Л Дайнеко - Чалавек з брыльянтавым сэрцам (на белорусском языке)
Скачивание начинается... Если скачивание не началось автоматически, пожалуйста нажмите на эту ссылку.
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.
Описание книги "Чалавек з брыльянтавым сэрцам (на белорусском языке)"
Описание и краткое содержание "Чалавек з брыльянтавым сэрцам (на белорусском языке)" читать бесплатно онлайн.
Вера Хрысцiнюк весела засмяялася. Клён, наадварот, пазмрачнеў, сцiснуў губы, пасля некаторай паўзы раздражнёна спытаў:
- Дык павашаму атрымлiваецца, што я певень?
- Ты што? - паляпаў яго на плячы Радаслаў. - Ты, Клён, самы стопрацэнтны чалавек - чалавек з вялiкай лiтары, як раней любiлi пiсаць белетрысты. Надышла ноч. На планеце Вар не бывае таго пераходнага часу сутак, якi зямляне называюць вечарам. Неба адразу зрабiлася густа-зялёным, быццам Iнклiна са старадаўняй бутэлькi. Перасталi лётаць, селi ў свае гнёзды крангi. Узняўся парывiсты, даволi халодны вецер. Ён тут дзьме толькi ўначы.
- Дзе ж начуюць плазмоiды? - задумлiва сказаў Радаслаў Буслейка, бо наўкол, куды нi скiруй вока, не стаяла нiякiх будынкаў. Толькi купкi тулураў, дрэў, у якiх фасфарычна свяцiлася кара, былi раскiданы ў безжыццёвай зялёнапясчанай пустынi.
Нiбы адказваючы на пытанне стрэсаператара, пачулася звонкае шчоўканне расчынiлiся дзесяткi металiчных люкаў. Ручайкамi пабег па закрыўках пясок.
- Значыць, яны жывуць у зямлi, у норах, - разгублена прамовiў Клён, спынiўшыся перад адным з такiх люкаў.
- Не спяшайся з абагульненнямi, малады чалавек, - паправiў яго Радаслаў. - У нашым разуменнi нара - гэта тое месца, якое насяляюць звяры або змеi цi берагавыя птушкi. Але ў дадзеным выпадку мы маем справу з высокаразвiтай цывiлiзацыяй, i я не думаю, каб плазмоiды называлi сваё жытло нарою. Пэўна ж, у iх маецца нейкi iншы назоў.
- Ну няхай гэта будзе палац, - iранiчна сказаў Клён.
Ён не паспеў нiчога дадаць, бо раптоўна моцны парыў ветру ўцягнуў, усмактаў iх усiх у люк. Там была абсалютная цемра.
- Дзе вы, Радаслаў? Дайце мне руку, - войкнула Вера.
Яны апынулiся ў эластычным, не надта шырокiм i не надта вузкiм, а якраз па чалавечай фiгуры, рукаве, падобным на той, пры дапамозе якога ратуюцца ў час пажару людзi з ахопленых полымем высокiх паверхаў. Пад цяжарам уласных целаў усе заслiзгалi ўнiз. Гэтае нястрымнае падзенне доўжылася хвiлiны тры-чатыры. Калi ўзнялiся на ногi, то ўбачылi светлую шарападобную залу дыяметрам каля пятнаццацi метраў, падобную на жылы адсек касмiчнага карабля. Не мелася нiякай мэблi - хоць бы крэсла, хоць бы канапка. Адно пад столлю вiселi тры гамакi.
- А як жа я? - строга сказала Вера Хрысцiнюк. - Па-першае, я не сплю па сорак восем гадзiн, а па-другое, я - жанчына, а тут, як я разумею, нейкi мужчынскi iнтэрнат.
Зялёны шар, што следам за iмi з'явiўся ў зале, выскачыўшы з таго ж рукава, нерухома завiс над Верай. Пасля кароткай паўзы крайнi ад левай сцяны гамак апусцiўся нiжэй, пачулася мернае гудзенне, потым прыглушаны воплеск, i блакiтнае прыгожае воблака шчыльна акружыла, зрабiла нябачным гамак. Запахла нейкiмi вясновымi зямнымi кветкамi.
- Там тваё месца, жыхарка не нашай планеты, - пачцiва прамовiў плазмоiд.
Залезлi ў гамакi, i адразу ўсiх змарыў сон, хоць Клён Дубровiч пад чэснае слова пакляўся Радаславу i Веры, што не засне, а будзе сачыць за ўсiм, што адбываецца ў "трубе". Трубою ён назваў iхнi спальны пакой. Ды загучала цiхая музыка, сатканая з аднастайнага шуму дажджу, з шолаху лiсця, са свiсту ветру i спакойнага рокату начнога мора...
