Анри Гуго - Нябожчыкi i прывiды (на белорусском языке)
Скачивание начинается... Если скачивание не началось автоматически, пожалуйста нажмите на эту ссылку.
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.
Описание книги "Нябожчыкi i прывiды (на белорусском языке)"
Описание и краткое содержание "Нябожчыкi i прывiды (на белорусском языке)" читать бесплатно онлайн.
Гуго Анри
Нябожчыкi i прывiды (на белорусском языке)
Анры Гуго
Нябожчыкi i прывiды
Пераклад: Л. Казыра
12 верасня 1322 года манах Сiкрэ, сакратар суда Святой iнквiзiцыi горада Тулузы, вёў пратакол допыту Жана Цiсрана. Справа была самая звычайная, калi не сказаць дробная. Пра гэта сведчыла i спакойная абстаноўка, якая панавала на працэсе. Праўда, Жан Цiсран абвiнавачваўся ў даволi рэдкiм злачынстве, аднак здзейснена яно было без умяшання сатаны, i таму, напэўна, галоўны абвiнаваўца епiскап Турб'е - хударлявы суровы чалавек не надта багатага, але надзвычай вострага розуму - лагодна, амаль што па-бацькоўску вёў допыт. Такую лагоднасць у наш час зрэдку дазваляюць сабе камiсары палiцыi, калi маюць справу з маладымi неспрактыкаванымi злачынцамi. Падобна было на тое, што змiрыўся са сваёй няшчаснай доляй i Жан Цiсран, якi ўсё жыццё быў парабкам i наймаўся на службу да заможных людзей. Вось якiя паказаннi ён даў на судзе:
- Перад самым вялiкаднем з волi боскай i мiласцi пробашча царквы св. Эцьена быў я прыняты на службу. Занятак мой быў вельмi просты: штодня пасля вячэрняй службы павiнен я быў прыбраць, падмесцi i памыць падлогу ў царкве. Неяк апоўначы, калi ўсе ўжо даўно разышлiся, я заўважыў каля калоны чалавека ў багатай дарагой вопратцы. Ён паказаў мне знакам падысцi блiжэй. Я падышоў, асвяцiў лiхтаром яго твар i не паверыў сваiм вачам: перада мной стаяў пан Гiём Давi - знатны купец, у якога я калiсьцi служыў. Усю маю iстоту ахапiў жудасны страх, бо я добра ведаў, што пан Гiём Давi паўгода таму назад памёр. Я ўпаў на каленi i пачаў малiцца, нi на секунду не сумняваючыся, што перада мной прывiд нябожчыка.
Ён цiхенька папрасiў мяне ўстаць i сказаў вось гэтыя словы:
"Дарагi Жан, перад табой здань мая, якая вярнулася з таго свету, каб папрасiць цябе зрабiць мне адну паслугу. Незадоўга да маёй смерцi я пазычыў чатыры залатыя экю ў свайго дваюраднага брата Арно, якога ты добра ведаеш. Не паспеў я вярнуць гэты доўг. Таму прашу цябе: сёння ж зайдзi ў мой дом. Там, у матрацы на маiм ложку, ты знойдзеш кашалёк. Вазьмi яго i занясi Арно. Папрасi ў яго прабачэння за такую затрымку i перадай, што я яму вельмi ўдзячны".
Я паабяцаў пану Гiёму, што зраблю ўсё, як ён прасiў. Трохi пасмялеўшы, запытаўся ў яго, цi даводзiлася яму сустракаць на тым свеце анёлаў i д'яблаў. Ён неяк жаласна паглядзеў на мяне, нiчога не адказаў i знiк з маiх вачэй. Больш я яго нiколi не бачыў.
- А цi ведаеш ты, сын мой, - з усмешкай спытаўся епiскап Турб'е (ох, як добра я сабе ўяўляю гэтую паблажлiвую епiскапскую ўхмылачку), - цi ведаеш ты, сын мой, што не ў каталiцкiм гэта звычаi - сустракацца з нябожчыкамi? Мацi наша царква вучыць, што месца нябожчыкаў дзе? Або пекла, або чысцец, або рай. Нiякiх прывiдаў i зданяў нябожчыкаў мы не прызнаём, а значыць, бачаннi твае, сын мой, ерэтычныя.
З пакорлiвай наiўнасцю, уласцiвай беднякам, Жан стаў прасiцца:
- Няхай бог баронiць мяне ад ерасi, монсеньёр! Усё жыццё быў я адданы царкве. I цалкам пагаджаюся з вамi, што бачаннi мае не да твару сапраўднаму каталiку. Прашу вас, монсеньёр, лiчыце, што нiякiх бачанняў у мяне не было.
- Але ж, - зноў загаварыў епiскап Турб'е, - пан Арно засведчыў нам, што нябожчык Давi быў вiнаваты яму чатыры залатыя экю, якiя ты яму i вярнуў. Якiм жа чынам даведаўся ты, што Гiём Давi пазычыў гэтыя грошы ў Арно?
- Монсеньёр, я пра гэты доўг нiчога не ведаў. Ды i як мог я пра гэта ведаць, калi ўжо два гады не служу ў Гiёма Давi?!
...На гэтым пратакол допыту Жана Цiсрана заканчваецца. Хутчэй за ўсё iнквiзiтар стамiўся ад шчырых прызнанняў сваёй ахвяры, спынiў усе размовы i засудзiў бедака на дзесяць гадоў ссылкi.
