Андрэ Моруа - Бiяграфiя (на белорусском языке)
Все авторские права соблюдены. Напишите нам, если Вы не согласны.
Описание книги "Бiяграфiя (на белорусском языке)"
Описание и краткое содержание "Бiяграфiя (на белорусском языке)" читать бесплатно онлайн.
Моруа Андрэ
Бiяграфiя (на белорусском языке)
Андрэ Маруа
Бiяграфiя
Пераклад: Юрка Гаўрук
Вялiзная сталовая была слаба асветлена завешанымi лямпамi. У гэтым годзе ў Лондане ўсталяваўся звычай абедаць у паўзмроку. Эрвэ Марсена, адшукаўшы сваё месца, убачыў, што ён сядзiць каля вельмi старой жанчыны, убранай у жэмчуг, лэдзi Хемптан. Ён не выявiў нездавальнення. Пажылыя жанчыны бываюць паблажлiвыя i часам расказваюць цiкавыя гiсторыi. Ну, а гэта, калi меркаваць па яе косым насмешлiвым позiрку, не была пазбаўлена жвавасцi i гумару.
- На якой мове вы жадаецце размаўляць, пан Марсена?.. Па-французску цi па-ангельску?
- Калi вам усё роўна, лэдзi Хемптан, мне лепш па-французску.
- А пiшаце вы больш на ангельскiя тэмы. Я чытала вашу кнiгу пра Джозэфа Чэмберлена. Вельмi мяне забавiла, бо ўсiх гэтых людзей я ведала... А цяпер што вы мяркуеце рабiць?
Малады француз уздыхнуў:
- Мне б хацелася намаляваць вобраз Байрана, але аб iм ужо столькi напiсана. З навiнкамi я азнаёмiўся грунтоўна. Захавалiся пiсьмы Мэры Шэлi, паперы графiнi Гвiчыёлi, але ўсё гэта апублiкавана. Мне б што-небудзь свежае, невыдадзенае, а толькi дзе яго знойдзеш.
Старая дама ўсмiхнулася:
- А калi я вам знайду нешта свежае, прыгоду Байрана абсалютна невядомую?..
Эрвэ Марсена мiжвольна зрабiў рэзкi рух, як паляўнiчы, што раптам угледзеў у кустах аленя альбо дзiка, цi як бiржавы спекулянт, нарваўшыся на акцыi, цана якiх павiнна падскочыць.
- Прыгода Байрана абсалютна невядомая? Гэта была б сенсацыя, лэдзi Хемптан, пасля ўсiх пошукаў.
- Ну, можа, я перабольшыла, сказаўшы "абсалютна невядомая"... Iмя ўжо называлi. Я маю на ўвазе лэдзi Спенсэр-Свiфт.
Эрвэ скрывiўся:
- А! Тая самая... Ведаю... Але ж пра яе сувязь з Байранам нiчога пэўнага, нiчога дакладнага.
- Дарагi пан Марсена, а вам часта трапляе ў рукi што-небудзь пэўнае ў такiх справах?
- Вельмi часта, лэдзi Хемптан. У большасцi выпадкаў ёсць пiсьмы, ёсць сведчаннi. Безумоўна, пiсьмы могуць ашукваць, а сведчаннi выклiкаць падазрэнне, iх трэба разглядаць крытычна.
Лэдзi Хемптан, павярнуўшыся да свайго суседа, навяла на яго старамодны ларнет.
- А што вы скажаце, калi я прынясу вам дзённiк лэдзi Спенсэр-Свiфт (яе iмя Пандора) таго часу, калi яна сустракалася з Байранам? I ў дадатак яго пiсьмы да яе.
Малады француз аж пачырванеў ад радасцi.
- Я скажу, як iндусы: лэдзi Хемптан, вы мой бацька i мая мацi. Вы закладаеце падмурак пад маю кнiгу... Няўжо ў вас сапраўды ёсць гэтыя дакументы? Прабачце за такое пытанне?.. Гэта так дзiўна, так нечакана!..
- Не, - адказала яна. - Я ведаю, што такiя дакументы захавалiся, але ў мяне iх няма... Яны належаць цяперашняй лэдзi Спенсэр-Свiфт, Вiкторыi, маёй сяброўцы; мы вучылiся разам у пансiёне. Яна iх нiкому дагэтуль не паказвала.
- Тады чаму яна даверыць iх мне?