Калi зямляне моцна заснулi, над iхнiмi тварамi нiзка-нiзка, ледзь не датыкаючыся да лба, застылi тры празрыстыя малочна-попельныя шары, "чытальнiкi думак i настаўнiкi адзiна магчымай мудрасцi". Яны пiльна ўзiралiся ў самыя патаемныя глыбiнi чалавечага мозгу, якi спаў, але не ўвесь. Нейкiя яго цэнтры працягвалi сачыць за рухам крывi i дыханнем, за няспыннай працай сэрца i абменам рэчываў. На тварах у людзей прабягалi то светлыя ўсмешкi, падобныя на сонечныя зайчыкi, то змрочныя халодныя хмурынкi. Усё гэта старанна фiксавалася плазмоiдамi, перадавалася на вялiзны шарэкран, якi знаходзiўся ў Аддзяленнi Розума Народаў Усiх Сямi Колераў (АРНУСК) на планеце Вар. Там не спалi трыццаць плазмоiдаў. З найвялiкшай увагай яны сачылi за тым, што бясстрасна, не ўтойваючы нi драбнiцы, паказваў экран. Сны людзей з Зямлi, мужчыны, жанчыны i падлетка, былi афарбаваны ў розныя колеры. У мужчынскiм сне пераважалi чырвоныя i залатыя адценнi, упэўненая яркасць i сакавiтасць, трывалы спакой i сiла. На экране iшлi бясконцыя людскiя натоўпы, нешта спявалi, крычалi; выцiраючы са шчокаў загарэлым кулаком пот, пажылы зямлянiн з цёплай сiвiзной у валасах касiў касой густую траву, з якой спалохана выляталi маленькiя птушачкi; нехта сiнявокi i шыракаплечы паiў, стоячы па калена ў рачной вадзе, каня. Дамiнантай сноў-мрояў мужчыны па iменi Радаслаў былi словы: "Нельга абяссэнсваць ("пазбаўляць сэнсу", - удакладнiў экран) жыццё продкаў". Духоўнае напаўненне жанчыны бачылася жаўтлявым, фiялетавым, зялёным. Нейкiя хвалi i дробныя кветкi; восеньскае размяклае лiсце, што налiпла на халоднае марозлiвае шкло вокнаў; рыжаватыя пушыстыя вавёркi, якiя спрытна слiзгаюць па верхавiнах дрэў. Дамiнантаю ўсяго гэтага выступiлi на экране словы: "Я такая кволая". Падлетак паўстаў перад плазмоiдамi нябесна-блакiтным i свiнцова-шэрым. Як Акiян, што плешчацца дзесьцi на няўтульнай планеце (iншая справа - Вар!) Зямля. У ягоным сне грымела, неўтаймоўна бушавала агнiстая музыка, танцавалi даўганогiя, надта худыя дзяўчаткi, каратыст рэзкiмi ўдарамi ног i рук валiў на зямлю чырванатварага здаравiлу. У ягоным сне ўладарнiчалi рух, шалёны рытм. Дамiнантаю ж пульсавала думка-стрыжань: "Бацька, я не падвяду цябе".
Патух шар-экран, трыццаць плазмоiдаў расплылiся ў розныя бакi, каб самаадключыцца на цэлых сорак восем гадзiн, а чытальнiкi думак i настаўнiкi адзiна магчымай мудрасцi пачалi ўкараняць у мозг спячых зямлян iнфармацыю аб планеце Вар. Зямляне бачылi бязмежную касмiчную прастору, мiрыяды зорак i астэроiдаў, туманнасцi, чорныя дзiркi, яркiя хвасты камет, абломкi касмiчных караблёў, мiжзоркавыя навуковыя станцыi. Космас быў, як добра звараны апетытны булён, срэбная лыжка Месяца блiшчала ў iм. Космас вабiў да сябе галiнастым белым дрэвам Млечнага Шляху. Потым перад вачамi ў сонных зямлян забушавалi, распачалi сваю адвечную стралянiну сонечныя пратуберанцы. Яны ўзвiвалiся, як вогненныя лiяны, як шчупальцы жудасных залатавокiх i медназубых драконаў. Усё палала, хадзiла клубком, плавiлася, лiлося... З гэтай неймавернай мартэнаўскай печы з аглушальным грукатам выстрэльвалiся цэлыя акiяны плазмы. Чорнае бязмежжа глытала iх, але яны ляцелi зноў i зноў, як фантастычныя феерверкi, як слёзы багоў. Гэта было i самазабойства i самаўзнаўленне. Прырода шукала iсцiну. Плазма была той нябеснай спермай, што ўпарта i мэтанакiравана расцякалася, разбягалася па ўсiм Сусвеце, каб напаткаць тое, у судакрананнi з чым успыхне iскра жыцця. I вось пакацiлiся па сухой пясчанай раўнiне блiскучыя зiхоткiя шары. Iх - сотнi, тысячы, дзесяткi тысяч...
