Николай Никонович - На мяжы загонаў (на белорусском языке)
Скачивание начинается... Если скачивание не началось автоматически, пожалуйста нажмите на эту ссылку.
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.
Описание книги "На мяжы загонаў (на белорусском языке)"
Описание и краткое содержание "На мяжы загонаў (на белорусском языке)" читать бесплатно онлайн.
Никонович Николай
На мяжы загонаў (на белорусском языке)
Мiкола Нiкановiч
На мяжы загонаў
На захадзе павольна завяла сонца.
Сцiх вецер. Сiнiя i мяккiя, як кудзеля, змрокi боязка ляглi за густымi каноплямi, за гумнiшчам. Апала дзённая спякота, i паветра зрабiлася густое, як туман, i пахучае, як затануўшыя ўдалечынi за маўклiвай ракой жытнiя прасторы.
Я, расхлiстаны i прыемна стомлены ад дзённай працы, сяджу на ганку i гляджу перад сабою за вiшнёвы сад, за паплавы, за сцены цёмна-залацiстага жыта. Мне хочацца думаць аб тым, што я зрабiў сёння, што будзе зроблена мною заўтра. Ад гэтых думак i меркаванняў мне радасна i пачуццi ў мяне такiя слаўныя.
Мо гэта яшчэ i таму, што заўтра, калi ападзе раса, мы будзем звозiць снапы са свайго палетка, дзе побач разаслалiся, як скiнуць вокам, абшары жыта жыдоўскае камуны, i па гэтых абшарах заўтра, пад жняярку, будзе вязаць снапы Саня.
Я ўбачыў яе толькi нядаўна. Выпадкова неяк сышлiся ў сельсавеце па сваiх асабiстых справах. Седзячы за даўгiм, залiтым чарнiлам, брудным сталом, яна доўга на мяне глядзела сваiмi чорнымi, як чарнiцы, вачыма, нарэшце падсунулася блiжэй i, ледзь-троху чырванеючы, кiнула:
- Цi не будзем мы суседзi?..
- Здаецца што!..
- Ага!.. Значыць, у адну дарогу!..
Зараз i пайшлi. Цэлую дарогу гаманiлi мы аб малазначным, дробязным у жыццi, але затое ў сэрцы ў кожнага ў нас засталiся глыбокiя i несцiраныя сляды нашай сустрэчы, нашай гутаркi i таго гарачага, што застаецца ў пачуццях чалавека, калi ён першы раз пакахае.
З кожным днём я прыкмячаў (на сваё здзiўленне), як у кожную маю думку паволi, спадцiшка, украдаўся яе вобраз, вырастаў ва ўсю сваю велiчыню, выцiскаў з памяцi абдуманае i апякаў маё сэрца сваiмi вялiкiмi i чорнымi, што вугалi, вачыма, з пяшчотай усмiхаўся мiлай усмешкай...
Ад гэтага ў мяне спачатку было адчуванне дзiцяцi, якому нечакана падаравалi самую любую i дарагую для яго цацку.
Я хадзiў лёгка i рабiў кожную работу з захапленнем. Аднак потым я ўжо спазнаў, што прыемная i салодкая боль сэрца ад успамiнаў аб ёй зрабiлася пакутная i немагчымая.
I, нарэшце, седзячы сёння на ганку, я перабiраў у думках меркаваннi аб жыццi i аб дзяўчыне i прыйшоў да вываду, што гэтыя чорныя вочы павiнны быць кожны дзень пры мне i грэць мяне, што гэтыя жорсткiя ад работы i здаровыя рукi павiнны злучыцца з маiмi для адной вялiкай i карыснай справы...
Саня павiнна стаць блiжэйшым у маiм жыццi таварышам.
Гусцее вечар.
Хоць яшчэ захад у малачаi, але па ўсiм небе рассыпаўся залаты мак, i маладзiк спусцiў на сонную раку свае срэбныя косы.
Аксамiтная, чорна-сiняя ранняя ноч моўчкi прыпала да роснага шоўку травы.
На пацяробе за ракою бразгае спутаны конь бляшаным званком.
Адтуль чуваць гоцанне яго ног i звон бляшанкi ад кансерваў.
Нечы высокi голас гагокае ў пералеску.
Цiш.
Над галавою, цераз хату, з свiстам рассякаючы паветра вострымi крыламi, праляцела качка i за агародам трывожна крэкнула. Крэкт яе мякка ўпаў на зямлю i прапаў без рэха.
Чую, як у камуну далёкiм шляхам варочаецца з поля трактар. Гэта ён цэлы дзень нiбы са злосцi гурчаў i плаўна поўзаў па полi. Выварочваў пад сонца чорныя, тлустыя скiбы зямлi. За iм неадлучна хадзiлi яшчэ чарнейшыя за свежы i пахучы чарназём шпакi i галкi.
Заворвалася ржышча, якое не паспела яшчэ падсохнуць.
За гумном, па мяжы, iшлi мужчыны i гаманiлi. Межы былi мокрыя i пахлi штодзённай гарачынёй, чаборам i палыном. Да майго слыху даляталi толькi адны галасы, слоў жа разабраць было нельга.
Галасы тыя былi густыя, свежыя i здаровыя. Яны паволi нараджалiся, роўна плылi i гублялiся.
Нечакана iх перабiў i пакрыў сабою дзявочы спеў.
То варочалiся з поля дамоў, у камуну, прыпозненыя жнеi.
Ад гэтых спеваў я ўстрапянуўся. А сэрца затрапятала ад адной толькi думкi:
"Там Саня!.."
Я адчынiў скрыпучыя веснiцы i, абiваючы расу, пайшоў мяжою на сцежку, кудой будуць iсцi дзяўчаты.
