Мопассан Де - У моры (на белорусском языке)
Скачивание начинается... Если скачивание не началось автоматически, пожалуйста нажмите на эту ссылку.
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.
Описание книги "У моры (на белорусском языке)"
Описание и краткое содержание "У моры (на белорусском языке)" читать бесплатно онлайн.
Де Мопассан Ги
У моры (на белорусском языке)
Гi дэ Мапасан
У моры
Пераклад: Змiцер Колас
Анры Сэару
Надоечы ў газетах можна было прачытаць такiя радкi:
Булёнь-сюр-Мэр, 22 студзеня. - Нам падаюць: "Насельнiцтва нашых узбярэжных раёнаў, якое так папакутавала апошнiя два гады, прыгнечана новым жахлiвым няшчасцем. Пры ўваходзе ў гавань рыбацкае судна, якiм кiраваў яго ўладальнiк Жавэль, было адкiнута на захад i раструшчана аб скалы каля хвалярэза дамбы.
Нягледзячы на намаганнi ратавальнага судна i на выкiнутыя канаты, чацвёра рыбакоў i юнга загiнулi.
Непагадзь трывае. Небяспека новых стыхiйных няшчасцяў застаецца".
Хто гэты судаўладальнiк Жавэль? Цi не брат аднарукага?
Калi гэты небарака, якi быў знесены хвалямi i, вiдаць, загiнуў пад рэшткамi свайго разбiтага на трэскi карабля, i ёсць той, пра каго я думаю, дык васемнаццаць гадоў таму ён быў сведка другой драмы, таксама простай i жахлiвай, як i ўсе векапомныя трагедыi ў моры.
Жавэль-старэйшы быў тады ўладальнiкам траўлера. Траўлер - гэта выдатнае судна, найлепшым чынам прыстасаванае для рыбацтва. Моцна збудаваны, так што яго не страшыць нiякая непагадзь, з пукатым сподам, ён гайдаецца на хвалях i заўсёды, як корак, застаецца на паверхнi. Пад бясконцымi ўдарамi рэзкiх, салёных вятроў Ла-Манша ён нястомна працуе ў моры, на надзьмутых ветразях цягнучы збоку вялiзную сетку, якая шкрабе дно акiяна, адрывае i валочыць за сабой усялякiх жывёлiн, што паснулi сярод скал, пляскатых рыб, што папрытульвалiся да жвiру, цяжкiх крабаў з крукастымi клюшнямi, гамараў з вострымi вусамi.
Калi дзьме не вельмi моцны вецер i спакайнеюць хвалi, судна пачынае ловы. Яго сетка, умацаваная на доўгай, абабiтай бляхаю жардзiне, спускаецца на двух канатах, якiя слiзгочуць па калаўротах з абодвух канцоў судна. I траўлер, дрэйфуючы па волi ветру i плынi, цягне за сабой гэтую прыладу, якая пустошыць i вынiшчае марскiя нiвы.
На борце разам з Жавэлем былi яго малодшы брат, чатыры рыбакi i юнга. Калi выходзiлi з Булонi на ловы, стаяла яснае надвор'е.
Аднак неўзабаве ўзняўся вецер, i яго шалёныя шквалы прымусiлi траўлер кiнуцца наўцёкi. Яны падышлi да берагоў Ангельшчыны, але ўздыбленае мора абрушвалася на скалы, кiдалася на сушу, i ўвайсцi ў гавань магчымасцi не было. Невялiчкае судна зноў выйшла ў мора i вярнулася да берагоў Францыi. Навальнiца па-ранейшаму не давала магчымасцi прайсцi мiж молаў, яна агарнула пенай, грукам i небяспекай усе падыходы да якога-колечы прыстанку.
Траўлер iзноў павярнуў назад, закуляўся па марскiх валах, загайдаўся, захiстаўся, захлынаючыся пад моцнымi ўдарамi хваляў, але, не зважаючы на гэта, бадзёры, звыклы да бур, якiя яго часам прымушалi па пяць-шэсць дзён блукаць мiж дзвюх суседнiх краiн, не маючы магчымасцi прыстаць да якога-небудзь берага.
Нарэшце, калi судна было ў вольным моры, ураган утаймаваўся, i, хоць хвалi былi яшчэ даволi высокiя, гаспадар загадаў закiнуць сетку.