- Таму што я яе папрашу... Вы яшчэ слаба ведаеце наш край, пан Марсена. Ён повен таямнiц i непрадбачанага. На гарышчах i ў падвалах нашых сельскiх замкаў схавана нямала скарбаў. Гаспадарам яны не ў галаве. I трэба дайсцi да галечы, прадаць дом цi пусцiць маёмасць з малатка, каб гэтыя архiвы з'явiлiся на свет. Спатрэбiўся здагадлiвы i ўчэпiсты амерыканец, каб славутыя паперы Босуэла вылезлi з кракетнай скрынкi, дзе яны пакрывалiся пылам.
- Вы думаеце, што здагадлiвы i ўчэпiсты француз можа мець гэтакi ж поспех без дзесяткаў тысяч даляраў, якiя той заплацiў за паперы Босуэла?
- Вiкторыя Спенсэр-Свiфт не цiкавiцца далярамi. Ёй, як i мне, больш за восемдзесят. Ёй хапае i сваiх прыбыткаў. Не, адзiнае, што яе можа прымусiць, гэта - прыхiльнасць да вас, - вядома, калi вы здолееце абудзiць сiмпатыю, а таксама надзея, што вы створыце прывабны партрэт прабабкi яе мужа.
- Лорд Спенсэр-Свiфт памёр?
- Не лорд, а баранет... Сэр Аляксандр Спенсэр-Свiфт - апошнi ў родзе носьбiт гэтага тытулу. Вiкторыя i цяпер яшчэ жыве ў тым доме, дзе пабываў Байран... Гэта ў графстве Глостэр, цудоўная сядзiба часоў Елiзаветы. Хочаце пашукаць шчасця i паехаць туды?
- З прыемнасцю... калi мяне запросяць.
- Гэта я бяру на сябе. Сёння ж вечарам напiшу Вiкторыi. Яна вас абавязкова прыме. I не палохайцеся, калi тон запрашэння будзе грубаваты. Прывiлея нашага старэчага веку, лiчыць Вiкторыя, у тым, што можна гаварыць пра ўсё так, як думаеш. Перад кiм цырымонiцца? I навошта?
* * *
Праз некалькi дзён Эрвэ Марсена праязджаў на сваёй невялiчкай машыне паўз маляўнiчыя вёскi графства Глостэр. Лета, як заўсёды, было дажджлiвае. Дрэвы i кветкi лапушылiся i буялi ад вiльгацi. Нават у самым маленькiм домiку праз вокны вiдаць былi пышныя букеты. Будынкi, складзеныя з мясцовага залацiстага каменю, вельмi прыгожага, i цяпер выглядалi гэтак жа, як у часы Шэкспiра. Эрвэ, надзвычай чулы да феерычных краявiдаў Ангельшчыны, быў зачараваны паркам Уайндхорст, дзе знаходзiлася сядзiба лэдзi Спенсэр-Свiфт. Ён ехаў пакручастымi алеямi, паўз зялёныя лужкi з акуратна падстрыжанай травой, густой як шчотка, сярод якiх узвышалiся магутныя дубы. Вакол сажалкi раслi хвашчы i папараць. Нарэшце перад iм паказаўся вялiзны асабняк, увiты дзiкiм вiнаградам. Сэрца яго закалацiлася. Ён спынiўся каля пад'езда i пазванiў. Нiхто не адгукнуўся. Пачакаўшы хвiлiн пяць, ён заўважыў, што дзвярная ручка паддаецца, адчынiў дзверы i ўвайшоў. У змрочным холе нi душы. На крэслах ляжалi плашчы i шалi. Аднак з суседняга пакоя даносiўся манатонны голас, нiбы нехта вымаўляў завучаны тэкст. Эрвэ падышоў блiжэй i ўбачыў доўгую галерэю, сцены якой былi ўпрыгожаны вялiкiмi партрэтамi. Група турыстаў акружала важнага дварэцкага ў фраку з цёмна-шэрай камiзэлькай i ў паласатых штанах.
- Вось гэта, - тлумачыў дварэцкi, паказваючы на партрэт, - сэр Уiльям Спенсэр-Свiфт (1775-1835). Ён прымаў удзел у бiтве пры Ватэрлоо, быў асабiстым другам Велiнгтона. Малюнак пэндзля сэра Томаса Лоўрэнса гэтак жа, як i побач партрэт лэдзi Спенсэр-Свiфт, жонкi сэра Ўiльяма.
Наведвальнiкi зашапталiся:
- Тая самая...
Дварэцкi, ледзь прыкметна кiўнуўшы ў знак разумення i згоды, заставаўся велiчным i сур'ёзным.
- Так, - пацвердзiў ён цiха, - тая самая, што была палюбоўнiцай лорда Байрана. У яе гонар ён напiсаў славуты санет "Да Пандоры".
Двое з групы турыстаў прадэкламавалi пачатак санета.