Жан мусiў пакiнуць горад i стаў бадзягам. Сляды гэтага чалавека згубiлiся б канчаткова, калi б яго не падабраў адзiн вясковы святар. Жан ужо гатоў быў памерцi з голаду i холаду. Гэты святар прыняў споведзь бадзягi i палiчыў яго душэўныя пакуты такiмi надзвычайнымi, што апiсаў iх на пергаменце. Вось што гаворыцца ў гэтым дакуменце, якi нядаўна быў знойдзены ў руiнах адной пiрэнейскай царквы археолагам Жэрменам Солiсам:
"Я, Жан Цiсран, прызнаюся, што ў 1322 годзе ў царкве святога Эцьена бачыў прывiд майго былога гаспадара, нябожчыка Гiёма Давi. За тое, што я з хрысцiянскае мiласэрнасцi згадзiўся выканаць адну невялiкую просьбу вышэйпамянёнага прывiда, мяне судзiлi, прызналi ерэтыком i епiскап Турб'е выслаў мяне з Тулузы. Без грошай, без харчу, без добрай вопраткi доўга бадзяўся я па краiне i нарэшце дайшоў аж да мiжземнаморскага ўзбярэжжа. Тут i заспела мяне зiма. Чаго я нацярпеўся, колькi гора хлебануў - аднаму богу вядома. Як не хацелася мне памiраць на чужыне! Шмат перадумаў я, доўга сумняваўся i такi адважыўся парушыць закон ды вярнуцца ў Тулузу. I вось па дарозе ў родныя мясцiны даведаўся я, што некалькi месяцаў таму назад епiскап Турб'е аддаў богу душу. Скажу шчыра: навiна гэтая мяне зусiм не засмуцiла. Я нават падумаў тады, што сам лёс нарэшце ўсмiхнуўся мне, i смялей рушыў дамоў. Ды дарога была не блiзкая. А галодны, зняможаны, я ўжо ледзьве валок ногi. Ох, як няпроста было дапрасiцца ў людзей хоць лустачку хлеба! Аднаго разу спынiўся я вечарам на начлег у нейкай пустой аўчарнi. Сеў на парозе, загараваў, задумаўся i раптам бачу: iдзе да мяне высокi хударлявы чалавек у мантыi, вышытай золатам. Баючыся, што перада мной зноў прывiд, я заплюшчыў вочы, каб, не дай божа, яшчэ раз не ўпасцi ў ерась. I тут пачуўся знаёмы лагодны голас:
- Жан Цiсран, паглядзi на мяне, я не зраблю табе нiчога благога.
Я расплюшчыў вочы: перада мной стаяў епiскап Турб'е! Ад жудасцi я задыхнуўся i ледзь здолеў прашаптаць:
- А-а-а, хiба вы не нябожчык?!
- Так яно i ёсць, сын мой, - горка прамовiў епiскап. - Мне патрэбна твая дапамога.
- Монсеньёр, - у адчаi заенчыў я, - я столькi адпакутаваў з вашай ласкi! Не ўблытвайце мяне ў вашы справы! Малю вас!
Тады ён папрасiў мяне дараваць яму, што я ахвотна i зрабiў. Ён хацеў, каб я вярнуўся ў Тулузу i сустрэўся там з адной знакамiтай дамай, iмя якой я не хацеў бы называць. Даме гэтай мне трэба было перадаць, каб яна пры зручнай нагодзе зайшла ў епiскапскi дом i ў адным патаемным месцы, якое падрабязна было мне апiсана, узяла пэўную суму грошай на выхаванне сына, якога яна мела... ад епiскапа... Нiколi не ўзнiкала ў мяне жадання выканаць гэтае даручэнне. Ад цяжкай хваробы памiраю я ў гэтым прыветным доме i дзякую богу, што не ерэтыком, а шчырым каталiком адыходжу ў свет лепшы..."
На гэтым споведзь абрываецца. Пергамент, на якiм яна была запiсана, быў надзейна схаваны. Пра гэта паклапацiўся бедны вясковы святар, якi ў цяжкую гадзiну даў Жану прытулак у сваiм доме. Я сказаў: бедны. Гэта не зусiм так. Справа ў тым, што бедным ён ужо не доўга заставаўся. Ён сам выканаў тое, што даручалася Жану. Але толькi напалову. Свяшчэннiк (мы ведаем нават яго прозвiшча: Сары) наведаў епiскапскi дом у Тулузе i забраў з тайнiка грошы, прызначаныя на выхаванне незаконнанароджанага сына Турб'е. За тыя грошы ён купiў сабе ў хуткiм часе сан епiскапа. Шмат хто лiчыць, што такiм чынам сам бог аддзячыў яму за дабрачыннасць i любоў да блiжняга. Можа, яно i так... А яшчэ праз некалькi гадоў атрымаў ён пасаду галоўнага абвiнаваўцы ў судзе Святой iнквiзiцыi...
Подписывайтесь на наши страницы в социальных сетях.
Будьте в курсе последних книжных новинок, комментируйте, обсуждайте. Мы ждём Вас!
Похожие книги на "Нябожчыкi i прывiды (на белорусском языке)"
Книги похожие на "Нябожчыкi i прывiды (на белорусском языке)" читать онлайн или скачать бесплатно полные версии.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Отзывы о "Анри Гуго - Нябожчыкi i прывiды (на белорусском языке)"
Отзывы читателей о книге "Нябожчыкi i прывiды (на белорусском языке)", комментарии и мнения людей о произведении.