I вось вялiзная рыбацкая прылада была перакiнута цераз борт, i рыбакi двое на носе i двое на карме, - круцячы калаўроты, пачалi выпускаць канаты, якiя яе трымалi. Раптам сетка даткнулася да дна, малодшы Жавэль, якi стаяў на носе i кiраваў спускам сеткi, пахiснуўся, i яго рука апынулася памiж канатам, якi на хвiлiну аслабiўся ў момант штуршка, i калаўротам, па якiм той слiзгаў. Жавэль зрабiў адчайнае намаганне, спрабуючы другой рукой падняць канат, але сетка ўжо адышла, i напяты канат не паддаваўся.
Скурчыўшыся ад болю, ён пачаў крычаць. Усе збеглiся. Старэйшы брат пакiнуў стырно. Усе налеглi на канат, намагаючыся выслабанiць зацiснутую руку. Але ўсё было дарэмна. "Трэба рэзаць", - сказаў адзiн матрос i выняў з кiшэнi доўгi нож, якi мог бы за два ўдары выратаваць руку малодшаму Жавэлю.
Але рэзаць канат азначала згубiць сетку, а сетка каштавала грошай, шмат грошай - паўтары тысячы франкаў; i належала яна Жавэлю-старэйшаму, якi шанаваў свой набытак.
З сэрцам, поўным роспачы, ён крыкнуў: "Не, не рэж, чакай! Зараз, я павярну бокам да ветру". Ён пабег да стырна i рэзка павярнуў яго.
Але судна падпарадкоўвалася з вялiкаю цяжкасцю, паралiзаванае сеткай, яно страцiла рухавасць, i, акрамя таго, яго несла ветрам i плынню.
Сашчапiўшы зубы, Жавэль-малодшы ўкленчыў, вочы яго блукалi. Ён маўчаў. Зноў падбег старэйшы брат, з апаскай зiрнуў на нож у матроса: "Чакай, чакай, не рэж! Трэба кiнуць якар!"
Якар быў кiнуты, увесь ланцуг выпушчаны, тады пачалi круцiць калаўрот, каб паслабiць канаты, што трымалi сетку. Нарэшце яны паслаблi, i змярцвелая рука ў скрываўленым ваўняным рукаве была вызваленая.
Жавэль-малодшы, здавалася, ачмурэў. З яго сцягнулi нацельнiк i ўбачылi нешта пачварнае, куламесу з мяса i крывi, якая лiлася ракой, нiбы яе гнала помпай. Хлопец зiрнуў на сваю руку i прашаптаў: "Гамон".
Урэшце, заўважыўшы, што на мосце карабля ўтварылася цэлая лужына крывi, адзiн матрос крыкнуў: "Ён гэтак увесь сплыве, трэба перавязаць вену".
Яны ўзялi аборку, тоўстую, чорную, прасмоленую аборку i, агарнуўшы ёю руку вышэй за рану, як найтужэй нацягнулi яе. Цурок патроху пачаў меншаць, i нарэшце кроў спынiлася зусiм.
Жавэль-малодшы ўстаў, яго рука бяссiльна матлялася збоку. Ён памацаў яе, прыўзняў, пакруцiў, патрос. Усё было ўшчэнт разадранае, косцi пераламаныя; толькi цяглiцы яшчэ трымалi гэты кавалак яго цела. Ён задуменна глядзеў на руку згаслым позiркам. Потым сеў на згорнуты ветразь, i прыяцелi параiлi яму ўвесь час палiваць рану, каб не было агнявiцы.
Перад iм паставiлi вядро, i ён, чэрпаючы з яго конаўкай, пачаў прамываць жахлiвую рану тонкiм цурком празрыстай вады.
- Табе б лепей пайсцi ўнiз, - сказаў яму брат. Ён спусцiўся, але праз гадзiну падняўся зноў, бо ў адзiноце адчуваў сябе нiякавата. Ды i наогул, яму лепш было на вольным паветры. Ён iзноў усеўся на ветразь i пачаў палiваць руку.
Ловы iшлi добра. Вялiкiя белабрухiя рыбiны каля яго ног бiлiся ў смяротных сутаргах. Ён глядзеў на iх, безупынку абмываючы знявечаную плоць.
Калi ўжо падплывалi да Булонi, наляцеў новы парыў ветру; невялiчкае судна зноў шалёна загойсала, пачало падскокваць i куляцца, трасучы параненага небараку.
