Сомерсет Моэм - У чужой краiне (на белорусском языке)
Скачивание начинается... Если скачивание не началось автоматически, пожалуйста нажмите на эту ссылку.
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.
Описание книги "У чужой краiне (на белорусском языке)"
Описание и краткое содержание "У чужой краiне (на белорусском языке)" читать бесплатно онлайн.
Моэм Сомерсет
У чужой краiне (на белорусском языке)
Сомэрсэт Моэм
У чужой краiне
Пераклад: Вiктар Валынскi
Па натуры я заўзяты вандроўнiк, але падарожнiчаю не дзеля помнiкаў архiтэктуры, якiя дзе-нiдзе ды наганяюць нуду, не дзеля прыгожага краявiду, якi мне хутка надакучвае; я вандрую, каб сустракацца з людзьмi. Абмiнаю, аднак, вялiкiх. Нiколi не прагнуў сустрэчы з прэзiдэнтам цi каралём. Мне даволi ведаць пiсьменнiка па яго кнiгах, а мастака - па яго карцiнах; але я прайшоў пешкi каля ста лье, каб убачыць мiсiянера, пра якога расказвалi незвычайныя гiсторыi, i згадзiўся пражыць два тыднi ў найгоршым атэлi, каб толькi блiжэй пазнаёмiцца з маркёрам. Думаю, мяне ўжо не здзiвiш нiякай новай сустрэчай, але ёсць адзiн чалавечы тып, якi заўсёды можа ўразiць сваёй нетыповасцю. Гэта - ангелька, ужо ў гадах, звычайна адзiнокая, добра забяспечаная, на якую можна натрапiць у самых нечаканых мясцiнах па ўсiм свеце. Нiчога дзiўнага, калi вы пачуеце, што жыве яна ў сваёй вiле на пагорку ў наваколлi невялiкага iталiйскага гарадка, адзiная ангелька ва ўсёй акрузе, i вы, калi бачыце асабняк дзе-небудзь у Андалузii, ужо амаль што падрыхтаваны пачуць, што тут многа гадоў жыла ангельская лэдзi. Яшчэ болей здзiвiць, што адзiны белы жыхар у вялiкiм кiтайскiм горадзе - ангельская жанчына, не мiсiянер, якая жыве тут невядома чаму; другая прыжылася на выспе недзе ў Паўднёвых морах, трэцяя збудавала бунгала ў адной з вёсак у цэнтры Явы. Яны жывуць адны, гэтыя жанчыны, без сяброў, i нават не залiшне ветлiва сустракаюць вандроўнiка. Хоць i вельмi рэдка бачаць яны земляка, звычайна пройдуць мiма, напаткаўшы вас па дарозе, быццам не заўважылi. Калi вы, карыстаючыся сваiм ангельскiм паходжаннем, зробiце вiзiт, яны вас не прымуць; а калi ўсё ж такi запросяць, нальюць вам традыцыйны кубачак чаю з сярэбранага чайнiка, а на талерцы з даўнейшага форсестэрскага шкла пададуць цудоўныя шатландскiя праснакi. Размаўляць яны будуць далiкатна, быццам вас забаўляюць у кентышскiм доме свяшчэннiка, але, калi вы будзеце адыходзiць, яны не выкажуць нiякага жадання бачыць вас зноў. Цяжка зразумець, што прымушае iх не падтрымлiваць анiякiх адносiн з сябрамi i сваякамi i не цiкавiцца тым, што адбываецца на радзiме. Цi гэта менавiта тая рамантыка, якую яны шукалi, цi свабода?
Але сярод гэтых ангельскiх жанчын, з якiмi мне давялося сустракацца цi чуць пра iх (як я ўжо казаў, да iх цяжка знайсцi падыход), адна пажылая лэдзi, што жыла ў Малой Азii, найбольш мне запомнiлася. Пасля доўгага i цяжкага падарожжа прыбыў я ў невялiкi гарадок, дзе збiраўся падняцца на славутую вяршыню, i ўладкаваўся ў старым атэлi каля падножжа гары. Я прыехаў позна ўначы, запiсаў сваё прозвiшча ў кнiзе i падняўся ў пакой. Было даволi холадна, i я, распранаючыся, пецепваўся, але ў гэты момант нехта пастукаў у дзверы i ўвайшоў драгаман*.
* Перакладнiк (на Ўсходзе).
- Паклон ад сiньёры Нiкалiнi, - сказаў ён.
