацца зараз паехаць, то ўнiзе вы можаце ўзяць таксi, сказаў я. - Але я вам не раю. Лепш крыху пачакайце яшчэ, тады я патэлефаную свайму сябру Ленцу, i ён пашукае з вамi.
Мне здавалася, што ён нават не слухае.
- Вы яе сёння ранiцай не бачылi? - раптам спытаў ён.
Подписывайтесь на наши страницы в социальных сетях.
Будьте в курсе последних книжных новинок, комментируйте, обсуждайте. Мы ждём Вас!
Похожие книги на "Тры таварышы (на белорусском языке)"
Книги похожие на "Тры таварышы (на белорусском языке)" читать онлайн или скачать бесплатно полные версии.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Отзывы о "Эрих Ремарк - Тры таварышы (на белорусском языке)"
Отзывы читателей о книге "Тры таварышы (на белорусском языке)", комментарии и мнения людей о произведении.