Пры такiм вiдовiшчы падлетак, пэўна спалохаўшыся, рэзка махнуў правай рукой i ледзь не ўдарыў плазмоiда, што вiсеў над ягоным тварам. Плазмоiд пудлiва сiгануў пад самую столь.
А праз сорак восем гадзiн сну (яны праляцелi, як шэсць - восем зямных) Радаслава, Веру i Клёна запрасiлi на сняданак.
- Цiкава, што ядуць i як ядуць на гэтай планеце? - прамовiў Клён i борзда пакiраваўся ўслед за зялёным плазмоiдам, бо страўнiк ягоны, як ён сам прызнаўся, ужо даўно "iграў марш".
Але нiчога звышарыгiнальнага не прапанавалi. На нiзкiх каменных столiках ляжала ў глiняных сподках нейкая салата i ярка-сiнiя кiславатыя плады.
- А я думаў, што нас падключаць да разетак i будзем мы харчавацца электрычнасцю, - змрачнавата пажартаваў Клён, бо тутэйшая кулiнарыя глыбока яго расчаравала.
- Як гэта падключаць? - не зразумела Вера.
- Ноздрамi, - адрэзаў Клён. Маючы вельмi няпросты характар, ён зноў пачаў злаваць на Веру Хрысцiнюк, успомнiўшы яе салодкiя ўсмешачкi i буркатлiвы галасок, калi яна размаўляла з ягоным бацькам.
- Малады чалавек, хiба так сапраўдныя джэнтльмены размаўляюць з дамай? I не забывайся, што мы твае хросныя мацi i бацька, - паспрабаваў перавесцi ўсё на жарт Радаслаў, ды не надта атрымалася.
Так супала, што на планеце Вар адзначаўся Дзень Забiтага Брата. З самай ранiцы сотнi тысяч плазмоiдаў павольна i ўрачыста ляцелi ў бок Ракi Адноўленых Твараў, прычым ляцелi прадстаўнiкi ўсiх сямi кланаў. Старая Цывiлiзацыя арганiзавала шматфарбнае грандыёзнае прадстаўленне, на якое, вядома ж, былi запрошаны i зямляне.
Дзеля чаго задумвалася некалi гэта свяшчэннадзейства? Цяжка знайсцi вычарпальны адказ. Адно вiдавочна - плазмоiды, доўгi час жывучы на адной планеце з людзьмi, значна раней людзей навучылiся вельмi высока цанiць канкрэтнае жыццё кожнага канкрэтнага iндывiдуума. У той час, калi першабытныя людзi трымалiся толькi статкам, разумелi сябе ў суровым жорсткiм свеце маленькай нiкчэмнай часцiнкай усясiльнага статка, плазмоiды (кожны ў паасобку) вычленiлi сябе, сваю непаўторнасць з шэрай аднароднай масы. I як адразу ж змянiлася, як павесялела жыццё! З'явiлася сем кланаў i адпаведна сем колераў. Вельмi востра пачала адчувацца трагiчнасць знiкнення, самараспаду. Асаблiва гэта тычылася тых, што памiралi не сваёй натуральнай смерцю, а былi знiшчаны ў час бясконцых войнаў, калi чорнае неба распорвалi незлiчоныя электрычныя разрады, калi з грамападобным грукатам узрывалiся жэралы вулканаў i неслася па схiлах кiпучая лава, ператвараючы металы i камянi ў ваду. Плазмоiд забiваў плазмоiда. Панаваў культ вайны, бясспрэчнай была думка, за якую праз стагоддзi ўхапiлiся японскiя самураi: "Як бы дорага нi каштаваў меч, ён заўсёды акупiць сябе". I вось адбыўся пералом, зрух, прарыў. Старая Цывiлiзацыя зразумела, што, у рэшце рэшт, яна можа знiшчыць самую сябе. Адразу расцвiў культ Авеля, нявiнна забiтага брата. Плазмоiды, як прыроджаныя капiiсты, поўнасцю запазычылi яго ў людзей, у чалавецтва. Вось чаму на 223 годзе Вялiкай Эры Плюралiзму зямляне Радаслаў Буслейка, Вера Хрысцiнюк i Клён Дубровiч, стоячы на металiчным беразе Ракi Адноўленых Твараў, што цячэ па таямнiчай планеце Вар, з вялiкай цiкавасцю сачылi за тым, як святкуецца Дзень Забiтага Брата. Каласальная фiгура Авеля, уся ў белым, узвышалася на паўночным беразе ракi. Плазмоiды i зямляне знаходзiлiся на паўднёвым беразе. Па абодва бакi вакол Авеля маўклiва стаялi сотнi, калi не тысячы, такiх жа белых, маўклiвых, але значна меншых постацей. Зямляне адразу адзначылi, што Старая Цывiлiзацыя