На маё дзiва, ён падаў грэлку. Я з удзячнасцю ўзяў яе.
- Хто гэта сiньёра Нiкалiнi? - спытаўся я.
- Гаспадыня гэтага атэля, - растлумачыў ён.
Я перадаў ёй маю падзяку, i ён пайшоў. Нiяк я не чакаў, што ў Малой Азii ў гэтай богам забытай гасцiнiцы мне пададуць грэлку з цёплай вадой. Мне гэта было самае прыемнае на свеце (калi б вам не надакучыла да смерцi вайна, я расказаў бы, як шэсць чалавек, рызыкуючы жыццём, пайшлi па грэлку ў замак у Фландрыi, якi ў гэты час абстрэльвалi з артылерыi); i ранiцай, каб падзякаваць ёй асабiста, я спытаўся, цi можна пабачыць сiньёру Нiкалiнi. Чакаючы яе, я ламаў галаву, адкуль у Iталii магла апынуцца грэлка. Праз хвiлiну гаспадыня прыйшла. Гэта была мажная жанчына, у чорным фартуху, упрыгожаным карункамi, i ў маленькiм чорным каптурыку таксама ў карунках. Яна стала, склаўшы накрыж рукi. Мяне ўразiў яе выгляд - яна была надта падобная на ахмiстрыню з багатага ангельскага дома.
- Вы жадалi мяне бачыць, сэр?
Яна была ангелька, i па гэтых некалькiх словах я беспамылкова распазнаў у яе лёгкi акцэнт кокнi*.
* Лонданскае прастамоўе, ужываецца ва ўсходняй частцы горада.
- Я хачу падзякаваць вам за грэлку з цёплай вадой, - адказаў я, чамусьцi бянтэжачыся.
- Я ўбачыла ў кнiзе прыезджых, што вы ангелец, сэр, а я заўсёды прыношу грэлку з цёплай вадой ангельскiм панам.
- Шчырае вам дзякуй, яна была вельмi дарэчы.
- Я многа гадоў слугавала нябожчыку лорду Ормскiрку, сэр. Ён заўсёды падарожнiчаў з грэлкай. Вам яшчэ што-небудзь трэба, сэр?
- Пакуль што не, дзякуй.
Яна далiкатна пакланiлася i выйшла. А я доўга потым думаў, як магло здарыцца, што гэтая цiкавая пажылая ангелька апынулася гаспадыняй атэля ў Малой Азii. Было нялёгка завесцi з ёю знаёмства, яна добра ведала сваё месца, якое сама сабе вызначыла, i трымалася ад мяне на адлегласцi. Служба ў прыстойнай ангельскай сям'i не прайшла бясследна i наклала на сiньёру Нiкалiнi пэўны адбiтак. Але дзякуючы маёй настойлiвасцi, я ўрэшце быў запрошаны на кубачак чаю ў яе невялiчкую гасцiную. Я дазнаўся, што яна працавала пакаёўкай у нейкай лэдзi Ормскiрк, а сiньёр Нiкалiнi (толькi так дазваляла яна сабе называць нябожчыка мужа) служыў у маёнтку кухарам. Сiньёр Нiкалiнi быў вельмi прывабны мужчына, i ўжо некалькi гадоў да замужжа яна з iм сустракалася. Яны назбiралi патрэбную суму i пажанiлiся. Пакiнулi служыць i вырашылi купiць атэль. Прыдбалi гэтую гасцiнiцу па аб'яве, таму што сiньёр Нiкалiнi хацеў пабачыць свету. Гэта было амаль трыццаць гадоў назад, а ўжо пятнаццаць, як няма сiньёра Нiкалiнi. За ўвесь час удава нi разу не пабывала ў Ангельшчыне. Я пацiкавiўся, цi не сумавала яна па радзiме.
- Не скажу, што не хацела пабыць дома, хоць i ведала, што там многае змянiлася. Бацькi былi супраць майго шлюбу з чужаземцам, i з таго часу я не падтрымлiваю з iмi адносiн. Вядома, тут шмат чаго не так, як у мяне на радзiме. Дзiва, але надта хутка прызвычайваешся. Многа пабачыла я ў жыццi. Не ведаю, цi змагла б я жыць так сумна i нецiкава, як жывуць, напрыклад, у Лондане.