Здалёк матава-срэбным люстрам у цёмна-кучаравых, мазаiчных рамках блiшчыць рака. Над затокамi падняўся белы пух.
Там плёхаецца ў чаротах рыба.
Смяецца месяц. Залатымi яблыкамi павiслi над галавою зоры.
У цёмнай i мутнаватай далi рассыпаюцца спевамi i жартамi дзяўчаты. Вось яны параўнялiся са мною. Спазналi. А як слаўна цiснуць гэтыя жорсткiя запрацаваныя рукi!..
Вось i Саня.
Яна нахiнаецца да мяне зусiм блiзка. Я адчуваю яе гарачы подых, вочы яе як бы троху блiшчаць i, здаецца, праменяцца. Рука яе злёгку трымцiць, - вiдаць, хвалюецца. Усмiхаецца белымi радкамi зубоў. З-пад накругла завязанай хусткi непакорна выбiлiся на цёмны ад загару лоб чорныя стужачкi яе пышных валасоў.
Дзяўчаты наперабой жартуюць, смяюцца.
Мне чуваць, як ззаду нас туга скрыпаюць поўныя, цяжка нагружаныя фуры.
- Хто там? Адкуль яны? - пытаю я.
- Ды гэта ж нашы мужчыны звозяць жыта. Вось неяк запазнiлiся сёння... - I, памаўчаўшы, дадала: - У гэтым годзе ў нас надзвычайны ўраджай! Небывалы нават! Не ўпраўляемся звозiць. Вось i познiмся, не хочацца сухое пакiдаць на заўтра!
Дзяўчаты нас пакiнулi. I ўжо здалёку-здалёку чуваць былi iхнiя зычныя маладыя галасы.
Напаверх майго ўяўлення мiжвольна ўсплываў малюнак вялiкай рознiцы, якая так яскрава выпуклялася тут, амаль што на адных загонах: тут не паспяваюць звозiць жыта, а ў майго бацькi скупая дзесяцiна жыта, i тая з вымачкай, з недародам...
Не цешыць нiва мужыцкага вока!.. Дый адкуль будзе тая ўцеха: нiбы на пляшывай галаве валасоў, столькi было на дзесяцiне каласоў-заморкаў.
Усе гэтыя днi, як сыч, сярдзiты ходзiць мой бацька. У хаце часта i без дай прычыны падымаюцца сваркi, лаянка. Ад гэтага мацi мая, троху хваравiтая i старая кабецiна, цiха плача i праклiнае сваю долю.
Мне зусiм ясна i зразумела, ад чаго ўсё гэта, i я тады цi маўчу, цi зусiм выходжу з хаты, каб на двары за што-небудзь зачапiць рукi...
Гэтым часам вялiзныя, што горы, параконныя фуры, цяжка сакочучы на каляiнах, праехалi каля нас. Ад iх так прыемна пахла жытнiм пылам i восеццю. Я з зайздрасцю мужыцкага вока гляджу на гэты абоз золата.
Саня як быццам улавiла мае думкi.
- Наша праца акупiлася з лiшкам... Затое колькi ж мы i папрацавалi! Усе ваколiчныя смяялiся з нас, што мы займаемся глупствам: збiраем попел, закладаем кампостныя кучы, сеем на пяску лубiн. Мы цярплiва пераносiм усё гэта. I сёння сам бачыш рознiцу...
Мы пайшлi вiльготнай ад расы дарогай у камуну.
- У нас дзесяцiна жыта дала сто дзесяць пудоў! Табе дзiўна? Так!.. Так!.. - усхвалявана i з захапленнем казала яна мне. - Сто дзесяць пудоў! Гэта факт. Можа, гэта таму, што на полi ў нас трактар працуе, што мы сеем пратручаным i ачышчаным збожжам, а можа, i таму, што мы, камунары, любiм працаваць. У нас нiхто не згуляе анiводнае хвiлiны... Вельмi ж не хочацца згубiць аўтарытэт, калi на цябе, на тваю працу глядзяць сотнi сялянскiх вачэй...
Я моўчкi яе слухаў i ў думках меркаваў аб тым, што акрамя вялiкай ахвоты да працы трэба яшчэ i аўладаць нейкай такой сiлай, якая прымусiць нашу бедную зямлю радзiць так, як родзiць яна, нязрэзаная высокiмi рубцамi-межамi, на абшарах жыдоўскай камуны.
- Саня!.. - нечакана парушыў я кароткую маўчанку. - Ты мiлая... слаўная дзяўчына... Цябе за тваю працу любiць усё наша ваколiчнае сялянства... Я ў захапленнi ад цябе... Я хачу быць з табою разам... Назаўсёды...
Яна нахiнулася да мяне так, што чорныя стужкi яе валасоў дакранулiся майго гарачага твару.
Ухапiла маю руку i сцiснула.
- Пераходзь да нас... Iдзi, мы прымем!..
- Вось толькi бацька! - знячэўку вырвалася ў мяне думка.
Бацька мой з самага пачатку закладкi камуны скрыгаў на яе зубамi. Ведаў я, што ў хаце нашай будуць буры.
1929 г.
Подписывайтесь на наши страницы в социальных сетях.
Будьте в курсе последних книжных новинок, комментируйте, обсуждайте. Мы ждём Вас!
Похожие книги на "На мяжы загонаў (на белорусском языке)"
Книги похожие на "На мяжы загонаў (на белорусском языке)" читать онлайн или скачать бесплатно полные версии.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Отзывы о "Николай Никонович - На мяжы загонаў (на белорусском языке)"
Отзывы читателей о книге "На мяжы загонаў (на белорусском языке)", комментарии и мнения людей о произведении.