выкарыстоўвае ў гэтай сваёй мiстэрыi толькi чалавечыя фiгуры, пазбягаючы, невядома з якой мэтай, шарападрбных формаў. Тут, канечне ж, была не сляпая выпадковасць, а заканамернасць. Радаславу падумалася, што плазмоiды, значна старэйшыя за чалавецтва, iнстынктыўна цягнуцца да людзей, як дарослы цягнецца, горнецца да малога дзiцяцi, бо бачыць у iм натуральную прыгажосць i непасрэднасць, бачыць будучыню i свежы розум, якому яшчэ мудрэць i мудрэць. Вера Хрысцiнюк, як i кожная зямная жанчына, заўсёды баялася папаўнець, "страцiць талiю", i таму лiчыла шар не звышiдэальнай формай iснавання плазмы (а гэта менавiта так), а проста сiмвалам пульхнасцi. Клён жа Дубровiч яшчэ толькi ўваходзiў у спартыўны ўзрост, i круглыя плазмоiды i плазмоiдзiкi мiжволi асацыiравалiся ў яго з футбольнымi i баскетбольнымi мячыкамi. Вось якi раскiд думак меўся ў зямлян, калi яны назiралi, як святкуецца на планеце Вар Дзень Забiтага Брата. Аказалася, што ў яго ёсць яшчэ адна назва - Дзень Ажыўлення, i менавiта дзеля ажыўлення сваiх родных па клане i сабралiся тут усе плазмоiды. Вярнуць iснаванне, жыццё можна толькi тому, хто памёр не сваёй, а гвалтоўнай смерцю. Той жа, каго забрала старэчая нямогласць, ужо не мог аднавiцца на планеце Вар, бо страцiў iнтарэс да жыцця, а навошта жыць, калi гэта табе нецiкава? Як i на Зямлi, адразу ж знайшоўся гiд. Заўважана, i заўважана даўно, што ўсе больш-менш разумныя iстоты надта любяць быць гiдамi, любяць павучаць, расказваць, паказваць i г.д. Такiм гiдам стаў Талеркiй Сiнi Восемдзесят Трэцi. Адрэкамендаваўшыся Радаславу, Веры i Клёну, гэты сiмпатычны сiнi плазмоiд натхнёна прачытаў кароткую лекцыю аб усiх насельнiках цудоўнай планеты Вар. Аказваецца, саманазва плазмоiдаў, якiя пастаянна жывуць на планеце, талеркii. Яны iстотна адрознiваюцца ад плазмоiдаў з Зямлi, з'яўляючыся асобнай расай. Кожны мае лятучую талерку. Жывуць у вулкане, там i падзараджаюцца. Калi пражыве талеркiй роўна тысячу гадоў, то пераплаўляецца ў новага, прымаючы чарговы парадкавы нумар. Напрыклад, пераплавiўшыся, Талеркiй 102, робiцца Талеркiем 103, i гэтак бясконца. Ростам яны не вышэй за паўтара метра. Хто атрымаецца хаця б на сантыметр вышэйшым, таго адразу ж пераплаўляюць. Кланы ў талеркiяў, як i ў астатнiх плазмоiдаў, вядуцца па сямi колерах сонечнага спектра. Рэгулярна даволi шматлiкiя эскадрыллi талеркiяў лётаюць з Талеркiяны (так яны мiж сабой называюць планету Вар) на Зямлю. Таемна (толькi ноччу, калi людзi спяць) назiраюць за людзьмi. Ён, Талеркiй Сiнi 83, назiраў ажно чатыры разы. Знаходзячыся на Зямлi, начуюць на правадах электралiнiй высокага напружання. Не пераносяць дзённага зямнога святла. Калi ў Эўропе разгараецца дзень, пералятаюць у Амерыку, i наадварот. Вельмi, можна сказаць, надзвычай любяць наведваць цыркi i крытыя стадыёны. Там, маскiруючыся, лепяцца да столi, прымаючы форму плафонаў электрасвяцiльнiкаў. Любяць глядзець бой быкоў, карыду i пеўневыя баi.
Подписывайтесь на наши страницы в социальных сетях.
Будьте в курсе последних книжных новинок, комментируйте, обсуждайте. Мы ждём Вас!
Похожие книги на "Чалавек з брыльянтавым сэрцам (на белорусском языке)"
Книги похожие на "Чалавек з брыльянтавым сэрцам (на белорусском языке)" читать онлайн или скачать бесплатно полные версии.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Отзывы о "Л Дайнеко - Чалавек з брыльянтавым сэрцам (на белорусском языке)"
Отзывы читателей о книге "Чалавек з брыльянтавым сэрцам (на белорусском языке)", комментарии и мнения людей о произведении.