Я ўсмiхнуўся. Словы гэтыя анiяк не стасавалiся з яе манерамi. Яна была ўзорам этыкету. Неверагодна, што гэтая жанчына больш за трыццаць гадоў пражыла ў такой дзiкай, амаль варварскай краiне, i гэта на ёй не адбiлася. Хоць турэцкай мовы я не ведаў, а яна размаўляла на ёй лёгка, я быў упэўнены, што гаворыць яна з памылкамi, дый таксама акцэнт кокнi вельмi адчуваецца. Яна, прайшоўшы праз усе выпрабаваннi i дзякуючы здольнасцi нiколi не дзiвiцца, засталася той адпаведна выхаванай ангельскай служанкай, што добра ведае сваё месца. Успрымала ўсё, як нешта само па сабе зразумелае. Яна бачыла ў кожным неангельцы iншаземца, таму - амаль прыдуркаватага чалавека, што заўсёды трэба прымаць у разлiк. Яна кiравала сваiмi падначаленымi дэспатычна - няўжо яна не ведае, як у багатым доме старшая чэлядзь павiнна паказваць сваю ўладу над iншымi слугамi, што стаяць нiжэй? - i такiм чынам у атэлi заўсёды падтрымлiвалiся парадак i чысцiня.
- Раблю ўсё, што магу, - сказала яна, пачцiва склаўшы накрыж рукi, як заўсёды рабiла, калi гаварыла са мною. - Зразумела, нельга чакаць ад iншаземцаў такiх жа разумных думак, як ад нас. Мой гаспадар звычайна гаварыў мне: "Паркер, у гэтай штодзённай мiтусне, у якой мы жывём, трэба цвёрда весцi сваю лiнiю".
Сiньёра Нiколiнi падрыхтавала найвялiкшы сюрпрыз у дзень майго ад'езду.
- Я вельмi рада, што вы не паедзеце, не пазнаёмiўшыся з маiмi сынамi.
- А я i не ведаў, што ў вас ёсць дзецi.
- Яны ездзiлi па справах, але вось-вось павiнны вярнуцца. Вы, вядома, здзiвiцеся, калi iх убачыце. Я выгадавала iх, як кажуць, сваiмi рукамi. Калi я памру, яны абодва стануць гаспадарамi гэтага атэля.
Праз нейкi час у хол увайшлi два высокiя, смуглявыя, маладыя хлопцы. Вочы ў жанчыны засвяцiлiся ад радасцi. А сыны падышлi да мацi, абнялi яе i моцна пацалавалi.
- Яны не гавораць па-ангельску, сэр, але крышачку разумеюць. Ну i, вядома, валодаюць турэцкай мовай, як мясцовыя, а таксама - грэчаскай i iталiйскай.
Я пацiснуў iм рукi, потым сiньёра Нiкалiнi нешта сказала, i яны пайшлi.
- У вас прыгожыя хлопцы, сiньёра, - сказаў я. - Вы, пэўна, ганарыцеся iмi.
- А як жа, сэр. Слаўныя хлопцы, абодва. З самага нараджэння не мела я з iмi клопату, а галоўнае, яны надта падобныя на сiньёра Нiкалiнi.
- Ведаеце, нiколi не здагадаешся, што мацi ў iх ангелька.
- А я не зусiм iх мацi, сэр. Я толькi што пасылала iх праведаць яе.
Шчыра кажучы, я быў трохi збiты з толку.
- Гэта дзецi сiньёра Нiкалiнi i грачанкi, што працавала ў нашым атэлi. У мяне не было сваiх дзяцей, i я iх усынавiла.
Я не ведаў, што сказаць, таму маўчаў.
- Я спадзяюся, што вы не падумалi нiчога кепскага пра сiньёра Нiкалiнi, сказала яна, блiжэй падсоўваючыся да мяне, - мне хацелася б, каб вы так не думалi, сэр.
I яна зноў скрыжавала на грудзях рукi i з гонарам i задаволена дадала:
- Сiньёр Нiкалiнi быў вельмi тэмпераментны мужчына.
Подписывайтесь на наши страницы в социальных сетях.
Будьте в курсе последних книжных новинок, комментируйте, обсуждайте. Мы ждём Вас!
Похожие книги на "У чужой краiне (на белорусском языке)"
Книги похожие на "У чужой краiне (на белорусском языке)" читать онлайн или скачать бесплатно полные версии.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Отзывы о "Сомерсет Моэм - У чужой краiне (на белорусском языке)"
Отзывы читателей о книге "У чужой краiне (на белорусском языке)", комментарии и мнения людей о произведении.