Дварэцкi адобрыў лёгкiм кiўком галавы:
- Вы не памылiлiся... А цяпер мы наблiжаемся да сэра Роберта Спенсэр-Свiфта, сына папярэдняга (1808- 1872). Партрэт работы Джона Мiлеса.
Нахiлiўшыся да слухачоў, як пастух да авечак, ён дадаў канфiдэнцыяльна:
- Сэр Роберт нарадзiўся за чатыры гады да прыезду лорда Байрана ў Уайндхорст.
Маладзенькая дзяўчына запытала:
- А чаго Байран прыязджаў сюды?
- Таму што ён быў другам сэра Ўiльяма.
- Вунь яно што! - згадзiлася дзяўчына.
Эрвэ Марсена адстаў ад групы, каб больш уважна разгледзець абодва партрэты. У мужа быў шырокi твар, чырвоны ад добрага вiна i свежага паветра. Ён здаваўся фанабэрыстым i сярдзiтым. Жонка была ўвасабленнем спакойнай нявiннасцi, прыгажосцi амаль нябеснай. Аднак, прыгледзеўшыся, можна было ўгадаць за чыстым позiркам вачэй прытоеную пачуццёвасць i гарэзлiвасць, нават даволi жорсткую. Малады чалавек яшчэ быў у сваiх марах, калi група турыстаў пратупала назад. Дварэцкi, нахiлiўшыся над яго вухам, ветлiва прашаптаў:
- Прабачце, сэр, цi ёсць у вас бiлет? Вы з'явiлiся пазней за ўсiх... Яны ўжо ўсё аплацiлi... Так што, калi вы жадаеце...
- Я не турыст. Лэдзi Спенсэр-Свiфт мела ласку запрасiць мяне сюды правесцi пару вольных дзён i азнаёмiцца з паперамi, якiя мяне цiкавяць.
- Прашу прабачэння, сэр. Значыць, вы i ёсць той малады француз, рэкамендаваны лэдзi Хемптан? Хвiлiначку, сэр... Я праводжу гэтых людзей, потым падымуся папярэдзiць яе мiласць. Пакой вам падрыхтаваны, сэр. Багаж у машыне?
- У мяне толькi чамаданчык.
Лэдзi Спенсэр-Свiфт у тыя днi, калi пускала ў свой замак чужаземцаў, бо гэтыя вiзiты давалi ёй права не плацiць падаткаў, самотна бавiла час у салоне на другiм паверсе. Дварэцкi прывёў француза туды. Эрвэ Марсена ўбачыў старую даму, паважную i не такую ўжо грозную. Жартаўлiвая непасрэднасць змякчала яе фанабэрыю.
- Я не знаходжу слоў, каб выказаць вам сваю падзяку, - прамовiў ён. Прыняць незнаёмага...
- Нонсэнс! - адказала яна. - Для мяне вы знаёмы. Вас адрэкамендавала мая лепшая сяброўка, i я чытала вашы кнiгi. Я даўно шукаю чалавека, якi з належным тактам апiсаў бы гэту гiсторыю. Мабыць, вы якраз той.
- Спадзяюся, мадам... Але цяжка паверыць, што пасля многiх выдатных ангельскiх бiёграфаў мне ўдалося выявiць паперы, якiя яшчэ нiдзе не публiкавалiся.
- Яно здарылася так, - сказала лэдзi Вiкторыя, - што, пакуль мой муж быў жывы, ён i блiзка нiкога не падпускаў да дзённiка маёй прабабкi. Небарака Аляксандр на гэты конт трымаўся старамодных звычаяў.
- А што, хiба ў гэтых паперах ёсць нешта... страшнае?
- Пра гэта нiчога не ведаю. Я iх не чытала. Не... Почырк такi дробненькi, што ў мяне баляць вочы, апроч таго, мы ўсе добра ведаем, пра што пiша жанчына ў дваццаць год, ды яшчэ закаханая.
- Але можа быць так, лэдзi Спенсэр-Свiфт, што я знайду ў гэтых паперах доказы... сувязi Байрана з прабабкай вашага мужа. У такiм выпадку цi дазволена будзе мне гаварыць пра ўсё?
Подписывайтесь на наши страницы в социальных сетях.
Будьте в курсе последних книжных новинок, комментируйте, обсуждайте. Мы ждём Вас!
Похожие книги на "Бiяграфiя (на белорусском языке)"
Книги похожие на "Бiяграфiя (на белорусском языке)" читать онлайн или скачать бесплатно полные версии.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Отзывы о "Андрэ Моруа - Бiяграфiя (на белорусском языке)"
Отзывы читателей о книге "Бiяграфiя (на белорусском языке)", комментарии и мнения людей о произведении.