Фридрих Ницше - Так сказаў Заратустра (на белорусском языке)
Скачивание начинается... Если скачивание не началось автоматически, пожалуйста нажмите на эту ссылку.
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.
Описание книги "Так сказаў Заратустра (на белорусском языке)"
Описание и краткое содержание "Так сказаў Заратустра (на белорусском языке)" читать бесплатно онлайн.
"О, як мала трэба для шчасця!" - так казаў я калiсьцi i думаў, што я разумны. Але цяпер зразумеў, што гэта была няпраўда. Мудрыя вар'яты гавораць лепей.
Бо ўсё сама малое, сама цiхае i найлягчэйшае: шэлест яшчаркi, подых ветрыку, iмгненне - малое, вось што ёсць знак найлепшага шчасця. Цiха!
Што са мною: прыслухайся! Цi не адляцеў час прэч? Цi не падаю я? Цi не ўпаў я ў крынiцу вечнасцi?
Што са мною? Цiха! Я паранены - на жаль - у сэрца? У сэрца? О, разбiся, разбiся, сэрца, пасля такога шчасця, ад такое раны!
Што? У гэтае iмгненне свет не зрабiўся мне дасканалы? Круглы i спелы? О, куды ён iмчыцца, залаты шар? Пабягу за iм!
Цiха!" (I тут Заратустра пацягнуўся i зразумеў, што спаў.)
"Уставай, лежань! - сказаў ён сабе. - Уставай, калi заснуў апоўднi! Ану, падымайцеся, старыя ногi! Пара, даўно пара, яшчэ немалы кавалак дарогi перад вамi.
Вось вы i выспалiся, а цi доўга спалi? Паўвечнасцi! Ну, падымайся ж, старое сэрца! Цi многа часу табе трэба, каб прачнуцца пасля такога сну?"
(Але тут ён зноў заснуў, а душа ўсё адгаворвала яго, супрацiўлялася i прылегла зноў.) "Пакiнь мяне! Цiха! У гэта iмгненне свет цi ж не ўдасканалiўся? О залаты шар!"
"Уставай, - казаў Заратустра, - падымайся, зладзюжка, гультаiны кавалак! Што? Табе абы толькi пацягвацца, пазяхаць, уздыхаць ды падаць у глыбокiя крынiцы?
Ды хто ты ў мяне? О душа мая!" (I тут ён спалохаўся, бо сонечны прамень упаў яму на твар.)
"О неба над мною, - сказаў ён, уздыхаючы, падняўся i сеў, - гэта ты глядзiш на мяне? I слухаеш, што кажа мая дзiвосная душа?
Калi ты вып'еш гэтую кроплю расы, што ўпала на ўсё зямное, калi вып'еш ты гэтую старую душу маю,
- о крынiца вечнасцi! О светлая паўдзённая бездань, якая даводзiць да трымцення! Калi зноў убярэш ты ў сябе маю душу?"
Так сказаў Заратустра i падняўся з-пад дрэва, быццам ачуўшыся пасля нейкай дзiўнай п'янасцi: i што ж! Сонца, як i раней, стаяла проста над галавою. I з гэтага можна было справядлiва вывесцi, што гэтым разам Заратустра спаў нядоўга.
Вiтанне
Толькi пад вечар пасля доўгiх i марных пошукаў i блуканняў Заратустра вярнуўся да сваёй пячоры. Але калi ён быў ад яе не больш за дваццаць крокаў, здарылася нешта такое, чаго ён зусiм не чакаў: ён зноў пачуў моцны крык на дапамогу. I - чыстае дзiва! Гэтым разам крык ужо чуўся з пячоры. Гэта быў працяглы, дзiўны, жудасны крык, i Заратустра ясна пачуў, што крычалi адразу некалькi галасоў, хоць зводдаль яму здавалася, быццам крык быў з адных вуснаў.
Заратустра кiнуўся да пячоры, i што ж! Вось што ён убачыў: у пячоры поплеч сядзелi ўсе тыя, каго ён спаткаў за цэлы дзень, - правы кароль i левы кароль, стары чарадзей, Папа, жабрак-дабрахот, цень, сумленнiк духам, змрочны вяшчун i асёл: а сама брыдкi чалавек усклаў на сябе карону i аперазаўся двума пурпуровымi паясамi, бо, як усе агiдныя, любiў строiцца i прыхарошвацца. I Заратустраў арол таксама быў сярод гэтай панылай кампанii, увесь натапыраны i ўстрывожаны, бо яму даводзiлася адказваць за шмат чаго такога, на што гонар ягоны не меў адказу; а мудрая змяя абвiвала яго за шыю.