Настала ноч. Навальнiца не ўтаймоўвалася да свiтанку. Калi ж сонца ўзышло, яны зноў убачылi ўзбярэжжа Ангельшчыны, але мора было ўжо не такое грознае, i яны, лавiруючы, паплылi да Францыi.
Надвячоркам Жавэль-малодшы паклiкаў прыяцеляў i паказаў iм чорныя плямы, брыдкую адзнаку гнiення на той частцы рукi, якая ўжо ледзь трымалася.
Пазiраючы на iх, рыбакi выказвалi свае думкi.
- Напэўна-такi, вогнiк, - меркаваў адзiн.
- Мо трэба б яе салёнай вадой, - прапанаваў Другi.
Прынеслi салёнай вады i палiлi рану. Паранены ўвесь збялеў, заскрыгатаў зубамi, скурчыўся, але не закрычаў.
Калi пякота сцiхла, ён сказаў брату: "Дай нож".
Той падаў.
- Трымай мне руку на вiсу, выпрастай, так, цяпер цягнi.
Усё было зроблена, як ён прасiў.
Тады ён сам узяўся рэзаць. Ён рэзаў пацiху, з развагай, адцiнаючы астатнiя жылы вострым, як галец, лязом; нарэшце ад рукi засталася адна кукса. Ён глыбока ўздыхнуў i прамовiў:
- Так было трэба. Усё роўна ўжо ёй быў гамон.
Мяркуючы па ўсiм, яму палегчала, ён дыхаў цяпер вальней. I зноў пачаў палiваць ваду на абсечаны кавалак, якi застаўся замест рукi.
Ноч здарылася лiхая, i падысцi да берага па-ранейшаму было немагчыма.
Калi развiднела, Жавэль-малодшы ўзяў сваю адцятую руку i доўга яе разглядаў. Праявы гнiення былi вiдавочныя. Прыяцелi таксама падышлi паглядзець, перадавалi яе адзiн аднаму, мацалi, круцiлi, нюхалi.
Брат сказаў:
- Ну, усё, трэба выкiнуць яе ў мора.
Але Жавэль-малодшы незалюбiў:
- Э, ну не! Ну ўжо не! Не дам! Тут ужо мне вырашаць - цi не? - рука мая!
Ён узяў руку i паклаў яе памiж ног.
- Усё роўна ж яна згнiе, - сказаў старэйшы.
Тады параненаму прыйшла iдэя. Каб захаваць рыбу падчас доўгiх вандраванняў у моры, яе кладуць у бочкi з соллю. Ён спытаўся:
- А што, калi яе пакласцi ў лёк?
- Але, праўда, - згадзiлiся астатнiя.
Адну з бочак, ужо поўную ўловам апошнiх дзён, апаражнiлi i на самае дно паклалi руку. Зверху яе засыпалi соллю, а потым адну за адной заклалi рыбу назад.
Адзiн з матросаў пажартаваў:
- Толькi не прадаць бы яе на кiрмашы.
Усе засмяялiся, маўчалi толькi два Жавэлi.
Вецер дзьмуў гэтак жа моцна. I яны зноў лавiравалi непадалёку ад Булонi сама да дзесятай гадзiны наступнага дня. Паранены бесперастанку абмываў рану вадой.
Час ад часу ён уставаў i пачынаў хадзiць туды-сюды па судне.
Стоячы каля стырна, яго брат сачыў за iм i моўчкi кiваў галавой.
Нарэшце яны ўвайшлi ў порт.
Лекар агледзеў рану i сказаў, што справа iдзе на папраўку. Ён наклаў глухую павязку i прызначыў адпачынак. Але Жавэль не захацеў легчы ў ложак, не забраўшы сваёй рукi, i паспяшаўся ў порт, каб знайсцi бочку, якую пазначыў крыжам.
Пры iм бочка была вывернута, i ён зноў завалодаў кавалкам свайго цела, якi добра захаваўся ў лёку, зморшчыўся, пасвяжэў. Ён загарнуў руку ў сурвэтку, якую прынёс наўмысна, i пайшоў дадому.
Подписывайтесь на наши страницы в социальных сетях.
Будьте в курсе последних книжных новинок, комментируйте, обсуждайте. Мы ждём Вас!
Похожие книги на "У моры (на белорусском языке)"
Книги похожие на "У моры (на белорусском языке)" читать онлайн или скачать бесплатно полные версии.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Отзывы о "Мопассан Де - У моры (на белорусском языке)"
Отзывы читателей о книге "У моры (на белорусском языке)", комментарии и мнения людей о произведении.