З вялiкiм здзiўленнем глядзеў Заратустра на ўсё гэта; потым з дабрадушнай цiкаўнасцю пачаў разглядаць сваiх гасцей, чытаючы ў кожнага ў душы, i зноў здзiўляўся. Тым часам усе паўставалi i багавейна чакалi, што ён iм скажа. I Заратустра сказаў так:
"Вы, паняверцы! Вы, дзiвосныя! Дык гэта ваш крык на дапамогу я чуў? Цяпер я ведаю, дзе знайсцi таго, каго я марна шукаў цэлы дзень - вышэйшага чалавека,
- у маёй пячоры сядзiць ён, гэты вышэйшы! Але з чаго я дзiву даюся! Цi ж не сам я завабiў яго мядоваю ахвяраю i хiтрай прынадай свайго шчасця?
Аднак здаецца мне, што вы, якiя клiчаце на дапамогу, блага пасуеце адзiн аднаму, седзячы тут разам, i будзiце ўзаемную варожасць у вашых сэрцах. Трэба, каб спярша прыйшоў нехта,
- нехта, здольны прымусiць вас зноў смяяцца, - добры вясёлы блазнюк, неслух, скакун i ветрагон, якi-небудзь стары шалапут: а вы што на гэта скажаце?
Але даруйце мне, о паняверцы, што я кажу такiмi нiкчэмнымi словамi, сапраўды нявартымi вас, высокiх маiх гасцей! Аднак вы не адгадаеце, што бадзёрыць маё сэрца:
- гэта вы самыя i выгляд ваш, даруйце ж мне гэта! Бо кожны бадзёрыцца, як толькi зiрне на паняверку; i кожны лiчыць сябе дастаткова моцным, каб суцешыць яго.
Мне самому далi вы сiлу - добры дарунак, о высокiя мае госцi! Добры дарунак за гасцiннасць! Ну што ж, не гневайцеся, калi я прапаную вам свой.
Тут царства маё i валадарства маё: i хай усё маё ў гэты вечар i ў гэтую ноч будзе ваша. Звяры мае паслужацца вам: мая пячора хай будзе вам на адпачынак!
У мяне, у маiм доме, нiхто не павiнен паняверыцца, у сваiх валоданнях я абараню кожнага ад дзiкiх звяроў ягоных. I першае, што прапаную я вам, бяспека!
А другое - мой мезенец. Як толькi мой мезенец будзе ў вас, вы схопiце i ўсю руку, ат, воля ваша!
I сэрца ў дадатак! Прашу вас, госцi, дарагiя госцейкi!"
Так сказаў Заратустра, смеючыся ад любовi i гневу. Пасля гэтага вiтання госцi спачатку пакланiлiся i пачцiва маўчалi, а кароль справа адказваў яму ад усiх.
"Па тым, як ты склаў вiтанне i падаў нам руку, мы пазнаём у табе Заратустру. Ты прынiзiўся перад намi; ты мала не зганьбiў наша пашанаванне:
- але хто здолеў бы, як ты, прынiзiцца так годна? I гэта бадзёрыць нас i дае радасць вачам i сэрцу.
Каб пабачыць такое, мы ахвотна паднялiся б на больш высокiя горы, чым гэтыя. Бо з прагаю да вiдовiшчаў прыйшлi мы сюды, мы хацелi пабачыць, што прасвятляе журботны пагляд.
I вось - наш крык на дапамогу ўжо адгучаў, мiнуўся. Ужо расхiнулiся i напоўнiлiся захапленнем нашыя пачуццi i сэрцы. Яшчэ крыху, i мужнасць нашая стане дзёрзкасцю.
Не расце на зямлi, Заратустра, нiчога больш радаснага, чым высокая моцная воля: яна - найпрыгажэйшая раслiна. Такое дрэва ацаляе ўсю мясцовасць.
Да кедра прыпадобню таго, о Заратустра, хто вырастае падобны да цябе: гонкi, маўклiвы, суровы, самотны, велiчны, гнуткi i пругкi, шляхетны,
- раскiдзiста-галiнасты над валоданнямi сваiмi; адважны субяседнiк вятроў, i бураў, i ўсяго, што адвеку блiзкае да вышыняў,
- i яшчэ больш адважны адказчык, валадар i пераможца: хто б не падняўся на высокую гару, каб пабачыць такiя дрэвы?
Тут, каля твайго дрэва, о Заратустра, ажывае нават змрочны i бязрадны: гледзячы на цябе, супакойваецца непастаянны, i гоiцца сэрца ягонае.
I сапраўды многiя позiркi звяртаюцца сёння да тваёй гары i твайго дрэва; узнiкла вялiкая туга, i многiя пытаюцца: хто такi Заратустра?
I ўсе, у чый слых ты калiсьцi па кропельцы ўлiваў сваю песню i свой мёд, усе, што адышлi ад свету, пустэльнiкi i тыя, хто самотны ўдвух, пачалi гаварыць сэрцу свайму:
"Цi жывы яшчэ Заратустра? Няварта жыць далей, усё адно ўсё марнае: альбо мы павiнны жыць з Заратустрам!"
"Чаму не прыходзiць ён, хто так даўно абвясцiў пра сябе? - так пытаюцца многiя. - Цi адасобленасць паглынула яго? Цi мы самi павiнны прыйсцi да яго?"
I вось цяпер сама адасобленасць сатлела i разбураецца, нiбы магiла, якая рассыпаецца i ўжо не можа трымаць мерцвякоў сваiх. Паўсюль вiдны ўваскрэслыя.
Усё вышэй i вышэй уздымаюцца хвалi вакол тваёй гары, о Заратустра. I якая высокая яна нi ёсць, многiя дойдуць да тваёй вышынi: нядоўга яшчэ човен твой будзе заставацца на сушы.
I што мы, спанявераныя, прыйшлi цяпер у тваю пячору i ўжо вызвалiлiся ад няверства - гэта ёсць азнака, папярэдняя азнака таго, што лепшыя за нас цяпер у дарозе да цябе,
- бо ўжо ў дарозе да цябе апошняе, што засталося ад Бога сярод людзей, менавiта: усе людзi вялiкай тугi, вялiкай агiды, вялiкай перанасычанасцi,
- кожны, хто не хоча жыць iначай, як навучыўшыся зноў спадзявацца, навучыўшыся ад цябе, Заратустра, вялiкай надзеi!"
Так гаварыў кароль справа, а пасля схапiў за руку Заратустру, каб пацалаваць у яе; але Заратустра ўхiлiўся ад гэтага знаку павагi i спалохана адступiўся назад, раптоўна i моўчкi, быццам знiк у глыбокай далечынi. Але адразу ж зноў быў з гасцямi сваiмi, глядзеў на iх ясным, выпрабавальным позiркам i гаварыў:
"О госцi мае, высокiя людзi, я хачу прамаўляць да вас па-нямецку i шчыра. Не вас я чакаў тут, у гэтых гарах".
("Па-нямецку i шчыра? Хай Бог крые! - сказаў убок кароль злева. - Вiдно, што не ведае ён нашых мiлых немцаў, гэты мудрэц з Усходу!
Ён, мабыць, хацеў сказаць "па-нямецку i груба" - памагай Бог! На нашыя часы гэта яшчэ не самы горшы густ!")
"Няхай нават усе вы, разам узятыя, - вышэйшыя людзi; але як на мяне - вы недастаткова высокiя i моцныя.
У мяне - гэта азначае: як на таго няўмольнага, якi маўчыць ува мне, але ж не вечна ён будзе маўчаць. А калi вы i не чужыя мне, дык не такiя блiзкiя, як мая правая рука.
Бо ў каго, як у вас, хворыя i слабыя ногi, таму найперш хочацца, каб лiтавалi яго, усведамляе ён гэта або хавае ад сябе.
Але нi рук, нi ног сваiх не шкадую я - я не лiтую сваiх воiнаў: так што вы няздатныя на маю вайну!
З вамi я змарнаваў бы ўсе свае перамогi. Многiя з вас пападаюць, як толькi пачуюць пошчак маiх барабанаў.
Вы недастаткова прыгожыя для мяне i недастаткова высакародныя. Чыстыя, гладкiя люстэркi патрэбныя мне на павучаннi мае; а ваша паверхня руйнуе нават мой вобраз.
Подписывайтесь на наши страницы в социальных сетях.
Будьте в курсе последних книжных новинок, комментируйте, обсуждайте. Мы ждём Вас!
Похожие книги на "Так сказаў Заратустра (на белорусском языке)"
Книги похожие на "Так сказаў Заратустра (на белорусском языке)" читать онлайн или скачать бесплатно полные версии.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Отзывы о "Фридрих Ницше - Так сказаў Заратустра (на белорусском языке)"
Отзывы читателей о книге "Так сказаў Заратустра (на белорусском языке)", комментарии и мнения людей о произведении.